Пакуль гарыць Свяча?..

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Аграгарадкі бываюць рознымі
Напярэдадні камандзіроўкі папярэдзілі кіраўніцтва раённых аддзелаў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі на Лепельшчыне, Бешанковіччыне і Лёзненшчыне, што будзем тут “паляваць” па станоўчы досвед культурнага развіцця. Думалася ў сувязі з гэтым, што паўсюль будзе ўзорны парадак і спрыяльная падстава для шырокага абагульнення назапашанага вопыту. На жаль, нашы спадзяванні ў адным з раёнаў Віцебшчыны не пацвердзіліся. Але спачатку — працяг гаворкі пра тактыку і стратэгію лепельскай культуры.

/i/content/pi/cult/560/12270/10-1.jpgКоцікі цяпер адпачываюць

Вельмі важна, падаецца нам, спыніцца на дзейнасці Лепельскага РДР, скіраванай на рост наведвальнікаў, і не толькі гурткоўцаў. Тутэйшы Дом рамёстваў — не замкнёная на сабе вытворчая сістэма. Гэта, хутчэй, адкрытая відовішчная (так, менавіта відовішчная!) арганізацыя культуры.

Салон-крама “Скарбонка”, з якой і пачынаюцца памяшканні РДР, — своеасаблівая мастацкая галерэя. Апрача гэтага (калі прайсці трошкі далей), ёсць тут і сапраўдная выставачная зала са зменнай экспазіцыяй. І мы шчыра раім чытачам “К”: будзеце ў Лепелі, не прайдзіце міма РДР, бо потым пашкадуеце.

У зале выстаўляюцца мастакі і рамеснікі, прафесійныя і самадзейныя. Падбор твораў заўжды — на самы вытанчаны мастацкі густ. Мы, да прыкладу, заязджаем сюды пры любой нагодзе. Некалі тут выстаўлялася цудоўная калекцыя інсітнай керамікі Зінаіды Ляйко. На вялікі жаль, майстрыха-рамесніца пайшла ўжо з жыцця, але пакінула пасля сябе неверагодную творчую спадчыну. Жанчына вельмі любіла катоў і пастаянна ўвасабляла іх выявы ў гліне. Кожны з такіх твораў — адрозны ад іншага, характарны! Апошнія вырабы Зінаіда Ляйко не паспела пафарбаваць і абпаліць. Але і на гэтых катоў можна глядзець бясконца, бо паступова пачынаеш разумець, як думала аўтарка, што адчувала і чаго хацела ад сваёй творчасці. Словам, ад наведвання такіх выставак атрымліваеш неверагодную энергію шчырасці, якая дапамагае ў працы.

І гэтым разам запыталіся: “А дзе коцікі?”. “Адпачываюць”, — адказала кіраўнік РДР Алена Барадзейка. Усё правільна. Коцікі стаміліся ад чужых вачэй, ім трэба “адпачыць” у фондах ды паднабраць сіл, патрачаных на нас. Неўзабаве яны зноў вернуцца на экспазіцыйныя паліцы. Гэта як святло згаслай зоркі. Аўтаркі ўжо няма, але дабрыня яе ўпэўнена асвятляе. Час ад часу і святлу патрэбны адпачынак…

Новая экспазіцыя — не менш цікавая ды пранізлівая. У галерэі РДР выстаўлены жывапіс Алены Бязега. За яго ўважлівым аглядам затрымаліся надоўга. Дзіўная справа: жанчына пачала вучыцца маляваць у 61 год. Смяецца: “У групе пры ДШМ я была самай “малодшай”. Дзясяткі твораў напісаны за апошні год. Такі тэмп дапамагае Алене Фёдараўне змагацца з адзінотай і хваробамі. Мастачка выглядае бадзёрай. Яе творы — таксама. Так, іншым разам не стае тэхнікі, але ўсё гэта кампенсуецца шчырасцю і вялізнай прагай жыць не толькі для сябе. Побач з рэалістычнымі выявамі — абсалютна нечаканыя палотны. Да пракладу, чалавек у лодцы на аранжава-чырвонай воднай роўнядзі. Колер — не са спакойных. Але ад яго сыходзіць нейкае спакойнае ўпэўненае ды шчырае замілаванне. Хіба ж гэта не цуд!.. Вось які лірычны раздзел у нас атрымаўся.

