"Інсітная субкультура"

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Аляксандр ЛЯЙКО, кіраўнік творчай суполкі самабытных мастакоў
Кірую клубам “Прырода і фантазія”, чвэрць стагоддзя ўзначальваю калектыў майстроў наіўнага мастацтва. А пачалося ўсё ў 1968-м, калі некалькі аматараў арганізавалі і правялі першую выстаўку ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў, а потым пачалі дзейнічаць пры Доме прыроды.

/i/content/pi/cult/561/12292/5-5.jpgМы ладзілі цудоўныя выстаўкі ў сталіцы, наведвалі Расію, Германію. А ў 1970-м да нас завітала народная артыстка СССР Стэфанія Міхайлаўна Станюта. Прынесла біжутэрыю і пластыку прыродных формаў, што зрабіла сама. Гэтыя экспанаты і па сёння здзіўляюць шчырасцю… Вось так паступова ствараўся наш клуб. Месціліся мы па адрасе Берасцянская, 17, тварылі, марылі, здзяйснялі, вучыліся і вучылі іншых.

Але клуб з уласным памяшканнем праіснаваў нядоўга. Як ні дапамагала Стэфанія Міхайлаўна, засталося нас толькі сем чалавек. Нягледзячы на адсутнасць памяшкання, распачалі акцыю пад дэвізам “Стварай дабро!” З таго часу ладзім выстаўкі ў бібліятэках, шпіталях, там, дзе знаходзім неабыякавых аднадумцаў. А гэта не толькі сталіца, але і Талачын, Круглае, Чэрвень, Лагойск… Нас ужо варта ў кнігу рэкордаў заносіць, бо працуем актыўна, але… без капейкі ў кішэні. Нас падтрымліваюць энтузіясты на месцах, тыя, каму зразумела, што прыгажосць выратуе свет.

Менавіта дзякуючы такім энтузіястам людзі ў розных кутках краіны могуць спрычыніцца да жывапісу, стужкавага дызайну, піраграфіі, макрамэ, вышыўкі, батыка, акварэлі…

А Стэфанія Станюта, якая пайшла з жыцця ў 2000-м годзе, і па сёння згадваецца як пачэсны ўдзельнік клуба. Яе калекцыя і цяпер застаецца адной з самых яркіх у нашых зборах, што захоўваюцца па кватэрах кожнага з нас.

Імкнёмся аб’яднаць непрафесійных аматараў творчасці, стараемся захаваць самабытнае мастацтва, навучыць бачыць незвычайнае ў звычайным. Але, як вы разумееце, умоў для правядзення майстар-класаў няма ў нас аніякіх. Колькі паперы сапсавана… Мы пішам заяўкі ў розныя інстанцыі, але апроч адпісак нічога не атрымліваем. Між тым, Беларусі патрэбны, мы перакананы, музей інсітнага мастацтва. А нам адказваюць, што трэба, маўляў, з адвечным мастацтвам разабрацца, а потым ужо і “інсітную субкультуру” прасоўваць.

Так, клуб наш не мае званняў “узорны” ці “народны”. Але мы за імі і не гонімся. Проста не стае паразумення з чыноўнікамі. Пры яго наяўнасці маглі б зрабіць для прапаганды мастацтва ўдвая больш.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"