Без СНА не абысціся

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Нестацыянарнае абслугоўванне: вопыт Барысаўшчыны
Сёння на Барысаўшчыне з трох соцень населеных пунктаў засталося толькі дзевяць, дзе пражывае больш за тысячу жыхароў. Насельніцтва ж большасці з іх не дасягае і трохсот чалавек. А сельскіх бібліятэк на сёння — толькі 25. Як забяспечыць пры такіх умовах даступнасць кнігі? Для гэтага ў Цэнтральнай райбібліятэцы быў створаны Сектар нестацыянарнага абслугоўвання (СНА). Без яго цяпер цяжка ўявіць нашы будні.

Структурамі СНА сталі бібліобус, пункты выдачы літаратуры на прадпрыемствах і ў асобных мікрараёнах Барысава, сельскіх паселішчах. Выбар такіх формаў абслугоўвання застаецца за ЦБ, а таксама за кіраўнікамі тых прадпрыемстваў, арганізацый ды ўстаноў, дзе ладзіцца нестацыянарная праца.

Пастаянны фонд дакументаў уключае не толькі мастацкую і дзіцячую літаратуру, але і выданні, падабраныя з улікам прафесійных патрэб карыстальнікаў. Натуральна, для гэтага выкарыстоўваюцца фонды ЦБ і міжбібліятэчны абанемент.

За нестацыянарнае абслугоўванне ў 42-х населеных пунктах адказваюць 18 сельскіх бібліятэк. Кожная з іх займаецца гэтым раз на месяц. Такімі паслугамі карыстаюцца больш за 400 чытачоў. Пераважаюць пенсіянеры ды інваліды. Але немалую частку карыстальнікаў складаюць супрацоўнікі РУП-14 у Навасадах, малочна-таварнага комплексу вёскі Жыцькава, работнікі і пацыенты дзвюх бальніц сястрынскага дагляду.

Цяпер — пра пункты выдачы кніг. Іх дзесяць: чатыры — у горадзе, астатнія — вясковыя. Горад узялі на сябе тры супрацоўнікі СНА. Бібліобус рэгулярна папаўняе кніжныя фонды, якія размешчаны на заводзе палімернай тары, у радзільным доме, у Лядзішчанскім ЦКіД, у адным з жылых дамоў па вуліцы Ватуціна.

Дарэчы, цікавы факт: сярод чытачоў радзільнага дома, акрамя супрацоўнікаў, актыўнічаюць і… парадзіхі. А на заводзе палімернай тары існуе традыцыя: чытаюць тут цэлымі сем’ямі. Бібліятэчным фондам карыстаюцца і колішнія супрацоўнікі завода.

Кнігавыдача на сяле наладжана ў клубах-бібліятэках вёсак Ніўкі, Чарневічы, Вялікае Стахава, Бродаўка, Жортай, Прыяміна. Такім абслугоўваннем карыстаюцца 616 чалавек, у тым ліку 238 дзяцей.

Бібліобус абслугоўвае шэсць аздараўленчых летнікаў. Сёлета з 2 600 дзяцей трох змен, да прыкладу, чытачамі сталі 2 234. Больш дзвюх соцень набралася чытачоў і сярод дарослых. Даволі красамоўны прыклад актыўнасці нашай бібліятэкі на колах.

Нагадаю, што пры ЦБ дзейнічае Духоўна-асветніцкі цэнтр. Ягоныя бібліятэкары нестацыянарна абслугоўваюць Барысаўскі гарнізон, два храмы, каледж: усяго — каля 500 чытачоў.

Такім чынам, у нас дзейнічае 64 пункты нестацыянарнага абслугоўвання гарадскіх і сельскіх чытачоў (іх каля — 3 800 чалавек).

Застаецца толькі дадаць, што ўся інфармацыя пра рэсурсы бібліятэк, правілы карыстання даводзіцца да чытача ў друкаваным і электронным выглядах праз бібліятэчны сайт, электронныя рассылкі і з дапамогай СМІ. Спадзяюся, што гэты артыкул стане карысным маім калегам з іншых абласцей. Калі ёсць заўвагі і пытанні, давайце абмяркуем іх на старонках “К”.

Алена КАПЫТОК, вядучы метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Івана Каладзеева