Маладосць маладзее

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

“Крыштальная Кветка” — традыцыйная адзнака для маладых тэатральных акцёраў, якія паспелі ярка заявіць пра сябе ў прафесіі. Праўда, яшчэ не так даўно ўзрост маладосці быў крыху іншым…

 /i/content/pi/cult/155/1228/Maladoscj.jpg

Не сакрэт, што цягам многіх гадоў негалосна лічылася, што малады акцёр, прыходзячы ў тэатр, перш чым атрымаць сур’ёзную ролю, павінен гадкоў пяць-дзесяць пабегаць у масоўцы, так бы мовіць, “зарабіць” яе. Сёння такога ўжо няма: кадравая палітыка многіх беларускіх тэатраў будуецца на тым, што маладых акцёраў адразу ж па заканчэнні ВНУ “бяруць у абарот”, даючы ім магчымасць паказаць свой прафесійны імпэт, не чакаючы “вытрыманага” сталага ўзросту.
Аляксандр Гладкі — яскравае таму пацвярджэнне. Малады акцёр Рэспубліканскага тэатра юнага гледача — выпускнік Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, яшчэ не страціў свайго статуса “маладога спецыяліста”. Але за час працы ў сталічным ТЮГу паспеў сыграць шэраг цікавых роляў, у тым ліку — Прынца ў “Шчаўкунку” — апошняй прэм’еры тэатра.
А зусім хутка, у сярэдзіне красавіка, Аляксандра Гладкага можна будзе ўбачыць у новай сцэнічнай версіі “Кнігі джунгляў” Р.Кіплінга, дзе ён выканае галоўную ролю любімага маленькімі гледачамі “хлопчыка-ваўка” Мауглі. Што ж, мажліва, менавіта “Крыштальная Кветка” для маладога артыста і станецца той самай “чырвонай кветкай”, якой ён асветліць сабе шлях у прафесійнае будучае. 

Таццяна КОМАНАВА