Чыя тэрыторыя бібліятэка?

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Гомельская абласная: “Пакаленне Мы”
Сёлета, у Год моладзі, Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка запусціла наш праект “Пакаленне МЫ”. Мы стварылі яго разам з загадчыкам аддзела літаратуры па мастацтве Святланай Курашовай. Мэты — прыцягнуць маладых чытачоў, павысіць прэстыж кнігі і чытання, паказаць, што бібліятэка — не толькі сховішча выданняў, але і месца, дзе жыццё віруе.

/i/content/pi/cult/560/12256/12-2.jpgПраект разлічаны на год, працуе ён у розных фарматах на некалькіх пляцоўках і разбіты на блокі “Час дзейнічаць”, “Час чытаць”, “Час пазнаваць”, “Час тварыць”, “Час жыць і быць здаровым”. Пастараліся ахапіць усе бакі цікавых тэм: валанцёрства, творчасць, самаразвіццё і атрыманне актуальных ведаў… У праграме: флэш-мобы і квэсты, дабрачынныя акцыі і літаратурныя чытанні, выстаўкі і канцэрты, трэнінгі, майстар-класы, дні бясплатнага абанемента… Рэалізавана ўжо шмат нашых ідэй. Распавяду пра самыя рэзанансныя акцыі.

Вершы ў кішэні

Гэтую акцыя правялі 20 сакавіка напярэдадні Сусветнага дня паэзіі. Мерапрыемства — нешараговае. Гаворка пра новы фармат сацыяльнай камунікацыі, дзе паведамленне выглядае як картка з радкамі класіка. Уявіце: яна раптам з’яўляецца ў кішэні мінака. Рэакцыя ў адказ заўжды зацікаўленая і эмацыйная: чалавек прыемна здзіўляецца і чытае. Бібліятэчная моладзь выбрала ўлюбёныя вершы, размясціла іх на імправізаваных каляндарыках (іх было 370) і раздавала асобнікі на вуліцах. А на пляцоўцы ля бібліятэкі працаваў “свабодны мікрафон”, і ўсе аматары паэзіі, якіх аказалася нямала, чыталі творы.

Падары радасць дзіцяці

У фае бібліятэкі праходзіў збор велікодных шакаладных яек для дзяцей, пазбаўленых бацькоўскага цяпла. Валанцёры сабралі 175 салодкіх сюрпрызаў. Дапамаглі студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта транспарту, Беларускага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта спажыўкааперацыі, Гомельскага інжынернага інстытута Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь і навучэнцы гімназіі № 56. Нашы супрацоўнікі таксама сабралі 28 падарункаў, а яшчэ падрыхтавалі тэматычную пастаноўку.

Спачатку ладзілі акцыю ва Улукоўскай дапаможнай школе-інтэрнаце: трэба было бачыць светлыя і шчаслівыя дзіцячыя тварыкі! Апрача традыцыйных для гэтага свята яек, малечы атрымалі падарункі ад “Гомельхлебпрама” — нашага шматгадовага партнёра. Потым мы наведалі Гомельскі дзіцячы дом… Вельмі спадзяёмся, што падобныя мерапрыемствы стануць традыцыйнымі.

Бібліятэка — тэрыторыя маладых

Красавік быў адметны тым, што ў чытальнай зале Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны адбылася канферэнцыя “Бібліятэка — тэрыторыя маладых”. Была прапанавана прэзентацыя абласной установы. Аддзелы перыядычных выданняў, літаратуры на замежных мовах, літаратуры па мастацтве распавялі пра сваю работу. Студэнты пазнаёміліся з бібліяграфічным аглядам літаратурных навінак, з анонсам мерапрыемстваў праекта “Пакаленне МЫ”. Падобныя сустрэчы адбудуцца ў кожнай гомельскай вышэйшай навучальнай установе.

Памяняй цыгарэту на цукерку

У Сусветны дзень без тытуню (31 мая) бібліятэка разам з Гомельскім абласным спартыўным клубам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі зноў выйшла на вуліцы. Гаворка ішла пра шкоду курэння. Гамяльчане знаёміліся з медыцынскімі рэкамендацыямі для тых, хто вырашыў развітацца з небяспечнай звычкай. А валанцёры абменьвалі цыгарэты на цукеркі. Спецыяльна для акцыі было зроблена сто буклецікаў з інфармацыйнымі матэрыяламі. А на бібліятэчным ганку гучала энергічная музыка.

Арт-фэст “БІБЛІЯ#кантакт”

19 чэрвеня у нас пачалі працаваць пляцоўкі, на якія зазірнуў бадай кожны мінак. “Біблія#двор” прапаноўваў інтэрактыўны адпачынак і забаўкі для інтэлектуалаў. Запаўнялася дошка з пажаданнямі бібліятэцы. На кніжнай выстаўцы прэзентаваліся выданні пра музыку, аўтамабілі і матацыклы, макіяж і моду, чытанне для адпачынку і развіцця. На “Кніжным развале” можна было прыдбаць букіністычныя выданні.

Фотасцяна “Пазнай сябе сярод чытачоў бібліятэкі” ўразіла многіх: не кожны чакаў пабачыць сябе на вялікім прыгожым палатне. А на прыступках установы перад публікай працаваў малады мастак.

Мотаклуб “Начныя ваўкі” накіраваў сваіх прадстаўнікоў на “жалезных конях”. Ахвотныя зрабіць з імі сэлфі выстройваліся ў чэргі. Побач можна было пабачыць, як твораць спецыялісты па мехендзі (татуіроўка хной) і аквамакіяжу. На “Лаве пакінутай кнігі” любы ахвотны меў магчымасць атрымаць кнігу ці абмяняць сваю.

Асноўнай дзеяй фэсту стала канцэртная праграма “Бібліятэка — тэрыторыя маладых”. Выступілі народны студэнцкі хор народнай песні “Радзейка” Гомельскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага, танцавальныя калектывы “MIXdance” і “Strawberry”, студыя ўсходняга танца, студыя чэрлідынгу (сінтэз танцаў, гімнастыкі і акрабатыкі), дуэт светлавога шоу. Інструментальныя творы прапанавалі самыя розныя гурты і салісты.

Анастасія КАРАТКЕВІЧ, загадчык аддзела перыядычных выданняў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі