“Міжнародная” артыстка!

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

“Крыштальнай Зоркай” звычайна адзначаюцца тыя артысты, якія, на жаль, не маюць ганаровых званняў. Але пра Тамару Міронаву даўно ўжо ходзяць тэатральныя байкі, што яна, маўляў, артыстка хаця і не народная, затое — міжнародная. Сапраўды, нарадзілася яна ў Літве, яе бацька — з Мардовіі. У 1995 годзе, працуючы ў тэатры “Дзе-Я?”, іграла на англійскай мове, ды не дзе-небудзь, а на фестывалі ў шатландскім горадзе Эдзінбургу. Дый у спектаклі купалаўцаў “Вечар” іграе акурат між двума народнымі артыстамі, абодвума Генадзямі — Гарбуком і Аўсяннікавым. Можа, тады і загадала на зорку?

 /i/content/pi/cult/155/1227/Mironava.jpg

Ды яна і ў жыцці выглядае зоркай — у адрозненне ад многіх сваіх гераінь, часта куды больш старэйшых за яе па ўзросце.

— І не крыўдна вам, Тамара Васільеўна, бабулек іграць?

— Я ж не ўзрост іграю, а характар. Дый бабулькі бываюць — о-го-го! За такімі і не кожны малады ўгоніцца.

— Вы мне заўсёды ўяўляліся найперш камедыйнай артысткай. Але ж на апошняй Купалаўскай прэм’еры ў вашай Арыне Іванаўне, жонцы Ванюшына, столькі пяшчоты, матчынага клопату і любові да ўсіх...

— Мне хацелася зрабіць сваю гераіню заўважнай, адысці ад стэрэатыпу “шэрай мышкі”. Бо на ёй, па сутнасці, трымаецца ўся сям’я. Дый яна жыве — адно сям’ёй. Гэткі сімвал маці, жонкі — ці ж гэта не актуальна сёння?

— А што сёння ўвогуле, на вашу думку, у тэатры актуальна?

— Усё. І ў кожным з тэатраў — сваё. Нават сама назва — Нацыянальны акадэмічны — сведчыць пра тое, што ў купалаўцаў павінны захоўвацца і развівацца класічныя традыцыі, лепшыя тэатральныя здабыткі.

 

Надзея БУНЦЭВІЧ