Слонім, Глуск, Бешанковічы, Дзяржынск, Салігорск...

№ 47 (1225) 21.11.2015 - 27.11.2015 г


/i/content/pi/cult/561/12282/11-1.jpgСлонім / Музей у бібліятэцы ці бібліятэка ў музеі

Больш за 20 гадоў у Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа існуе музей беларускай кнігі. Гэта адзіны падобны музей на Гродзеншчыне. Тут захоўваюцца аўтограф Якуба Коласа і выданні пачатку ХХ стагоддзя.

Якуб Колас ніколі на Слонімшчыне не быў. Але ён сябраваў з многімі слонімцамі, перапісваўся, зрэдку сустракаўся з імі, гутарыў. У 1954 годзе ён даслаў мясцовай бібліятэцы сваю кнігу “Ашчапенец” (1950) з аўтографам. На тытульным лісце Пясняр напісаў: “Слонімскай раённай бібліятэцы. Якуб Колас. 6. IX. 1954 г.”

Якубу Коласу ў музеі беларускай кнігі адведзена цэлая зала. Вітраж з яго выяваю для яе інтэр’ера стварылі слонімскія мастакі — браты Яўген і Алег Івановы. Тут наведвальнікі могуць пазнаёміцца з кнігамі і фотаздымкамі Якуба Коласа. 20 кніг Песняра музею падаравалі нявестка пісьменніка Аляўціна Міцкевіч і ўнучка Вера Міцкевіч. Цікавымі і рэдкімі экспанатамі з’яўляюцца выданне “Новай зямлі” 1928 года, арыгінальны фотаальбом “Невядомы Якуб Колас”.

У другім аддзеле музейныя наведвальнікі могуць пазнаёміцца з літаратурнай Слонімшчынай. Адсюль родам Кандрат Лейка, Яўген Хлябцэвіч, Сяргей Дарожны, Гальяш Леўчык, Анатоль Іверс, Алег Лойка, Мікола Арочка, Янка Саламевіч, Якуб Міско, Іван Сяргейчык… У экспазіцыі — іх кнігі, біябібліяграфічныя даведнікі. Асобна захоўваюцца рукапісы Валянціна Таўлая, Анатоля Іверса, Алега Лойкі, Алеся Сучка, Рудольфа Пастухова. Каштоўнымі экспанатамі музея з’яўляюцца кнігі: “Чыжык беларускі” Гальяша Леўчыка, што выйшла з друку ў Вільні ў 1912 годзе, “Песні на загонах” Анатоля Іверса (Вільня, 1939 год), першыя кнігі Алега Лойкі і Міколы Арочкі, часопіс “Да злучэння”, які выдаваў Антон Неманцэвіч у Альбярціне ў 1930-х.

На адным са стэлажоў асобна захоўваюцца кнігі, якія падарылі вядомыя беларускія пісьменнікі: Пятрусь Броўка, Іван Чыгрынаў, Вольга Іпатава, Уладзімір Саламаха, Уладзімір Ягоўдзік, Уладзімір Арлоў…

Дырэктар Слонімскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Ларыса Рэпінская сказала, што сёння ў бібліятэцы-музеі каля 500 адзінак асноўнага фонду. Тут праводзяцца экскурсіі, вечары, прэзентацыі кніг, сустрэчы.

Сяргей ЧЫГРЫН

Фота аўтара


Глуск / “Палеская ліра”

Быць цымбалістам — крута! Мабыць, такія словы зможа прамовіць кожны, хто пачуе, як грае Даша Сарапас, юная выхаванка Глускай дзіцячай школы мастацтваў па класе цымбалаў.

11-гадовую Дашу ведаюць далёка за межамі Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Дзіва што: дзяўчынка неаднаразова станавілася пераможцай розных музычных конкурсаў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Напрыклад, з IV Міжнароднага фестывалю-конкурсу “Славянскі карагод” яна прывезла дыплом лаўрэата ІІ ступені, а з IV Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу выканаўцаў на цымбалах “Перазвоны” — дыплом лаўрэата ІІІ ступені. А год таму, на IV Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў на народных інструментах “Залатая ліра Палесся”, што праходзіў у Гомелі, заваявала дыплом лаўрэата І ступені.

