Каб засталася спадчына…

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

Эксперты пра складанасці захавання традыцый
Падчас Міжнароднага форуму “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства”, што прайшоў 11 — 13 лістапада ў Магілёве, удзельнікі распавялі пра вопыт сваіх краін у справе аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, што разглядалася як праява аграрнага грамадства, якое адаптуецца да сучаснасці. Сярод выклікаў, што прысутнічаюць амаль паўсюдна ў свеце, — старэнне носьбітаў традыцый, спробы зацікавіць дзяцей і моладзь, імклівае разбурэнне сельскага ладу жыцця. Канешне, у кожнай краіне свае адметнасці.

/i/content/pi/cult/561/12286/2-3.jpgВонг КСІН, выкладчык Нацыянальнай акадэміі мастацтваў Кітая, Ханчжоў, правінцыя Чжэнцзян:

— Ратыфікаваўшы Канвенцыю UNESCO 2003 года, Кітай сутыкнуўся з тым, што катэгорыі нематэрыяльнай культурнай спадчыны, прапанаваныя міжнароднай арганізацыяй, не зусім добра апісваюць нашы рэаліі. Тады выдзелілі 10 уласных катэгорый элементаў. Ураду давялося прыкласці значныя высілкі, каб папулярызаваць новае для Кітая паняцце.

Развіваючыся непарыўна тысячагоддзямі, на пачатку ХХ стагоддзя кітайская традыцыйная культура стала саступаць заходняй і на пачатку ХХІ стагоддзя знаходзілася ў занядбаным стане. Была згубленая павага да яе сярод моладзі. Таму Кітай, імкнучыся выправіць сітуацыю, актыўна супрацоўнічае з UNESCO. З 2006 года ў другую суботу чэрвеня праводзяцца Дні нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Яе носьбіты атрымліваюць ад урада грашовую дапамогу. На традыцыйныя ж рамёствы ўплывае маркетынгавая эканоміка: вытворчасць, што развівалася ў межах сельскагаспадарчага грамадства, неканкурэнтаздольная на сучасным рынку. Адбываецца ўрбанізацыя, пагаршаюцца ўмовы для бытавання традыцыйнай культуры. Уплывае таксама турызм: носьбіты рамесных тэхналогій змяняюць традыцыйны від сваіх вырабаў, каб тыя падабаліся турыстам і добра прадаваліся.

Малгажата БРОДА, дырэктар інстытута "Еўропа Карпат" Малапольскага цэнтра культуры “Сокал” (Кракаў, Польшча):

— Нематэрыяльную культурную спадчыну ў Польшчы разглядаюць як стратэгічны рэсурс, краіна ратыфікавала адпаведную Канвенцыю UNESCO ў 2011 годзе. У Польшчы выдзяляюць 67 этнаграфічных рэгіёнаў, традыцыйная культура добра захавалася ў Курпе, Кашубах, Ловічы, Ніжняй Сілезіі. Што да Малапольшчы, то на поўначы правінцыі вялікую тэрыторыю займаюць этнаграфічныя групы ўсходніх і заходніх кракавякаў, на поўдні — шмат горных народнасцяў. Праблемы з захаваннем нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўзнікаюць ва ўрбанізаваных раёнах. Адтуль звяртаюцца ў наш цэнтр, і мы робім супольныя праекты ў гэтай галіне.

Каштоўнасць матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны ўсведамляюць улады ваяводства і асобных гмін. Яны разумеюць, што турысты прыязджаюць, каб глядзець помнікі, далучыцца да каштоўнасцей. У Малапольшчы дзейнічаюць “Шлях рамёстваў” і “Шлях драўлянай архітэктуры”, бо менавіта драўляныя касцёлы — гэта скарб нашага рэгіёну, унікальны і для ўсяго свету. Не адразу атрымалася пераканаць тых, хто прымае рашэнні аб размеркаванні грошай на ахову спадчыны і адукацыю. З Варшавы можа быць не так і добра ўсё зразумела, але мы цяпер маем рэгіянальнае самакіраванне. Увогуле, адносна Польшчы скажу так: традыцыйная культура ці жыве ў рэгіёнах, ці яе ўвогуле няма. Скажам, у Малапольшчы шмат фальклорных гуртоў, у тым ліку дзіцячых. Складана нешта данесці даросламу чалавеку, таму мы пачынаем з 
дзяцінства.

Настасся СВАЦЯНКОВА, вядучы метадыст па харэаграфіі Смаленскага абласнога цэнтра народнай творчасці (Расія):

— У памежных з Беларуссю раёнах ёсць адрозненні ў традыцыйных строях ад касцюмаў астатняй тэрыторыі Смаленскай вобласці. Знайсці там спевакоў ці танцораў ужо складана. У Шумяцкім раёне захаваўся абрад пераносу свячы на веснавога Міколу. Апісанні, дакументы па ім накіраваны ў Міністэрства культуры Расіі для ўнясення ў інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Мы ведаем, што шмат свячных абрадаў фіксуецца ў Беларусі, таму хацелі б наладзіць супрацоўніцтва, параўнаць.

