Патрэба новага “сіта”

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г

У Бабруйску адбыўся V Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Рыхтаваліся да яго, можна сказаць, чатыры гады — роўна столькі мінула пасля чацвёртага такога форуму. Але ж ці склаў ён больш ці менш цэласную карціну развіцця нашай драматургіі і магчымасцей яе ўвасаблення?

/i/content/pi/cult/561/12284/2-1.jpgАдбор

Пяць фестывальных дзён — гэта дзесяць спектакляў з іх публічным абмеркаваннем, пяць чытак п’ес (і, у дадатак, дзвюх казак) сучасных драматургаў, праект “Горад.doc” у тэхніцы вербацім, складзены драматургамі, рэжысёрамі, артыстамі са зробленых імі за тры дні інтэрв’ю з бабруйчанамі. А яшчэ дзве выстаўкі ў фае тэатра, дзе адна з іх — прысвечаная Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, наведванне месца яго былой сядзібы, канцэртныя выступленні мясцовых музыкантаў. Паводле насычанасці мерапрыемствамі гэты фестываль — самы, бадай, шчыльны сярод тэатральных.

Праграма ж уласна тэатральная выклікала шмат нараканняў, гэта пытанне было ўзнята і на “круглым стале” па выніках форуму. Старшыня журы, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар Таццяна Арлова прапанавала, каб надалей праграму складаў пэўны куратар з ліку тэатральных крытыкаў — так, як гэта было сёлета пры фарміраванні шоу-кейса “Belarus оpen” у рамках Міжнароднага форуму “ТэАРТ”. Бо калі праграма не мае “аўтарства”, дык зразумець, чаму яна атрымалася такой ці “не такой” і хто ў тым вінаваты, немагчыма.

Сёлета ў Бабруйску неаднаразова запытвалі, чаму ў адказным аглядзе не ўдзельнічалі сталічныя тэатры са статусам "нацыянальны". Балазе ў купалаўцаў і сапраўды апошнім часам цікавых пастановак беларускіх аўтараў амаль не назіралася. Затое ў горкаўцаў ёсць і актуалізаваная па форме ўвасаблення класіка (“Зацюканы апостал” Андрэя Макаёнка з рэжысурай Барыса Луцэнкі), і новая п’еса, замоўленая спецыяльна на гэту трупу (“Пясняр” Васіля Дранько-Майсюка, пастаўлены Валянцінай Ераньковай). На жаль, запрашэнне на фестываль названыя трупы атрымалі надта позна.

Можна згадаць і іншыя тэатры, якія, маючы добрыя беларускія прэм’еры, у фестывалі не ўдзельнічалі. У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек ёсць вядомая па леташняй Нацыянальнай прэміі “Ладдзя Роспачы” паводле Уладзіміра Караткевіча ў версіі Аляксея Ляляўскага.

Новы драматычны акурат з разлікам на бабруйскі агляд рыхтаваў пастаўлены Сяргеем Куліковічам “Трыбунал” таго ж Макаёнка. У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі за апошні час адбылася безліч прэм’ер, сярод якіх і неаднаразова паказанае на нашых фестывалях “Раскіданае гняздо” Янкі Купалы, і “Тры Жызелі” Андрэя Курэйчыка (абодва — у пастаноўцы Аляксандра Гарцуева), і “Фінт-круазэ”, складзены рэжысёрам Святланай Навуменка з аднаактовых камедый Дзмітрыя Багаслаўскага і Віктара Красоўскага, і нашумелая п’еса Мікалая Рудкоўскага “Дажыць да прэм’еры”, вельмі ўдала ўвасобленая Паўлам Харланчуком-Южаковым (і, між іншым, заяўленая ў праграму 2013 года, калі фестываль не адбыўся). Але ў Бабруйску быў чамусьці прадстаўлены “Дзед” Вячаслава Паніна — больш сціплы на акрэсленым фоне, а тым больш — рэжысёрскі дэбют знанага артыста гэтага тэатра Дзяніса Паршына.

У гэтай сувязі дапрацоўкі патрабуе не толькі сістэма адбору, але і само Палажэнне аб правядзенні фестывалю. Да прыкладу, нідзе не прапісана, за які тэрмін адбіраюцца спектаклі, што ўдзельнічаюць у конкурснай праграме. Можа, гэта наўмысна? Каб у выпадку поўнага “бязрыб’я” можна было б з чыстым сумленнем аддаць усе прызы, скажам, неўміручай купалаўскай “Паўлінцы”? Палажэнне патрабуе дапрацоўкі яшчэ і таму, што сітуацыя з беларускай драматургіяй апошнім часам змянілася. П’есы некаторых нашых маладых аўтараў, часта не знаходзячы ўвасабленняў у Беларусі, паспяхова ставяцца ў Расіі, іншых краінах. Значыць, і на фестываль іх трэба запрашаць у большай колькасці, не абавязкова ў конкурсную праграму, лепей — у гасцявую.

