Адна з шасці

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Калегі, якія яшчэ і сябры
У галерэі “Вільнюс” — чарговая выстаўка. Гэтым разам адзіны праект склалі творы шасці мастакоў. Пяцёра з іх — жывапісцы. Гэта Анатоль Бяляўскі, Уладзімір Кожух, Міхаіл Гаўрыленка, Уладзімір Дзядзюля, Ігар Арлоў. І адзін скульптар — Аляксандр Батвінёнак. Выстаўка называецца “Сябры”.

/i/content/pi/cult/560/12263/8-2.jpgКалі ведаць творчыя асяродкі, дык такая назва падаецца крыху дзіўнай. Бо канкурэнты сябруюць рэдка. Але ў дадзеным выпадку яна насамрэч адпавядае характару стасункаў паміж згаданымі творцамі. Яны сябры не толькі з прычыны псіхалагічнай і творчай сумяшчальнасці, але і таму, што пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў 1980-х стажыраваліся ў Творчых майстэрнях Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску (куды трапляў далёка не кожны) пад кіраўніцтвам такіх легендарных творцаў, як Міхаіл Савіцкі і Заір Азгур. Плён навучання ў гэтых майстэрнях адчуваецца і ў творах, экспанаваных на гэтай выстаўцы, хоць аўтары вучыліся там трыццаць гадоў таму. Думаю, гэтая акалічнасць, што нараджае пачуццё далучанасці да эліты, і яднае мастакоў, чые творы мы зараз бачым у “Вільнюсе”. Не ўсе ўдзельнікі выстаўкі па жыцці трапілі ў шорт-ліст сваёй творчай спецыялізацыі, але выдатнае майстэрства дэманструюць усе шасцёра. Вось таму мне і шкада, што сёння такіх майстэрняў няма. Можа, варта падумаць пра іх аднаўленне…

Ступень папулярнасці ў згаданых творцаў розная. Бадай, найбольш вядомы сярод іх Уладзімір Кожух, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. Ягоныя творы знаходзяцца ў прэстыжных дзяржаўных зборах і прыватных калекцыях. Не аднойчы карціны Кожуха экспанаваліся за межамі Беларусі, прычым часта не ў складзе групавых выставак, а ў фармаце персаналіі. А персанальную выстаўку, скажам шчыра, пацягнуць здольны не кожны мастак. Кожух — вынаходца адметнага стылю і стваральнік характэрных тыпажоў, якія нясуць адбітак брутальнай прыгажосці. Гэтага дасягнення дастаткова, каб лічыць ягоную творчую кар’еру паспяховай. Тым больш прыемна, што мастак на дасягнутым не спыняецца і ўвесь час шукае і знаходзіць новыя тэмы і вобразы. У гэтай экспазіцыі Уладзімір Кожух прадставіў карціны пераважна на хрысціянскую тэматыку.

Анатоль Бяляўскі працуе ва ўсіх жанрах станковага жывапісу. Ён творца экспрэсіўнага характару. Ягоныя дынамічна выбудаваныя краявіды, сюжэтныя карціны прасякнуты драматызмам на хісткай мяжы з трагічнасцю. Прынамсі, такое ўражанне ад карцін, прадстаўленых тут. Партрэты ж вабяць глыбокім псіхалагізмам.

Міхаіл Гаўрыленка — майстар краявідаў. Ён успрымае прыроду не фонам і рэсурсам жыццядзейнасці чалавека, але самадастатковай каштоўнасцю. Так ставіліся да прыроды нашы продкі ў тыя часы, калі гарады былі маленькія, а далягляды — вялікія. Гараджанін, усё жыццё якога праходзіць сярод бетону і асфальту, глядзіць на гэтыя краявіды з непрыхаванай настальгіяй.

Уладзімір Дзядзюля працуе не толькі ў станковым жывапісе, але і ў манументальна-дэкаратыўным мастацтве. Праз гэта ў ягоных карцінах выразна праяўляецца дэкаратывізм, абагульненасць формаў, яркасць колеру. Да сваіх мадэлей аўтар ставіцца з добрай іроніяй, што не перашкаджае яму бачыць свет з філасофскага гледзішча.

Для Ігара Арлова гэта выстаўка — пасмяротная. Сёлета мастак пайшоў з жыцця. Яму было пяцьдзясят дзевяць гадоў. Гэтая сумная акалічнасць надае драматызм нават тым работам мастака, дзе закладзены ў аснову аптымістычны настрой і светлыя фарбы. Канкрэтыка і таямнічасць — вось, бадай, асноўнае, чым вабіць ягоны 
жывапіс.

Скульптар Аляксандр Батвінёнак з усіх жанраў аддае перавагу партрэту. Прычым, звяртаецца да знакавых постацей айчыннай і сусветнай культуры. Яго вабяць асобы, што здолелі пабудаваць віртуальны свет, які станоўча ўплывае на рэчаіснаць, фарміруе яе ў адпаведнасці з прынцыпамі гуманізму. Скульптар лічыць галоўным не партрэтнае падабенства, але сугучнасць аблічча ўнутранаму свету асобы.

Экспазіцыя атрымалася камернай паводле формы і разгорнутай зместам, шырынёй тэматычнага раскладу, сэнсавай глыбінёй 
твораў.

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"