А цяпер давайце разам падумаем: чаму большасць РДР Беларусі і на недахоп плошчаў пакутуюць, і не з’яўляюцца вось такімі адкрытымі і карыснымі для наведвальнікаў. Казаць па шчырасці, дык гэтых наведвальнікаў увогуле няма, адны толькі гурткоўцы. Дык ці не час зрабіць Лепельскі РДР, як цяпер прынята казаць, мадэльным? Няхай сюды прыязджаюць кіраўнікі РДР з усёй рэспублікі, натхняюцца ўбачаным ды пераймаюць вопыт. Свет не абмяжоўваецца роднымі весніцамі, ён — бясконцы і шматгранны. Нагодай для такога прыезду можа стаць і выстаўка “Фарбы Лепель-шчыны”, што ладзіцца ў райцэнтры раз на два гады і прадстаўляе працы як прафесійных мастакоў, так і аматараў ды пачаткоўцаў.

Напрыканцы раздзела вельмі хочацца памарыць, што першы паверх будынка крамы таксама стане ўласнасцю лепельскай “Скарбонкі” (так называецца не толькі сувенірны салон, але і суполка тутэйшых народных майстроў, якія займелі ўжо статус “Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь”). Тады можна будзе перанесці ганчарныя майстэрні, якія ледзь змяшчаюцца ў аддзелаўскіх кабінетах. А ў наведвальнікаў з’явяцца дадатковыя магчымасці на ўласныя вочы прасачыць за стадыямі ганчарскай справы, бо на працу прафесіянала можна глядзець бясконца.

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Мы мала пішам пра тэрапеўтычны эфект сапраўднага мастацтва. А шкада. Невыпадкова людзі, якія не мелі да яго ніякага дачынення, у сталым веку пачынаюць цягнуцца да музыкі, жывапісу, прыгожага пісьменства. Не як спажыўцы, а як аўтары-творцы. Так, трапляюцца графаманы і эпігоны, але шмат выпадкаў і таго, што аматары нечакана ўзнімаюцца да высокага ўзроўню шчырай самарэалізацыі. Ці не дамы рамёстваў павінны тут весці рэй?

“Бібліятэчная” ткачыха

І ў працяг вышэйназванай тэмы. Не першы раз мы сустракаемся з тым, што пры сельскай бібліятэцы ці клубе дзейнічае ці дзейнічаў невялічкі ткацкі цэх. Меў месца такі сімбіёз і ў Домжарыцах, пра якія мы пісалі ў мінулым нумары “К”.

Як нам патлумачыла намеснік начальніка аддзела ІРКСМ Тамара Бароха, цягам некалькіх дзесяцігоддзяў у Домжарыцах дзейнічала такая ўстанова, як Сельскі дом ткацтва. Аднак глабалізацыя і ўрбанізацыя не пакінула ёй перспектыў. У вёсцы засталося мала моладзі, а ахвотных навучыцца гэтаму рамяству — яшчэ менш. Цяжка не пагадзіцца з думкай, што калі няма працэсу пераемнасці, дык сэнс у існаванні такой установы губляецца. У выніку аптымізацыі Сельскі дом ткацтва разам з кроснамі і майстрам перанеслі ў вёску Старое Лядна. Дадаліся саломкапляценне, кераміка. У выніку ён трансфармаваўся ў Дом народнай творчасці. Пасля апошняй аптымізацыі ўстанова стала філіялам Лепельскага РДР.

Але калі ёсць Дом народнай творчасці, дык чаму б не зрабіць школу народных рамёстваў па ўзоры іванаўскай, горацкай, любанскай? Ад такой ідэі ў Лепелі катэгарычна не адмаўляюцца, але маюць свае контраргументы: спасылаюцца на вялікія выдаткі — трэба наймаць настаўнікаў, шукаць памяшканне, рыхтаваць базу для навучання. Ды і Тамара Максімаўна сумняецца ў мэтазгоднасці стварэння ў райцэнтры падобнай школы, бо пераканана, што традыцыйная культура бліжэй, найперш, сельскаму насельніцтву. На яе думку, сучаснасць дыктуе свае ўмовы, а традыцыя адыходзіць на другі план, становіцца дэкаратыўнай.

І тым не менш Лепельшчына можа пахваліцца сваёй сістэмай навучання народнай культуры: сёння там эфектыўна працуе Стайская дзіцячая школа традыцыйнай культуры — філіял Лепельскай школы мастацтваў. Яе дзейнасць ахоплівае песенную, харэаграфічную, танцавальную традыцыйную культуру мясцовага рэгіёна, а таксама дэкаратыўна-прыкладное мастацтва.

