Маленькі мужны Рыцар Кіно

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

У сумятні апошніх дзён перад фестывалем “Лістапад” прыйшла сумная навіна — Алы Пятроўны Бабковай больш няма... І адразу стала незразумелым, як жа цяпер будуць праходзіць фестывалі, паказы, абмеркаванні... Рэтраспектывы і вечарыны ў Музеі гісторыі беларускага кіно... Як жа мы цяпер без яе, ўсюдыіснай і нястомнай?

/i/content/pi/cult/561/12291/5-1.jpgАла Пятроўна любіла нацыянальнае кінамастацтва і вельмі ярка, жыва перажывала за ўсе яго поспехі і няўдачы. А больш за ўсё — за яго аўтараў, класікаў і дэбютантаў. Практычна ўсе, хто так ці інакш быў звязаны з нацыянальным кінапрацэсам, адчулі на сабе яе шчырую ўвагу. Аб сваіх калегах яна клапацілася на старонках выданняў, у якія пісала, апантана, да апошняга дня, імкнулася прадугледзець нават, здавалася б, побытавыя дробязі. І нездарма развітвацца з Алай Пятроўнай прыехалі практычна ўсе кінематаграфісты, якія былі на той момант у Мінску. Так развітваюцца апошнім часам далёка не з усімі калегамі.

Ала Пятроўна была нязменным удзельнікам усіх мерапрыемстваў, паказаў і дыскусій. Больш за тое, іх ініцыятарам, нястрымным рухавіком Беларускага саюза кінематаграфістаў на працягу дзесяцігоддзяў яго існавання. Менавіта Ала Пятроўна да 90-х угодкаў нашага кіно рэалізавала маштабны праект “Рэйтынг беларускіх фільмаў” для часопіса “Мастацтва”.

Дзейнасць у прынцыпе была ў натуры Алы Бабковай: на ўсіх падзеях яна нязменна прысутнічала з нататнікам і ручкай — здаецца, працавала нават падчас адпачынку. І з асаблівай цікавасцю ды дбайнасцю — з маладымі. Удзельнічала ў журы і арганізацыйных камітэтах кінашкол, конкурсаў, любых ініцыятыў, звязаных з будучыняй айчыннага кінамастацтва. Прычым, не толькі з аўтарамі фільмаў, але і з крытыкамі, журналістамі. Здавалася б, для яе не існавала ні ценю прафесійнай канкурэнцыі, наадварот, адно толькі жаданне дапамагчы і падняць субяседніка на чарговую прафесійную прыступку. Апошнія гады Ала Пятроўна была яшчэ і добраахвотным памочнікам Мінскага міжнароднага фестывалю “Лістапад”, на высокім узроўні займалася каталогам форуму.

Ала Бабкова прыйшла ў беларускае кіно не выпадкова. Яна займала ў ім сваё ўнікальнае, толькі ёй адной уласцівае месца, нязменна з самаадданасцю рамантыка ўстаючы на яго абарону. Часам у адзіночку. Смелы, нязломны Рыцар Кіно. Ваша жыццё прайшло не дарма: вы пакінулі ў ім яркі, энергічны след. Светлая памяць Вам, Ала Пятроўна!..

Фота Алы ТКАЧЭНКА