“Палеская ліра” з Глуска грае на цымбалах з шасці гадоў, і сёння ўпарта крочыць па выбраным шляху. А вядзе яе па гэтай нялёгкай творчай дарозе настаўніца Людміла Клімчык. “Не сумняваюся, што ўсе Дашыны перамогі — цалкам заслужаныя, — кажа выкладчык Глускай ДШМ па класе цымбалаў. — Я вельмі ганаруся сваёй вучаніцай, бо ў гэтай маленькай дзяўчынцы жыве вялікі талент, заснаваны на любові да музыкі, да цымбалаў, і, канешне, мяне вельмі ўражвае яе вялікая працавітасць, без якой, зразумела, поспехаў дачакацца было б проста немагчыма”.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота аўтара


Бешанковічы / Казка не падмане

У Бешанковіцкай раённай дзіцячай бібліятэцы з’явілася новая форма працы: відэасалон “Літаратурная казка”. Бібліятэкары прапаноўваюць чытачам стужкі паводле класічных твораў дзіцячай літаратуры.

Прызначэнне салона не проста ў тым, каб паказаць фільм. Такая форма працы дае магчымасць пазнаёміцца з літаратурнай першакрыніцай, пагартаць кнігу, даведацца пра цікавыя факты з жыцця аўтара. А пасля прагляду дзяцей чакае віктарына, скіраваная на развіццё ўважлівасці. Пытанні — няпростыя, бо фільм і кніга — рэчы непадобныя. Пры іх параўнанні трэба знайсці кропкі сутыкнення і адрознення.

Днямі салон правёў сеансы па творах Сельмы Лагерлёф і Джані Радары. У перспектыве плануюцца паказы паводле літаратурных твораў Гогаля, Аксакава, Маршака, Гауфа, Андэрсэна… Мяркую, дзеці палюбілі салон, адкрылі для сябе шматграннасць казкі.

Ніна ГАЛАВЕШКА, загадчык Цэнтральнай раённай дзіцячай бібліятэкі Бешанковіцкай ЦБС

 

Дзяржынск / Разам з “Карагодам”

У Дзяржынскім гарадскім Доме культуры адбыўся канцэрт, прысвечаны 25-годдзю народнага ансамбля народнай песні “Карагод” пад кіраўніцтвам Аліны Шпакевіч.

Менавіта яна, выпускніца Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, 25 гадоў таму аб’яднала людзей розных узростаў і прафесій. Цяпер у “Карагодзе” — 12 спевакоў. Яны выступалі і ў Беларусі, і за мяжой. А сёлета артысты ансамбля зняліся ў тэлепраграме “Наперад у мінулае”. Хто ж яны, артысты калектыву, якія два разы на тыдзень спяшаюцца на рэпетыцыі “Карагода”?

Ветэран ансамбля — Ніна Чыжэўская. Людміла Быстрымовіч, галоўны бухгалтар раённай бальніцы, таксама спявае 25 гадоў. Па 20 гадоў выступаюць Люсьена Макарчык, Марына Макарэц, Лідзія Драчынская, якая да таго ж з’яўляецца дырэктарам Раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і ўзначальвае прафсаюз работнікаў культуры раёна. А ёсць яшчэ таленавітыя Алена Сагайдак, Алена Селівончык, Ала Іванцова, Святлана Смусянок, Алена Яркова, Ірына Стэсік…

Аўтар гэтых радкоў прысутнічаў не толькі на гэтым юбілейным канцэрце, але і на іншых выступах выдатнага ансамбля. Магу адзначыць: нумары вылучаюцца высокім мастацкім густам, уменнем данесці да глядача меладычнасць беларускай народнай музыкі, яе прыгажосць і ўнікальнасць.

Прынялі ўдзел у святочным канцэрце народны ансамбль народнай музыкі “Спадчына”, народны харэаграфічны ансамбль “Альянс”. А напрыканцы “Карагод” выканаў песню, словы да якой напісала кіраўнік калектыва.

Лявон ЦЕЛЕШ


Салігорск / Знайсці скарб

Кветкаводы клуба “Флора”, што дзейнічае пры Салігорскай раённай цэнтральнай біліятэцы, арганізавалі для навучэнцаў каледжа гісторыка-пазнаваўчы квэст “Тайны валошкавага храма”. Ён быў прымеркаваны да 200-годдзя самай старадаўняй на Салігоршчыне царквы, якая знаходзіцца ў вёсцы Чыжэвічы.

Дзве каманды прайшлі ад гіпермаркета да памятнага каменя, устаноўленага ў гонар бітвы 1812 года, адказалі на пытанні, звязаныя з гісторыяй Салігорска, зарабілі падказкі, атрымалі частку карты, паўдзельнічалі ў спартыўным спаборніцтве, знайшлі сундук са скарбам. А пазнаёміліся кветкаводы з навучэнцамі яшчэ ўвесну, калі ў гонар франтавікоў высаджвалі ў садзе каледжа бэз.

Які ж скарб яны знайшлі? Гэта быў універсальны ключ да ведаў — кніга. А потым адбылася экскурсія па храмавым комплексе і царкоўна-гістарычным музеі Слуцкай епархіі.

Галіна НОВІК