Застаўся самім сабой…

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Здаецца, усё ў Светлагорскай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава адбывалася так, як у лістападзе 1998 года. Чымсьці вельмі роднасныя сваімі краявідамі карціны, тыя ж самыя прыхільнікі таленту знакамітага земляка. Нават народныя песні быццам паўтараліся з таго часу… І словы, узнёслыя ад захаплення, таксама быццам тымі ж. Не было толькі самога мастака.

/i/content/pi/cult/560/12255/12-1.jpgДва гады таму не стала Пятра Захарава. Пасля пажару ў будынку Мазырскага драматычнага тэатра імя Івана Мележа, дзе загінулі амаль усе яго дэкарацыі да спектакляў беларускай класікі, ён пражыў нядоўга. Не вытрымала хворае сэрца.

І вось першая пасмяротная выстаўка з 23 твораў, так пазнавальных для яго землякоў, бо многія завіталі ў галерэю, каб яшчэ раз пабачыць Карпавічы ў фарбах — родную вёску мастака. А я доўга не мог адысці ад сузірання “Калядак на Палессі”. Воблачныя дрэвы, таямніча-казачны паўзмрок, непаўторна пазнавальныя вяскоўцы, разгарнуты мелодыяй гармонік і аблічча аднаго з калядоўшчыкаў… Здаецца, мастак нават здолеў напісаць і задорныя галасы тых, каго бачым. Гучная карціна!

Калі б нават не ведаў, што Пётр Захараў амаль усё сваё працоўнае жыццё звязаў з мазырскім тэатрам, то і тады было б няцяжка заўважыць тэатральную сутнасць гэтага мастака. Яго творы вызначаюцца менавіта той неабходнай дэкаратыўнай манументальнасцю, лаканічнасцю мастацкага абагульнення, адкрытай яркасцю каларыту, якія дазваляюць ім цудоўна глядзецца здалёк, сцвярджаючы рэальнасць уяўнага або ўяўнасць рэальнага. Нават нацюрморты “Гарбузы” (на здымку), “Перагрэліся”, “Стомленыя трубы” выглядаюць чымсьці па-тэатральнаму дэкарацыйна і ў той жа час з нейкім зразумелым псіхалагічым падтэкстам. І вялікія, і сціплыя па сваіх памерах карціны таленавіта пашыраюць прастору, выклікаючы адчуванне бясконцасці вясновых і восеньскіх палёў, дубраў, бярозавых гаёў. Таму так прывабліваюць “Верасень”, “Набярэжная Мазыра”, “Свіслач”, “Лістапад”, “У лесе” і нават безыменны “Пейзаж”, які так і хочацца назваць “Прасветленасцю” за яго нястрымнае бярозавае святло. Ля такіх краявідаў пачуваеш сябе менавіта там, дзе яны былі напісаны.

Памятаю, як Пётр Сяргеевіч расказваў мне, што пасля заканчэння Віцебскага мастацка-графічнага вучылішча пераехаў у Мазыр, што яго творчую сутнасць хораша ацанілі вядомыя тэатральныя мастакі Барыс Герлаван і Яўген Чамадураў, якія і рэкамендавалі ў творчы саюз, што ў свой час быў узнагароджаны памятнымі залатымі медалямі па выніках усесаюзных тады аглядаў тэатральна-мастацкай творчасці. І заўжды вучыўся свядома і падсвядома ў Бялыніцкага-Бірулі, Цвіркі, Вашчанкі, Шчамялёва, Бараноўскага, Алейніка, Казакевіча… Але і тады было бачна, а зараз тым больш відавочна, што ён застаўся самім сабой, прыемна здзіўляючы майстэрскім абагульненнем, імпэтнасцю каларыту, безагляднай смеласцю сюжэтных і кампазіцыйных рашэнняў.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск