Мёршчына, Валожынчына, Віцебск, Мінск...

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г


/i/content/pi/cult/560/12272/10-1.jpgМёршчына / У душы сваёй храм пабудуем

Днямі Язна (Мёрскі раён) стала сапраўдным царкоўным цэнтрам. Сюды з’ехаліся прадстаўнікі 14 праваслаўных нядзельных школ з рэгіёнаў Віцебшчыны. Сярод іншых выступалі язненцы і мярчане. Шосты па ліку фестываль “Благавест” меў важны, жыццестваральны напрамак, падкрэслены дэвізам “Захоўвай, Гасподзь, ачаг сямейны”.

Напачатку адбыўся малебен у Спаса-Праабражэнскай царкве. Затым у Доме культуры выхаванцы Язненскай нядзельнай школы прыходу Спаса-Праабражэнскай царквы прыгожа спявалі…

Дзеткі з нядзельнай школы з Бягомля Докшыцкага дабрачыння даводзілі, што ў сне ахоўваюць нас дзве бяссонніцы — вочы мамы і Багародзіцы. Браслаўчане з прыходу Свята-Панцеляіманскага жаночага манастыра спявалі гімн Божай Маці “Радуйся, нявеста нябесная”. Выхаванцы нядзельнай школы храма Святога Мікалая Цудатворцы распавялі пра святы куточак на іх зямлі — Сар’е, які заўсёды наведваюць паломнікі. Шчасце нараджаецца ў сям’і, сцвярджалі дзеткі і прасілі Бога ахоўваць сямейны лад. Выступоўцы з Варапаева, што на Пастаўшчыне, паказалі цікавую інсцэніроўку.

Глыбоцкія выхаванцы песнямі і дарэчнымі словамі падтэкстна нагадалі біблейскі сюжэт пра вясёлку — сімвал, што на зямлі ніколі не будзе патопу. Вароніцкае аб’яднанне па інтарэсах праваслаўнай скіраванасці з Полаччыны побач са знакамітай “Спадчынай” гаварылі прыгожыя словы пра сям’ю. Пасялкоўцы з Начы, што на Полаччыне, параўналі чалавека з дрэўцам і спявалі пра рамонкавыя палі.

Усе атрымалі дыпломы і падарункі, у сумеснай фінальнай песні заклікалі заўсёды аберагаць адно аднаго. Мясцовы святар Сергій Гуцко падзякаваў выкладчыкам. Дарэчы, язненцаў рыхтавала Ірына Бахір, мярчан Таццяна Пацеенак. Старшыня Язненскага сельсавета Валянціна Фядзьковіч аб’явіла тэму наступнага фестывалю “Дзеля жыцця на Зямлі”. Дарэчы, Валянціна Мікалаеўна разам з галоўным урачом участковай бальніцы Уладзімірам Пашковічам (да слова, нязменным вядучым “Благавесту”) і настаўніцай на заслужаным адпачынку Ірынай Стома сталі галоўнымі ініцыятарамі правядзення на язненшчыне такога мерапрыемства.

Алена БАСІКІРСКАЯ

Фота Казіміра БЛАЖЭВІЧА


Валожыншчына / Бона Івянецкая

У Івянецкім музеі традыцыйнай культуры экспануецца выстаўка нумізматыкі і баністыкі “Скарбы роднай зямлі” з прыватных калекцый Алега Буткевіча, Яўгена Паплаўскага, Валерыя Мазуры. Амаль усе матэрыялы выяўлены на тэрыторыі былога Івянецкага графства.

Выстаўка адметная тым, што дае магчымасць візуальна дакрануцца да гісторыі грашова-гандлёвых стасункаў на беларускіх землях ад часоў Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі, Савецкага Саюза да картак спажыўца, чэкавых кніжак, талонаў і папяровых банкнот незалежнай Беларусі.

Россып старадаўніх манет ад гаршка задымленай керамікі сімвалізуе скарбы, якія нашы продкі захоўвалі ў роднай зямлі падчас ваенных ліхалеццяў, — з’яўляецца ўводнай часткай у экспазіцыю.

Адным з рарытэтаў, які вылучаецца з мноства артэфактаў, з’яўляецца Івянецкая Бона наміналам 10 грошаў, адчаканеная з цынку спажывецкім кааператывам 6-га батальёна Корпуса памежнай аховы “Івянец”. Такія боны-знакі выкарыстоўваліся з сярэдзіны 20-х гадоў ХХ стагоддзя і на тэрыторыі тагачаснай Заходняй Беларусі.

Дзякуючы скрупулёзнай працы супрацоўнікаў музея праведзена навуковая класіфікацыя экспанатаў, падрыхтаваны каталог-дапаможнік для наведвальнікаў, што стварае перадумовы дэталёва прааналізаваць і змястоўна ўспрыняць складаны матэрыял.

Алег РАМАНОЎСКІ

Фота манет прадастаўлены Івянецкім музеем традыцыйнай культуры


Віцебшчына / Пісанка ды набойка

4 лістапада ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці адбыўся семінар “З вопыту работы па зберажэнні і захаванні традыцыйных рамёстваў”, у якім прынялі ўдзел дырэктары і спецыялісты дамоў і цэнтраў рамёстваў Віцебшчыны.

Падчас семінара былі разгледжаны перспектыўны план мерапрыемстваў на будучы год, канцэпцыя правядзення свята-конкурсу “Сцяжкі майстэрства”, што адбудзецца 28 лістапада ў Сянно.

