Мільярды на рамонты і...

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Брэстчына: вынікі Дзяржпраграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015
Завяршаць тую ці іншую працу заўсёды прыемна: азіраючыся назад, бачыш, як ішоў да мэты, якія праблемы ці перашкоды былі пераадолены на шляху, што ўдалося зрабіць так, як меркавалася, а да чаго, што называецца, рукі пакуль так і не дайшлі. Вось і “К” вырашыла падвесці вынікі тых мерапрыемстваў, якія было запланавана зладзіць паводле Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады, паглядзець, што атрымалася, а што не, а таксама ацаніць тое, на чым можна будзе засяродзіць увагу ў будучым... Каб атрымаць больш-менш аб’ектыўную “карцінку” пра зробленае-нязробленае ў рамках Дзяржпраграмы, “К” прысвеціць “разбору палётаў” асобны артыкул для кожнай з абласцей краіны. Першая ў нашым шэрагу — Брэстчына.

/i/content/pi/cult/561/12288/4-1.jpg“Чакаем наступную!”

Спачатку звернемся да той часткі Дзяржпраграмы, якая прысвечана Брэсцкай вобласці. Тут цягам пяці гадоў былі запланаваны рамонты кінатэатраў ва ўсіх раёнах, рэстаўрацыйныя ды кансервацыйныя работы на 10 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны, набыццё камп’ютараў і найноўшага абсталявання для клубаў і бібліятэк, музычных інструментаў для школ мастацтваў, а таксама прадугледжана папаўненне фондаў раённых музейных устаноў.

І галоўны вынік тут, бадай што, адзіны — большасць з запланаванага ўдалося дасягнуць. Прынамсі, менавіта такое ўражанне ў мяне склалася пасля гутарак з прадстаўнікамі шэрагу раёнаў Брэсцкай вобласці. Напрыклад, на Століншчыне, па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі мясцовага райвыканкама Васіля Зарубы, сёлета Дзяржпраграмай “Культура Беларусі” было прадугледжана вылучэнне каля 350 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы былі выкарыстаны, у прыватнасці, на закупку прадметаў для музейных фондаў, на набыццё камп’ютарнай тэхнікі для бібліятэк, электронных выданняў і тыфлаабсталявання для карыстальнікаў з парушэннямі зроку, на набыццё сцэнічных касцюмаў і музычных інструментаў. Акрамя таго, з названай сумы прыкладна 150 мільёнаў рублёў пайшлі на кансервацыю будынка былой сінагогі, што месціцца ў райцэнтры.

У Брэсцкім раёне сродкі Дзяржпраграмы таксама выкарыстоўваліся згодна з планам: напрыклад, кожная з 8 дзіцячых школ мастацтваў раёна мае сёння па чатыры новыя музычныя інструменты. Такой масіраванай закупкі, па словах начальніка аддзела ІРКСМ Брэсцкага райвыканкама Ларысы Балашовай, не было ў раёне бадай гадоў дваццаць!

Набытыя новыя стыльныя сцэнічныя касцюмы, як кажа суразмоўца, надалі імпульс творчасці ўдзельнікаў аматарскіх ансамбляў “Медунічкі”, “Славія”, “Экспромт” і некаторых іншых калектываў. Абнавілі канцэртныя касцюмы і музыканты народнага інструментальнага ансамбля настаўнікаў Чэрнінскай ДШМ. Шэраг сельскіх Дамоў культуры і клубаў змаглі набыць новыя акустычныя сістэмы, светлавое абсталяванне, мікшэрныя пульты і іншую апаратуру, неабходную ў працы.

— На сёння інфармацыйныя тэхналогіі атрымалі ў раёне шырокае распаўсюджанне, — адзначыла Ларыса Балашова. — Яшчэ на пачатак 2011 года ніводная клубная ўстанова і ДШМ не былі камп’ютарызаваны і падключаны да сеткі Інтэрнэт, толькі ў 10 бібліятэках раёна меліся камп’ютары. Так што Дзяржпраграма нам вельмі дапамагла.

Сёння 10 Дамоў культуры, 4 ДШМ і 17 бібліятэк маюць сучасную камп’ютарную тэхніку, падключаныя да Інтэрнэту. Да канца 2015 года запланавана набыццё яшчэ 12 адзінак камп’ютарнай тэхнікі, падключэнне да Інтэрнэту яшчэ некалькіх устаноў культуры. А гісторыка-мемарыяльны музей “Сядзіба Нямцэвічаў” і раённая бібліятэка ўжо сёння актыўна папулярызуюць свае магчымасці, вядуць інфармацыйную, краязнаўчую працу з дапамогай уласных сайтаў. Да таго ж варта згадаць, што за кошт бюджэтных сродкаў была зроблена рэстаўрацыя Крыжаўзвіжанскай царквы 1678 года пабудовы, што месціцца ў аграгарадку “Вістычы”.

— Ацэньваю выкананне Дзяржпраграмы за гэтыя пяць гадоў толькі на “выдатна”, — кажа Ларыса Балашова. — І, натуральна, мы ўсе чакаем наступную падобную праграму.

