Незаўважныя кантэксты

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Месяц фатаграфіі: ад латвійскіх рыбацкіх вёсак — да беларускага аграгарадка
Да канца лістапада на розных пляцоўках Мінска і Беларусі ладзіцца адна з маштабных падзей гэтай восені — Месяц фатаграфіі. 24 экспазіцыі, 11 лакацый — форум, нараджэнне якога адбылося толькі летась, сёлета працягнуў сваю працу, пашыраючы сферу ўплыву. Недаацаніць яго місіі нельга: Месяц фатаграфіі, дэманструючы розныя абліччы фатаграфіі, прыцягвае ўвагу грамадства да гэтага сродку камунікацыі і віду мастацтва. Тым не менш, сёлетні форум, так і не займеўшы галоўнай лініі-тэмы, застаўся на ўзроўні падзеі-“зборкі”: россып разнайстаных выстаў без агульнага кантэксту.

/i/content/pi/cult/560/12266/2-1.jpgІдэнтычнасць

Павучыцца і тут ёсць чаму, але ад другога па ліку Месяца фатаграфіі, прызнаюся, чакала большага. На жаль, па гэтым прынцыпе — вольнага супастаўлення — была пабудавана і галоўная экспазіцыя Месяца, якая размясцілася сёння ў прасторы пляцоўкі “ЦЭХ”.

Дзевяць выставак у адным месцы: ад эстэцкага і адначасова сацыяльнага праекта Франсуазы Юг’е “Камуналка” — да маленькай і густоўнай экспазіцыі, прысвечанай творчасці і плёну на ніве беларускай фатаграфіі заслужанага работніка культуры нашай краіны Юрыя Васільева. Маштаб падзеі адчуваецца, але вось тэматычны фокус, бадай, адзін: сучасная фатаграфія. Знакамітыя серыі Яны Раманавай “Чаканне” і “Азбука агульных слоў”, медытатыўная фатаграфія Андрэйса Строкінса — “Людзі ў дзюнах”, калектыўны праект пад куратарствам Маціаса Хардэра і Марэна Польтэ — “Дзікія — жывёлы ў сучасная фатаграфіі”… Кожная серыя, праект самі па сабе вартыя ўвагі, але вось агульнага кантэксту не заўважалася.

Між тым тры праекты дакладна выбудоўвалі паміж сабой паралелі, звяртаючыся да актуальных пытанняў: што ёсць сёння жыццё на перыферыі? Чаму адны месцы паглынае мінулае, а іншыя — запаўняе новае жыццё? Ці здольныя мы вырвацца з малога кола нашага атачэння? І ці прагнем мы такога прарыву? Гаворка — пра праект “У калідорах памяці” Даніэля Зайферта і Івэты Вайводэ (яго прадаставіў Цэнтр фатаграфіі “C/O Berlin”), серыя “Агра” беларуса Сяргея Лескеця і вышэйзгаданыя “Людзі ў дзюнах” латвійскага фатографа Андрэйса Строкінса.

Што ёсць ідэнтычнасць сучаснай вёскі Рыжскага заліва, якая застыла ў трансфармацыі паміж былой ваеннай базай СССР і новым пасяленнем? Дзюны — і пясок для вытворчасці сілікатнай цэглы. Прырода — і яе выкарыстанне ў прамысловых мэтах. Месца, якое калісьці мела сваё ўтылітарнае прызначэнне, але і падобнае да берагу, які мог бы мець свае “караблі”.

Але аблічча гэтых мясцін — тэрыторыя сталкераў, калі горад яшчэ не набыў уласнай будучыні, застаўшыся пакуль у статусе пэўнай “зоны”. Які лёс у гэтага краю? Ці ёсць ён? Андрэйс дэманструе застылы ў пясках час, калі людзі і маленькае паселішча так і не могуць адчуць сябе тымі, хто паспеў, аглядаючыся на закат былой эпохі.

Прыклад дакладнага, асэнсаванага, актуальнага і, разам з тым, прыгожага выказвання — праекты Іветы Вайводэ і Даніэля Зайфета. Адзначу, што маладыя фатографы сталі пераможцамі конкурсу некамерцыйнага фонду “C/O Berlin”. У якасці ўзнагароды інстытуцыя выпускае кнігу і робіць выстаўку фатографам. І экспазіцыя гэтай выстаўкі на Месяцы фатаграфіі — адна з лепшых. Супастаўленне дзвюх серый аўтараў, якое дае магчымасць убачыць розныя погляды на адну тэму, параўнаць манеры фатографаў — тое, што адразу вылучае праект.