Праграма

Здзівіла і стаўленне некаторых удзельнікаў да прывезеных імі прац. У параўнанні з тым, як выглядалі спектаклі ў час прэм’еры, асобных з іх было проста не пазнаць. Пасля паказу “Хто смяецца апошнім?” Тэатра-студыі кінаакцёра сталічныя крытыкі, якія бачылі спектакль раней, былі вымушаны тлумачыць свайму польскаму калегу сэнс рэжысёрскай задумы, бо ідэя часавых перамяшчэнняў “не чыталася” з-за знікнення некаторых каларытных дэталей, уключаючы харэаграфію Наталлі Фурман. Ад спектакля “Ён. Яна. Вайна”, пастаўленага Паўлам Харланчуком у Гомельскім абласным драмтэатры паводле “Альпійскай балады” Васіля Быкава, у поўным аб’ёме захавалася толькі праца мастака Андрэя Меранкова (прыз за лепшую сцэнаграфію). Можа, сказалася і тое, што гэтыя тэатры апошнім часам менш кудысьці выязджаюць? І не прызвычаіліся да таго, што фестывальныя паказы могуць (і павінны!) быць нават больш пераканаўчымі, чым прэм’ерныя. Праўда, для гэтага трэба спектакль яшчэ раз “пачысціць”, а потым — прыстасаваць да новай сцэны.

Так што агляд стаўся яшчэ і праверкай прафесіяналізму. Бо як толькі на сцэну выходзіў той жа Уладзімір Мішчанчук, усе пытанні наконт акустычных недахопаў залы адпадалі самі па сабе. Дый у “Любові людзей” Багаслаўскага, пастаўленай Мікітам Кобелевым у Маскоўскім акадэмічным тэатры імя Уладзіміра Маякоўскага (прыз за лепшую рэжысуру), і словы і спевы было чуваць — без аніякага фарсіравання голасу, і асвятленне не “кульгала”, хаця стацыянарна спектакль ідзе на Малой сцэне.

Да гонару фестывалю, у яго праграме апынуліся абодва спектаклі паводле кніг Святланы Алексіевіч (можа, Нобелеўская прэмія дапамагла?) — “СвиДЕТИли” Гомельскага гарадскога маладзёжнага і “Час сэканд хэнд” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатраў. Але ж якімі рознымі яны аказаліся! У першым была цікавая ідэя аўтара п’есы і рэжысёра Юрыя Вуты — наблізіць успаміны пра вайну да цяперашніх падлеткаў, з’яднаўшы гэту тэму з аповедам пра маладзёжныя субкультуры. Але спектакль у пэўны момант ператвараўся ў “школьны літмантаж”. Дзве яго часткі — “мір” і “вайна” — ядналіся адно праз сюжэт (здымкі тэлепраграмы), а не праз агульную тэму агрэсіі. У другім згаданым спектаклі рэжысура Уладзіміра Пятровіча “патанала” ў жорсткім, балючым тэксце маналогаў, але на першы план выходзілі акцёрскія працы (прыз за лепшую мужчынскую ролю атрымаў сам Пятровіч, за жаночую — Алена Дудзіч). Удалую сцэнаграфію Валерыя Юркевіча, натуральнасць існавання акцёраў на сцэне, адсутнасць пафаснасці і таннай меладраматычнасці ў ігры адзначылі крытыкі ў спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Не пакідай мяне” (рэжысёр — Валерый Анісенка). Але ў самой п’есе Аляксея Дударава, пастаўленай не толькі ў нас, але і ў замежжы (у 2013 годзе на фестываль быў заяўлены аднайменны спектакль Калужскага ТЮГа), былі заўважаны адсутнасць новага погляду на вайну, сучаснага асэнсавання гераізму і ахвярнасці, што асабліва відавочна на фоне вострых па праблематыцы і адначасова пранізлівых прац Дударава, створаных у 1980-е.

Лепшым спектаклем фестывалю была названа “Пінская шляхта” Дуніна-Марцінкевіча ў новай пастаноўцы Палескага драмтэатра (рэжысёр — Віталь Баркоўскі). А вось на паказах гаспадароў у вочы кідаліся маштабнасць, амбіцыйнасць задум пры іх недасканалым ўвасабленні (пра “Пінскую шляхту” і абодва спектаклі Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — у адным з бліжэйшых нумароў “К”).