У межах семінара ўсе прысутныя змаглі прыняць актыўны ўдзел у майстар-класах па такіх відах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва як пісанка і набойка, якія правялі Жанна Ільюшкіна з Лёзненскага раёна і Наталля Парахневіч з Браслава.

Андрэй СТРУНЧАНКА, вядучы метадыст Віцебскага АМЦНТ

Фота аўтара


Віцебск / Таямніца нашых званоў

Сустрэча з кандыдатам мастацтвазнаўства, выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, сябрам Асацыяцыі звонавага мастацтва Расіі Аленай ШАЦЬКО адбылася ў Віцебскай абласной бібліятэцы. Мастацтвазнаўца прэзентавала сваю манаграфію па званах праваслаўных храмаў заходніх рэгіёнаў Беларусі.

У кнізе адлюстравана гісторыя беларускіх званоў, пачынаючы з ХI стагоддзя. Алена Шацько пашпартызавала і сістэматызавала 1747 іх адзінак ХVI — ХХ стагоддзяў, запісала гук званоў у 247 храмах. Пачала сваю працу яна па блаславенні цяпер ужо Ганаровага Мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі і працавала над кнігай пятнаццаць гадоў. У экспедыцыях, бібліятэках, архівах Літвы, Польшчы, Беларусі, Расіі даследчыца сабрала ўнікальны матэрыял пра званароў, захаваныя і вывезеныя экзэмпляры, традыцыі, звязаныя з тэмай навуковага пошуку. Па інфармацыі аўтара, прынамсі ў 21 праваслаўным храме Беларусі захаваліся старадаўнія званы, упрыгожаныя абразамі і надпісамі. Захавалася шмат дзе і традыцыя гучання званоў.

— З усёй постсавецкай прасторы толькі на захадзе Беларусі захавалася традыцыйнае званарства, — распавяла Алена Генадзьеўна. — У той час, як па ўсёй краіне ішло рабаванне храмаў, знішчэнне царкоўнай маёмасці, на гэтай тэрыторыі ў 1921 — 1939 гадах, званы гучалі, адліваліся. Людзі для гэтага збіралі па капейчыне. Ды і пасля Вялікай Айчыннай савецкая ўлада не змагла знішчыць традыцыі дарэшты. Людзі тады былі іншыя, яны не ўяўлялі жыцця без храма. У 1960-я яны з віламі ды граблямі абаранялі храмы і званы…

Сотні запісаных Аленай Шацько шчырых эмацыйных інтэрв’ю са святарамі, званарамі, гісторыкамі і вернікамі — сведчанне адмысловага стаўлення да звону і яго гучання як да чагосьці нематэрыяльнага. Некаторыя рэдкія кадры гутарак са спадчыннымі званарамі з вёсак Докшыцкага раёна ўвайшлі ў фільм “Магія гуку, або Аб чым звоніць звон” (яго можна знайсці ў Інтэрнэце), які быў прадэманстраваны удзельнікам сустрэчы. Сёння тых званароў ужо няма, але іх манеру працягнулі вучні: традыцыя не перарвалася.

Падчас візіту ў Віцебск Алена выступіла з лекцыямі ў адзінай на Беларусі дзіцячай школе званароў пры Пакроўскім саборы, у духоўнай семінарыі. Дзякуючы даследаванню традыцыйныя званы сельскіх праваслаўных храмаў захаду Беларусі стане магчымым прапанаваць для занясення ў спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.

Таццяна САЛАЎЁВА


Мінск / Супраца і інтэрактыў

Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы стала працуе над пашырэннем праграмы ўзаемадзеяння са школамі. На пачатку навучальнага года была падпісана дамова аб супрацоўніцтве са сталічнай гімназіяй № 37.

У планах — урачысты прыём у гімназісты, які адбудзецца ў музеі Песняра, удзел у праекце “Закуліссе” і сумеснай з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі акцыі “Чытаем Купалу разам”, у “Гуканні вясны”, інтэрактыўных музейных праграмах і ў Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”: тады вучні старэйшых класаў стануць не проста наведвальнікамі, а памочнікамі-валанцёрамі.

У верасні адбылася першая акцыя “Дзядзька Янка, добры дзень!” з вучнямі пачатковых класаў гімназіі № 37. Для іх музей падрыхтаваў інтэрактыўныя заняткі з загадкамі, казкамі, крыжаванкамі і, канешне ж, падарункамі. А напрыканцы кастрычніка адбылося “Пасвячэнне ў гімназісты” вучняў пятых класаў гімназіі № 37. Падчас урачыстасці для дзяцей, бацькоў і настаўнікаў была арганізавана інтэрактыўная праграма з пошукам музейных экспанатаў, віктарынамі, загадкамі, майстар-класамі, сюрпрызамі і падарункамі. Кульмінацыяй імпрэзы стала ўручэнне акадэмічных шапачак і складанне клятвы гімназіста.

З 10 лістапада музей пачаў запіс на “Калядкі ў Купалавым доме”, якія будуць ладзіцца з 21 снежня па 6 студзеня некалькі разоў на дзень. Для маленькіх сяброў і іх бацькоў мы падрыхтавалі цікавую святочную праграму і прапаноўваем даведацца, як адзначаюць Каляды ў Беларусі цягам апошніх ста гадоў.

Вольга ПАРХІМОВІЧ, загадчык аддзела культурна-адукацыйнай работы Літаратурнага музея Янкі Купалы