Перад намі — зноў жыццё аддаленых мясцін. У Іветы — гэта радзіма яе сваякоў, дом, у якім яна раней ніколі не была, — Латвія, у Даніэля — Усходняя Германія. Ціхія мястэчкі, якія яшчэ захавалі ў чымсьці нетаропкі, традыцыйны лад жыцця — Пілцэне і Любенаў. Месцы тыя як прытулак і сховішча памяці, месцы, як тое, што перамагае (альбо каго перамагаюць), месца як калідор са сваімі насельнікамі, які вядзе аднекуль… і цікава, куды? Вось, што з’яўляецца прадметам разважанняў аўтараў. Гэта фатаграфія, якая не проста даследуе, яна і пагружае ў сябе, бо мае гэткую глыбіню асабістага роздуму, калі фатограф не хавае работы ўласнай памяці і суб’ектыўнасці.

І трэцяя серыя, якая ўздымае пытанне месца, якое трансфармуецца, гэта — “Агра” беларускага фатографа Сяргея Лескеця. І гэта серыя цалкам падтрымлівае знойдзеную мной лінію. Урэшце, што такое аграгарадок? Якое месца займае ён у іерархіі паміж вёскай і горадам? Хто яго насельнікі? Сяргей задае гэтыя пытанні і, мяркую, шукаючы адказы, не можа “схапіць” сваё дачыненне да аб’екта даследавання. Ці крышыцца сёння падмурак савецкай гісторыі, які ляжыць у аснове гэтага стварэння? Што ўяўляе з сябе жыццё аграгарадка як паселішча ХХІ стагоддзя? У серыі аўтара ўбачыць гэтага ў поўнай меры не давялося. Асобныя ўдалыя партрэты, адметныя сімвалы, панарамы аграгародоцкай тыпавой забудовы… Але ў праекце няма няўлоўнага паветра гэтай прасторы. Што для яе будзённае? Якія яе сучасныя рытуалы? “Месцы жыцця”? Ці ёсць яны? У чым “маята” ягоных жыхароў і іх радасць? Сяргей мае значную перавагу, ведаючы жыццё аграгарадка знутры, але выкарыстоўвае свае веды фрагментарна. Гэта погляд ужо чалавека з пэўнай дыстанцыі, але тую дыстанцыю пакуль не ўдаецца запоўніць ані спагадай, ані асуджэннем. Адсюль — аўтар не можа абраць найлепшую (для праекта) мову фатаграфіі для ўвасаблення ідэі. Хоць, магчыма, поўная версія праекта, а не яго экспазіцыйны варыянт, адабраны куратарам, раскрывае тэму больш.

Ані вёска, ані горад, ані мінулае, ані будучыня… Але ў гэтага месца ўсё ж ёсць сапраўднае? У чым яно, Сяргей?

Трансфармацыя грамадства, трансфармацыя маленькага мястэчка, адчужэнне савецкага і яго дзейснае — вось тыя балявыя кропкі, якія выявілі абраныя праекты, і напэўна, гэтай тэме і мог быць прысвечаны цалкам Месяц фатаграфіі. Такі ўступ і назіранне.

Тым не менш, мае форум і пэўныя вартасці на прыкладзе іншых выставак, але пра іх — у наступным матэрыяле.

Праект “Агра” Сяргея Лескеця — як нагода для разваг і рэдактара аддзела рэгіянальнай культуры нашай газеты Яўгена Рагіна. Журналіст, які ведае вёску і мястэчкі літаральна знутры, займаючыся іх вывучэннем на працягу дзясяткаў гадоў, заглянуў на галоўную экспазіцыю Месяца фатаграфі, каб убачыць праект на сваю тэму і — падзяліцца сваімі меркаваннямі.

Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ


Андэграўнд ці інсіт?

Думалася, што пабачу тлустыя скібы раллі, задаволеныя белазубыя ўсмешкі загарэлых хлебаробаў, традыцыйную барацьбу за ўраджай, важкі яго каравай і сонечныя паверхі новых вясковых крам. Добра, што не пабачыў. Схема была іншай. Больш дакладна, яе ўвогуле не было. Апрача хіба што афіцыйнай схемы планіроўкі аграгарадоцкага дамка. З яе “Агра” і пачынаецца. Пяць разоў падыходзіў да гэтых здымкаў, столькі ж сыходзіў і вяртаўся.