Брама за свой кошт

Дарэчы, гэта не толькі меркаванне Ларысы Балашовай. Так лічаць літаральна ўсе начальнікі аддзелаў, з кім я вёў тэлефонныя размовы. Вось і ў Бярозаўскім раёне мясцовы кіраўнік сферы — Таццяна Кавалёк — ацэньвае вынікі рэалізацыі Дзяржпраграмы вельмі пазітыўна.

— Мы камп’ютарызавалі ўсе клубы і бібліятэкі раёна, набылі музычныя інструменты ў ДШМ, — кажа спадарыня Таццяна. — Напрыклад, з апошніх нашых закупак згадаю два баяны — адзін за 126, а другі за 148 мільёнаў рублёў. Грошы, як бачыце, немалыя. Таксама за кошт сродкаў Дзяржпраграмы аб’ёмам прыкладна ў 800 мільёнаў у 2012 годзе быў завершаны капітальны рамонт з рэканструкцыяй Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, у ім адкрыта абноўленая музейная экспазіцыя.

Праўда, не ўсё было гладка: па словах Таццяны Кавалёк, на запланаваную Дзяржпраграмай частковую рэстаўрацыю і кансервацыю ўязной брамы і будынка ў складзе былога кляштара картэзіянцаў у Бярозе грошы з рэспубліканскага бюджэту так і не паступілі. Таму вырашаць праблему давялося самастойна: летась райвыканкам выдаткаваў прыкладна паўтары мільярды рублёў і менавіта на гэтыя грошы было праведзена аднаўленне ўязной брамы. (Пра гэта “К” пісала раней).

Што ж, нават планы асобнага чалавека не заўсёды здзяйсняюцца. Што ж тут казаць пра планаванне ў аб’ёмах цэлай краіны… Ад сябе зазначу, што на агульным пазітыўным фоне дадзены прыклад выглядае хутчэй як выключэнне, а не як правіла.

Кіно ў “лічбе”

І яшчэ адзін факт, пра які не магу не згадаць. Неаднаразова падчас камандзіровачных выездаў адзначаў для сябе даволі дрэнны стан многіх раённых кінатэатраў: і гук, і “карцінка” тут часам зусім не дацягвалі да ўзроўню Мінска і абласных цэнтраў. Ды і крэслы ў кіназалах, якія мне часам даводзілася наведваць, на жаль, — бывала і такое! — набываліся яшчэ за савецкім часам…

Паводле Дзяржпраграмы падобны казус павінен быў сысці ў небыццё: дакументам прадугледжвалася набыццё лічбавага абсталявання ў кіназалы ды рамонты будынкаў раённых кінатэатраў. Так, дарэчы, і адбылося ў некаторых з раёнаў. Напрыклад, у Кобрыне, па словах кіраўніка мясцовай сферы культуры Надзеі Жук, кінатэатр перавялі на “лічбу” яшчэ летась, а таксама набылі туды новы экран ды абсталяванне — найноўшую 3D-сістэму. Тое самае адбылося некалькі гадоў таму і ў Пінску, распавяла мне начальнік аддзела ІРКСМ мясцовага гарвыканкама Валянціна Кулак.

— Акрамя таго, згодна з Дзяржпраграмай, былі праведзены капітальныя рамонты ў помніку гісторыі і культуры — касцёле Карла Барамея, у якім сёння месціцца канцэртны гарадскі зал, — адзначыла Валянціна Мікалаеўна. — Таксама мы зрабілі рамонты ў Дзіцячай школе мастацтваў № 1 ды ў Музеі Беларускага Палесся. Не кажучы ўжо пра тое, што дзякуючы Дзяржпраграме набылі камплекты сцэнічных касцюмаў, музычныя інструменты, умацавалі кніжны фонд у бібліятэках...

Дзяржпраграма сапраўды дала магчымасць многім раённым цэнтрам Брэсцкай вобласці значна палепшыць матэрыяльна-тэхнічную базу ўстаноў культуры. Прычым, як у саміх райцэнтрах, так і ў сельскай мясцовасці, адзначыў “К” намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Сяргей
Панасюк.

— Дзяржаўная праграма “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады — гэта мэтавае і сістэмнае планаванне нашай дзейнасці на пяць гадоў, комплекснае і бесперапыннае фінансаванне, — кажа Сяргей Панасюк. — У выніку ўжо сёння можна сказаць, што недагледжаных Дамоў культуры ў нашым рэгіёне няма, што паспяхова праведзены работы па рэстаўрацыі ці кансервацыі многіх аб’ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, якія месцяцца ў Брэсцкай вобласці.

Акрамя таго, Сяргей Панасюк вельмі пазітыўна адзначыў і цэнтралізаванае набыццё музычнымі школамі вобласці неабходных ім інструментаў.

— Гэта, на мой погляд, вельмі важны вынік Дзяржпраграмы, — сказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення. — Бо многія нашы школы мастацтваў ці музычныя школы часта карысталіся састарэлымі інструментамі, а значных грошай на набыццё новых баянаў, акардэонаў, духавых інструментаў у іх, вядома ж, не было. Рэспубліканская праграма дазволіла выправіць гэтую праблему дзе часткова, а дзе і цалкам. Так, натуральна, нешта з запланаванага Дзяржпраграмай зрабіць нам не ўдалося, але гэта значыць, што ў нас ёсць над чым працаваць у будучым.

missing image file

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"