Аркестр на ўсе часы і стылі

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста рэспублікі, прафесара Міхаіла Фінберга не так часта выступае на сцэне сталічнай філармоніі. Некалькі гадоў таму адзін з запланаваных канцэртаў увогуле не адбыўся, бо на рэпетыцыі ў Вялікай зале са столі ўпала тынкоўка і будынак зачынілі на рамонт. Таму напярэдадні чатырохдзённага праекта “Шлягеры на ўсе часы”, які прайшоў 24 — 27 сакавіка, злыя языкі жартавалі: маўляў, што ж павінна абваліцца ці абрынуцца на гэты раз?

 /i/content/pi/cult/155/1229/Arkestr.jpg

Міхаіл Фінберг і Святаслаў Бэлза падчас аўтарскага вечара Аскара Фельцмана.

“Прадказанне” збылося: на музыкантаў абрынуўся сапраўдны шквал апладысментаў. Былі парушаны многія стэрэатыпы ўспрымання гэтага калектыву. Зрэшты, і не дзіўна, бо фінбергаўцы даўно ўжо самі парушаюць стэрэатыпы нашай эстрады. Вось толькі ці ўсе пра гэта ведаюць? Выступае аркестр пераважна па малых гарадах, тыя канцэрты звычайна не транслююцца. Але ж гэты цыкл шлягераў — запісаны тэлебачаннем. І калі ён трапіць на тэлеэкраны, літаральна ўсе змогуць пераканацца ў новых якасцях славутага аркестра.
Канцэрт адкрыцця ўразіў не столькі парадаксальнасцю назвы “Джаз і класіка” (маўляў, ці мала ў нас песенна-джазавай класікі!), не столькі прынцыпам чаргавання аднаго з другім (падумаеш, паралельная драматургія!), колькі самім напаўненнем надзвычай разнапланавай праграмы.
Бо ў якасці класікі гучалі і Варыяцыі на тэму Паганіні, і часткі Струннага квартэта № 1 нашага сучасніка, маладжавага ў свае “50 з хвосцікам” беларускага кампазітара Уладзіміра Кур’яна, і Уверцюра да оперы “Севільскі цырульнік” Расіні, і музыка дэ Фалья — тэмпераментнага іспанца першай паловы ХХ стагоддзя, а таксама Вівальдзі, чый 330-гадовы юбілей адзначаўся ў гэтыя дні па ўсім свеце. Дый як папраўдзе бездакорна ўсё гэта выконвалася! А як жа інакш, калі, акрамя найбольш “раскручанага” фінбергаўскага Біг-бэнда, ігралі і камерныя склады Нацыянальнага канцэртнага аркестра, у рэпертуары якіх многа не толькі сусветнай, але і беларускай класікі розных эпох.
Калі ж з камерным аркестрам пад кіраўніцтвам Валерыя Сарокі саліраваў лаўрэат міжнародных конкурсаў Арцём Шышкоў, нават самыя заўзятыя меламаны, прыхільнікі адно высокага мастацтва маглі змахнуць слязу са шчакі — настолькі сугучна было яго выразнае скрыпічнае канцэртаванне стылёва дакладнаму голасу аркестра.
А кантраст белых сцэнічных строяў музыкантаў-струннікаў і чорнага адзення Біг-бэнда (гэты калектыў сядзеў на сцэне ўвесь канцэрт, камерныя ж склады побач з ім — змяняліся) утвараў, як заўважыў вядучы Святаслаў Бэлза, адчуванне шахматнай гульні, поўнай не меншага эмацыйнага напалу за іншыя спаборніцтвы.
Дый усе наступныя канцэрты можна было параўнаць са спаборніцтвам, нават своеасаблівым “конкурсам спевакоў”. Кожны з салістаў Нацыянальнага канцэртнага аркестра выконваў па дзве кантрастныя песні запар (у першы вечар — Мікаэла Тарывердзіева, у другі — Аскара Фельцмана, у трэці — розных аўтараў), “абавязковыя” (дакладней, “манаграфічныя”) праграмы змяніліся адвольнай. Але ж перамагла нават не дружба, як кажуць звычайна, а — музыка. Узнагародай жа стала прызнанне публікі: ніводны з салістаў не сыходзіў без кветак.
На ўсіх канцэртах панавала рамантычна-ўзнёслая, настальгічна-акадэмічная атмасфера. Не было гэткіх “кардынальных” рымейкаў, што змянялі б музыку да непазнавальнасці, наадварот,— новыя аранжыроўкі, памножаныя на амаль ідэальны баланс гучання, тонка “падсвечвалі” натуральныя фарбы аўтарскіх арыгіналаў.
Каларытнае шматгалоссе бэк-вакалу, выдатныя джазавыя імправізацыі ператваралі “проста пройгрышы” ў сапраўдныя выйгрышы. Многія з салістаў паўсталі ў нечакана новым стылёваэмацыйным іміджы, даказаўшы, што прафесіяналам падуладна ўсё. Так што падвесці вынік вельмі проста: гэта яшчэ адзін відавочны крок наперад нашага папраўдзе унікальнага калектыву.

Надзея БУНЦЭВІЧ
Фота Юрыя ІВАНОВА