Што ж, мусім толькі пашкадаваць, што лепельскія Стаі гэтым разам засталіся збоч нашых аўтатураўскіх шляхоў.

Знарок у Камені

А вось у вёску Камень — апошнюю ў нашым аўтаваяжы па Лепельшчыне, — усё ж патрапілі. Галоўная адметнасць паселішча ў тым, што непадалёк ад яго нарадзіўся Тодар Кляшторны, які стаў паэтам і быў беспадстаўна рэпрэсаваны ў 1937-м. Пры бібліятэцы, якой кіруе Ірына Знарок (ацаніце смак беларускага прозвішча!), дзейнічае музей пісьменніка. Маленькі, але досыць цікавы. Сімвалічна, што наш прыезд супаў з днём ушанавання памяці таленавітага літаратара.

Музей створаны яшчэ ў 2003 годзе. Ірына Знарок узначальвае ўстанову з 2009-га, а разам з тым з’яўляецца і дэпутатам мясцовага сельсавета. Такое спалучэнне ідзе на карысць агульнай справе: сельсавет дапамагае скасіць траву вакол будынка, падфарбаваць падлогу, абслугоўваць аддаленыя вёскі, прадастаўляючы транспарт…

Але вернемся да музея. Тут выклікаюць інтарэс асабістыя рэчы з хаты, дзе нарадзіўся будучы пісьменнік: ягоная калыска, мэбля і посуд, якім карысталася сям’я Кляшторных, унікальныя фотаздымкі пачатку ХХ ст., з якіх можна сярод іншага даведацца, што бацька Тодара Кляшторнага быў выдатным майстрам па вырабе мэблі.

Пераняла літаратурны талент бацькі старэйшая дачка Тодара Тадзіяна: пісала вершы для дзяцей, вяла літаратурны гурток. Менавіта яна і стала заснавальніцай гэтага музея. Дзякуючы яе высілкам і разуменню мясцовых работнікаў культуры кожны год на дзень нараджэння творцы, 11 сакавіка, ладзяцца “Кляшторнаўскія чытанні”, якія не абмінаюць пісьменнікі і літаратуразнаўцы. Дзейнічае пры бібліятэцы-музеі і клуб для падлеткаў “Жыватворныя крыніцы”, які рэгулярна ладзіць дні паэзіі. У музейнай зале часам праводзяцца і школьныя ўрокі, на якія прыязджаюць вучні і з іншых раёнаў. Арганізоўваюцца экскурсіі і для тых, хто адпачывае ў навакольных санаторыях — ёсць дамоўленасць з адміністрацыяй гэтых устаноў аб інфармаванні кліентаў пра такую магчымасць.

З музейных сувеніраў тут маюцца толькі буклеты на некалькіх мовах, прысвечаныя музею. Друкуюцца яны на каляровым прынтары на месцы па меры неабходнасці. А ў якасці рэкламы ўстановы Ірына Знарок стварыла старонку бібліятэкі-музея ў адной з сацыяльных сетак, якая ўжо налічвае 270 віртуальных “сяброў”.

Трэба сказаць, што на Лепельшчыне не адна ўстанова такога тыпу. Да прыкладу, ёсць бібліятэка-музей у аграгарадку “Баброва”, якая прысвечана вынаходніцкай дзейнасці даследчыка-селекцыянера Язэпа Мароза.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Каторы раз у час нашых аўтатураў сустракаешся з цікавосткамі, пра якія раней нават і падумаць не мог. Такія ўстановы, як бібліятэка-музей Тодара Кляшторнага, з’яўляюцца патэнцыйным турыстычным аб’ектам, які знаёміў бы не столькі замежных гасцей, колькі, найперш, саміх жыхароў Беларусі з нашымі адметнымі творцамі, са славутымі і трагічнымі старонкамі нашай мінуўшчыны. Вось толькі, каб гэты працэс пачаў набіраць абароты, рэкламы ў сацсетках і высілкаў аднаго чалавека, відаць, замала.

А вось і народ!