Чыткі

Ды ўсё ж галоўнай інтрыгай і “разыначкай” фестывалю сталіся чыткі п’ес, падрыхтаваныя Цэнтрам беларускай драматургіі на чале з Аляксандрам Марчанкам і Цэнтрам эксперыментальнай рэжысуры пад кіраўніцтвам Таццяны Траяновіч сумесна з бабруйскімі артыстамі. Да гонару журы, яны былі адзначаны двума незапланаванымі спецыяльнымі прызамі — замест Гран-пры, на які не знайшлі годных прэтэндэнтаў. Праўда, адну з п’ес акцёры агучваць адмовіліся (як высветлілася, тэатр зацвердзіў спіс прапанаваных п’ес, не адкрыўшы іх тэкстаў), а на іншыя іх не адпускалі праз патрэбу рыхтаваць цырымонію адкрыцця (пабудаваную, дарэчы, на фрагментах з рэпертуарнага спектакля бабруйчан). Нарэшце, сітуацыю “разруліла” дырэктар тэатра Вераніка Вінэль (яна ўвогуле, як можна было заўважыць, надта многімі праблемамі была вымушана займацца асабіста).

Пры тым, што ўваход на чыткі быў вольны, інфармацыя пра іх заставалася абмежаванай, таму паказы праходзілі, што называецца, у рэжыме “самі сабе пачыталі”: у зале былі крытыкі, з п’есамі ў большасці знаёмыя, ганаровыя госці фестывалю і рэдкія прадстаўнікі самога тэатра. Але ж апошніх, што радавала, з кожным разам станавілася больш. Можа, яшчэ і таму, што смак іншага акцёрскага існавання — простага, шчырага маўлення з данясеннем найперш сэнсу слоў — адчулі самі бабруйчане. А на адну з чытак завітала нават група школьнікаў — аднакласнікі сына ўдзельніка.

Ды ўсё роўна — знаёмства з новымі п’есамі, памножанае на прэзентацыю маладых рэжысёраў, магло сабраць больш шырокую публіку, атрымаць большы розгалас, бо мэтай падобных творчых акцый павінна стаць не толькі “прасоўванне” ў тэатры беларускай драматургіі і маладых пастаноўшчыкаў, але і падрыхтоўка тамтэйшага гледача да таго, што тэатр можа быць розным — не толькі “ўтульнай” камедыяй ці меладрамай у прыгожых “касцюмчыках”, але і аголенай праводкай “небяспечных” тэм, наэлектрызаваных думак.

“Запалкі” Канстанціна Сцешыка (рэжысёр — Валянціна Мароз) “запалілі” сучаснай гісторыяй “маленькага чалавека”, выкладзенай адметным літаратурным слогам. Той жа тэме, толькі ў эстэтыцы гэткага “прыземлена-ўзнёслага” абсурду, быў прысвечаны “Чалавечак” Паўла Расолькі (рэжысёр — Юлія Альшэўская), які выклікаў найбольшую палярнасць думак. Яшчэ адзін ракурс гэтай тэмы, аздобленай асветніцтвам (тут і поўнае апісанне дзейнасці сантэхнікаў, і паказ лонданскіх славутасцей), а таксама развагамі пра мяжу паміж патрыятызмам і бояззю зрушыцца з месца, прапанаваў “Лондан” Максіма Дасько (рэжысёр — Алена Сілуціна). “Хурма” Наталлі Слашчовай (рэжысёр — Антон Мікуха), горача ўхваленая прадстаўнікамі тэатра, падалася, наадварот, гэткім шматслоўным, падобным на жуйку “жаночым рукадзеллем”, блізкім да расійскіх меладрам: дачка, даволі напорыстая (калі не сказаць, сцярвозная), не ладзіць з такой жа па характары маці і не можа разабрацца з трыма (!) незразумела чаму закаханымі ў яе мужчынамі.

Ну а “Горад.doc” мог бы мець працяг — і, у тым ці іншым выглядзе, стаць першым спектаклем у тэхніцы вербацім на бабруйскай сцэне. І не толькі! Падобныя праекты, заснаваныя на мясцовым матэрыяле (у аснове — гутаркі з жыхарамі, запісаныя на вуліцах) і разгорнутыя ў іншых гарадах, прыцягнулі б увагу публікі да тэатра: маўляў, там пра нас паказваюць!

Мінск — Бабруйск — Мінск

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"