Прамалёваны этнапрофіль

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Вячаслаў КАЛАЦЭЙ, загадчык кафедры этналогіі і фальклору Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў
Пасля IV Расійска-беларускага адкрытага конкурсу народнага песеннага мастацтва “Як на рэчцы была на Фантанцы” варта павіншаваць прызёраў і ўзважыць, — наколькі ўзнагароды прадстаўнікоў Беларусі — студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (Гран-пры ансамбля “Грамніцы”, лаўрэацкі дыплом фальклорнай суполкі “Таццянка-Вяснянка”, дыпломы салістаў) былі абумоўлены арыенцірам на каранёвыя формы культуры Беларусі.

/i/content/pi/cult/560/12260/5-2.jpgКонкурс “Як на рэчцы была на Фантанцы” ладзіцца ў Санкт-Пецярбургу ў мэтах расійска-беларускага сяброўства. Ля яго вытокаў стаялі былы міністр культуры Беларусі Павел Латушка, сёняшні рэктар Санкт-пецярбургскага дзяржаўнага інстытута культуры Аляксандр Тургаеў, заснавальнік аднога з расійскіх гісторыка-культурных фондаў Юрый Бундзін. Імпрэза мае сучасны менеджмент, фінансавую падтрымку, сталае кола гледачоў, дзе пераважае музычнае, тэатральнае і арыентаванае на спаціжэнне мастацтва студэнцтва.

Сёлета ўдзельнікамі конкурсу ў Санкт-Пецярбургу былі прадстаўнікі рэгіянальных школ рускага песеннага мастацтва, майстры фальклору з аўтаномій Расіі, бліскучыя маскоўскія і пецярбургскія фальклорныя выканаўцы. Аднак Гран-пры за стылістычна вывераную інтэрпрэтацыю палескіх спеваў, за адноўленую старажытную кантавую беларускую традыцыю і за густоўную траістую інструментальную музыку звезлі ў Мінск “Грамніцы” — адзін з першых фальклорна арыентаваных студэнцкіх гуртоў Беларусі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Зяневіча. А лаўрэацтва першай ступені ў фальклорнай намінацыі расійскі ансамбль народнай музыкі “Златацвет” Маскоўскага дзяржаўнага інстытута культуры падзяліў са студэнтамі спецыялізацыі “Этнафоназнаўства” БДУКіМ — курсавым гуртом “Таццянка-вяснянка” Ларысы Рыжковай. Творчасць апошняга калектыву, заснаваная на метадзе дэманстратыўнай антрапатэхнікі (навучанні без нот, а з аўдыя- і відэакрыніц і з вуснага пераймання ад носьбіта фальклору) глядзелася надзвычай пераканаўча і свежа.

У залах палаца прынцаў Альдэнбургскіх (дзе сёння размяшчаецца СПбДІК) у свой час разгортваліся падзеі “Пікавай дамы” Пушкіна, яго паркет цягам трох папярэдніх стагоддзяў краналі аксамітныя патофлікі арыстакратычных модніц “паўночнай Венецыі”, а ў ХХІ стагоддзі адмыслова збалансаваная акустыка яго пазалочаных скляпенняў нечакана ўзвібравала ад беларускіх загуканняў вясны, смыковай і дударскай музыкі і полечных “драбух”, ад паўночнарускіх кугіклаў, пскоўскіх звонкіх гусляў і курскіх карагодаў... “Фальклорная” дамінанта конкурсу была сёлета заўважная “няўзброеным вокам”.

Сапраўды, у сучасным свеце ўсё больш цэніцца “твара не агульны выраз” — мастацтва з добра прамалёваным “этнічным профілем”, якое дапамагае і творцам, і гледачам сябе ідэнтыфікаваць прадстаўнікамі свайго народа. Сёлетняя конкурсная перамога мінчан — працяг лініі на “этнаарыентаванае” прадстаўніцтва Беларусі на гэтым музычным форуме, акрэсленай рэктарам БДУКіМ Юрыем Бондарам у 2013 годзе, калі ўпершыню Гран-пры “схіліўся” ў напрамку фальклорнай намінацыі і быў дастаўлены ў Мінск гуртом “Талака” — выпускнікамі і вучнямі Уладзіміра Зяневіча. Чым больш школ, каледжаў, мастацкіх устаноў вышэйшай адукацыі будуць будаваць свае праграмы на этнаспадчыне Беларусі — тым больш ацэненым і запатрабаваным будзе творчасць іх выпускнікоў. Этнічная музыка адлюстроўвае глыбінную мадэль свету кожнага народа. Таму — пакуль мы чуем і здольныя ўзнавіць каранёвыя беларускія спевы, іх глыбінны і непаўторны гук, мы дакладна ведаем — хто мы і скуль мы, — і нават падсвядома дзелімся гэтым усведамленнем з тымі, хто навокал. А яны — заўсёды пачуюць, ацэняць і ўшануюць гэта.