Так, столькі наведвальнікаў, як у СДК вёскі Камень, мы за камандзіровачныя дні больш не бачылі. Справа ў тым, што ненаўмысна трапілі мы на рэпетыцыю вакальнага гурта “Беражніцы”, што складаецца збольшага з мясцовай інтэлігенцыі. (Дырэктар Дома культуры Анжэла Пятрышча патлумачыла, што ёсць яшчэ інтэрнацыянальны ансамбль “Раксалана”, тэатр мініяцюр “Самазванцы”…) Спевакоў тым кастрычніцкім вечарам сабрала мастацкі кіраўнік установы Ніна Бяздзенежных. Рэпеціравалі яны пад “мінусоўку” па-беларуску і рабілі гэта так самааддана, што зайздрасць брала: гэтыя ўмеюць узяць ад адпачынку па максімуму. Так, родная песня для “Беражніцы” — адпачынак. Таму і атрымліваецца яна так цудоўна….

Трохі сапсавалі сабе настрой, калі выехалі за Камень і скіраваліся былі на Бешанковічы. Заўважылі на ўзгорку ўзбочыны штосьці падобнае да доўгатэрміновай агнявой кропкі часін вайны. Спыніліся, каб высветліць, якой вайны канкрэтна. Ніякіх указальнікаў-тлумачэнняў не знайшлі, як ні стараліся. Крыўдна. Ад пастаяннай пісаніны пра тое, што бракуе ў Беларусі на рэкламу гісторыка-архітэктурных цікавостак (у тым ліку і фартыфікацыйных), мы на пальцах мазалі панабівалі. Вывад адзіны: пра сталы турыстычны статус нашай дзяржаве марыць ды марыць. Дарэчы, прыдарожных абвестак пра бібліятэчны музей Кляшторнага па трасе на Камень таксама не было…

Цагліна пад дзвярыма

Яшчэ падчас падрыхтоўкі да камандзіроўкі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бешанковіцкага райвыканкама Марына Пясецкая параіла нам па шляху да райцэнтра завітаць у вёску Бачэйкава, дзе ўстановы культуры дзейнічаюць у паркавым антуражы былой сядзібы Цеханавецкіх. Дзякуем за ідэю! Мы ж, дарэчы, былі ў Бачэйкаве разы два, пісалі пра тое, што няблага было б выкарыстоўваць для патрэб культуры колішні службовы флігель сядзібы (дом пісара). Абяцаем наведаць гэтую кропку на карце раёна, калі сітуацыя пакрысе зменіцца.

Па ўласным жаданні і па дарозе на Бешанковічы спыніліся ля аўтобуснага прыпынку ў вёсцы Свяча. Запыталіся ў маладой жанчыны, дзе клуб. Яна не ведала. Выратавала школьніца: “Ды вось ён, за прыпынкам”. Сапраўды, прайшлі якіх сорак метраў і ступілі на клубны ганак. Дзверы былі падпертыя цаглінай. З дапамогай шыльд высветлілі, што нядаўна ўстанова набыла статус “клуба-бібліятэкі” і ў гэты вячэрні час яна павінна працаваць. Падумалі, што хтосьці пажартаваў з кіраўніка ўстановы і “замкнуў” дзверы на цагліну. Адкінуўшы яе, пераканаліся, што ўнутры ўсе дзверы надзейна зачынены на ключ. Ніякіх пісьмовых тлумачэнняў сітуацыі паўсюднай “замкнёнасці” мы не знайшлі.

І ўвогуле, Свяча ў прыцемках добрага аптымістычнага настрою не дадавала. Бліжэйшыя ад клуба цагляныя дамкі глядзелі на вуліцу цьмянымі вачыма. А па гэтай вуліцы цягнуліся да крамы нейкія незразумелыя сугнеістыя асобы. Вокны свяціліся толькі ў краме. Скіраваліся туды і мы. Наведвальнікі вядомага выгляду выстраіліся ў невялічкую чаргу па немудрагелістыя напоі. А крамніцы з ахвотай патлумачылі нам, што цэнтральная сядзіба мясцовай сельскай гаспадаркі перанесена нядаўна ў Бачэйкава. Але Свяча па-ранейшаму застаецца аграгарадком. Адпаведна, робім выснову, клуб-бібліятэка павінен працаваць.

Заставалася здзіўляцца, якімі рознымі на Беларусі з’яўляюцца і аграгарадкі, і іхнія ўстановы культуры.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

У параўнанні з культурай Лепельшчыны культура Бешанковіччыны нагадала беспрытульнае дзіця. Не, яна здзіўляла крэатыўнымі знаходкамі і яркімі асобамі. Але станоўчае ўражанне ўвобмірг замянялася часам нейкім ды прыкрым пралікам. Але пра гэта — у наступным нумары.

Мінск — Лепельскі — Бешанковіцкі — Лёзненскі раёны Віцебшчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"