Відэашэраг — як кляксы-тэсты Роршаха. Асацыяцыі — гэткія ж нечаканыя, бо нечаканы сам падбор яўна пастановачных фота. Усё гэта ў суме можна назваць “безабароннай шчырасцю”. Прыехаў маладзён-гараджанін у вёску, паздымаў, што трапілася на вока, атрымаўся эклектычны інсіт на зададзеную тэму. Апранутыя ў чыстае пастаральныя пастушкі, што дапамагаюць на пашы дзядулі. Мускулісты юнак пасля заняткаў на аграгарадоцкім стадыёне. Пазначана, што ён — работнік СВК. Працуе трактарыстам і "качаецца" пасля працы? Прынамсі, я такога самаадрачэння не бачыў. На хлопцы нават загар — не механізатарскі. Уражанне такое, што ў гэтых аграгарадках палеткі — заасфальтаваныя, а наўкол — барацьба цудоўнага з добрым. Аднак, не. Вось той жа маладзён-качок з дзяўчынай на фоне легкавіка. Выява іншамаркі — ключавая? З’едуць у горад? І я гэтаму веру. Адток моладзі — страшэнны. Аднак аўтар хоча разабрацца ў вытоках (ягоная цытата) “вясковага рэнесансу” і называе жыццё ды працу аграгарадоцкіх юнакоў і дзяўчат “актам згоды на дарослае жыццё”. Па-мойму, бяздоказна. Шчыра, але бездапаможна.

У якасці прыдарожнага сервісу адлюстравана нязграбная кавяранька. Тут бы танную і дыхтоўную вясковую сталоўку. Але яны цяпер — рэдкі выпадак па краіне. Калі аўтар пра “вясковы рэнесанс” іранічна, дык зусім іншая справа — я далучаюся да такой пазіцыі. Вёску захоўваюць не такім чынам.

Наступнае фота — таксама як код-намёк. Работа “Графіці”. На бетоннай агароджы мехдвара — адмысловы роспіс. Але гэта не праява стрыт-арта, а кандовая спадчына савецкай прапаганды і агітацыі, дзе безаблічныя постаці на мове сацрэалізму заклікаюць наблізіць вёску да горада. Ці горад да вёскі? Насценная “пісанка” трымаецца на плоце і не блякне. Гэтак жа добра захавалася ў кожным з маіх равеснікаў і савецкасць. І яшчэ адна асацыяцыя, выкліканая чарговай “кляксай”. Грань паміж сялом і горадам пачалі “сціраць” яшчэ напрыканцы 1950-х. Таксама будавалі дамкі для вяскоўцаў, але без гаспадарчых пабудоў на падворку. Навошта карова ў сяле, куды можна будзе прыехаць на тралейбусе? А ў 1980-х я сам бачыў двухузроўневыя катэджы для вясковай сям’і, дзе на першым паверсе гадавалася… цяля. Вёска ўпарта і цягам дзесяцігоддзяў не хоча стаць горадам.

Сумняваюся, што мае рэфлексіі падзеліць равеснік аўтара “Агра”. У кожнага — свае пункты адліку і коды асэнсавання рэчаіснасці… Зноў фотарэжысура: на шурпатым табурэце — ваза. Прыз лепшаму працаўніку на фоне безаблічнага бетоннага кута. Сімволіка выявы — банальная: праца хлебаробская — шурпатая ды мазолістая, але яркі фасад аграгарадка “падсалоджвае” цяжар сялянскай адказнасці. А раптам гэта пратэст супраць таго, што нельга фармальна ставіцца да таго, на чым беларускі свет трымаецца, чым корміцца і поіцца. Так, нашы памідоры часам даражэйшыя за польскія. І ў гэтым таксама парадокс аграгарадкоў.

А ўвогуле, Сяргей Лескець, я вам удзячны. Вы сваёй працай прымусілі спыніцца і задумацца. Няўжо ў вёсках жыць наканавана спаконвечным гараджанам? Прынамсі, хаты сабе яны, будзем спадзявацца, пабудуюць не па тыпавой схеме планіроўкі.

Яўген РАГІН

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"
Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"