Канешне, у нашай сферы ёсць фінансавыя праблемы. Мала спецыялістаў па традыцыйнай культуры. Складана з выязнымі экспедыцыямі. Раней пасля фальклорнай практыкі сваіх студэнтаў выдаваў зборнікі смаленскі Інстытут культуры і мастацтваў. Цяпер жа часам гучыць думка, што ўсё, маўляў, ужо запісана. Але, напрыклад, наш фальклорны калектыў “Старапляс” выязджае ў сёлы, запісвае танцы. Так, носьбітаў становіцца ўсё менш, але мы не спыняем пошукі. З сабраным аўтэнтычным фальклорным матэрыялам, трошку апрацаваным, “Старапляс” часта перамагае ў конкурсах.

Дарэчы, для ўдзелу ў фальклорным танцавальным гурце дзяцей прывабіць нашмат лягчэй, чым у спеўным. Песенны фальклор дзецям бывае складаней зразумець. Часта вобласць прадстаўляе на конкурсах гурт аўтэнтычнага танца “Малодушкі”. Насуперак назве, удзельнікі там ужо пажылыя. Ёсць яшчэ ансамбль “Белаяр”, у ім існуе пераемнасць пакаленняў, прыходзяць танчыць дзеці ўдзельнікаў.

Амэр ФЭРДА КОСКАН, арганізацыя “Харманфольк” (Стамбул, Турцыя):

— У Турцыі праходзіць 2100 фестываляў. Наша арганізацыя штогод робіць 8 міжнародных фальклорных, харавых, аркестравых форумаў у Стамбуле. Мы пачыналі з запрашэння трох замежных гуртоў, а цяпер прыязджае і па пятнаццаць, прычым — з усяго свету, а не толькі з Еўропы. Дарэчы, нас наведвала некалькі гуртоў з Мінска, часта запрашаем літоўцаў. Мы часткова аплочваем побыт гасцей у Стамбуле, але артысты павінны знайсці грошы на дарогу. Не заўсёды гэта 
проста.

Стамбул — аграмадны горад, і бывае складана арганізаваць транспартныя камунікацыі, каб удзельнікі нашых фестываляў усюды траплялі ў час. Што да ўдзелу турэцкіх артыстаў, то ўлетку шмат гуртоў жадаюць паехаць за мяжу, а не выступаць на хатніх пляцоўках.

Удзельнікі фестываляў часам наведваюць з выступамі рэгіёны. У Турцыі вельмі цікавае геаграфічнае становішча і адсюль — разнастайнасць традыцыйнай культуры. Таму сёння мы маем у нашай краіне больш за тры тысячы фальклорных танцаў, столькі ж рэгіянальных строяў. Гэта багацце і ў той жа час — выклік.

Арусяк СААКЯН, супрацоўнік Інстытута археалогіі і этнаграфіі Нацыянальнай акадэміі навук Арменіі:

— Я збіраю армянскі фальклор ужо 50 год. У вёсках знайсці нешта — днём з агнём. Мы згубілі наш фальклор у ХХ стагоддзі, а Еўропа — 400 год таму. Але ён жыве ў іншай форме: народ перапрацоўвае ў фальклорным ключы нават тэленавіны.

Вусная школа — такая ж высокапрафесійная, як і пісьмовая, а навучанне ў ёй нашмат больш складанае. Армянскія народныя спевакі цягнулі на адным дыханні па тры радкі. Зараз моладзь задыхаецца на адным. Я выкладаю ў кансерваторыі. Зацікавіць вакаліста з класічнай адукацыяй фальклорам складана: іншая манера спеваў, а мае студэнты з 6 гадоў атрымлівалі, лічы, еўрапейскую адукацыю. У некаторай ступені яны ўжо не армяне. Бабулі таксама ўжо граматныя, і нават у сельскай мясцовасці могуць не любіць традыцыйныя песні.

Калі музыкант сам не ўмее танчыць, то не можа і граць танцавальную музыку: не будзе рытмікі. Немагчыма перадаць танцавальны і спеўны фальклор еўрапейскай сістэмай натавання. Таму ў Еўропе, дзе традыцыя спеву знікла раней, чым вынайшлі сродкі фіксацыі гуку, нават не ведаюць, як гучалі іх народныя песні.

Мінск — Магілёў — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алена ЛЯШКЕВІЧ
спецыяльны карэспандэнт рэдакцыі газеты "Культура"