“Вялікая опера” і стажыроўкі

№ 46 (1224) 14.11.2015 - 20.11.2015 г

Як развівацца вакалісту?
У вялікай зале Белдзяржфілармоніі выступілі лаўрэаты вядомага расійскага тэлеконкурсу “Вялікая опера” — казашка Салтанат Ахметава (С.А.) і беларус Ілья Сільчукоў (І.С.). У іх выкананні прагучалі рамансы рускіх кампазітараў. Мы ж скарысталіся магчымасцю даведацца, сярод іншага, пра карысць удзелу салістаў у телепраграмах і стажыроўках.

/i/content/pi/cult/560/12254/13-2.jpg— Каму належыць ідэя выступлення ў Мінску?

С.А.: — З паўгода таму ідэя з’явілася ў мастацкага кіраўніка “Музычнай гасцёўні” Белдзяржфілармоніі Таццяны Старчанка. Мы з радасцю яе падхапілі і сталі абмяркоўваць праграму канцэрта, выбіраць рамансы. Некаторыя з іх, сачыненні Рахманінава і Чайкоўскага, я спявала раней, калі вучылася ў Акадэміі музыкі ў Астане, а іншыя, напрыклад, творы Глінкі і старадаўнія рамансы, падрыхтавала адмыслова для гэтага выступу.

І.С.: — Некаторыя рамансы я таксама спяваў студэнтам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, дзе вучыўся спевам у класе Пятра Рыдзігера, іншыя ж вывучваў цяпер. Выкананне камернай музыкі патрабуе пэўнай манеры, адрознай ад выканання оперных партый. Таму пры падрыхтоўцы да гэтага канцэрта, безумоўна, пашырыў свой творчы далягляд. Урэшце, мне падабаецца спяваць песні — беларускія, рускія, італьянскія, — і я іх неаднаразова выконваў.

С.А.: — Хочацца падзякаваць Таццяне Старчанка, якая акампаніравала нам і засведчыла абсалютную дакладнасць ў стылістыцы выканання музыкі рускіх кампазітараў. Ілью было лягчэй, бо ён жыве тут, у Мінску, аднак Таццяна знайшла час і ў кастрычніку прыехала ў Астану, каб мы змаглі ўсё спакойна і старанна адрэпеціраваць. Любоў жа да рускага раманса абудзіла ў ва мне педагог — знакамітая казахская спявачка Харлан Каліламбекава.

— Вы абое, напэўна, падтрымліваеце творчыя кантакты з педагогамі?

С.А.: — Педагог — мой галоўны дарадца ва ўсім, асабліва ў выбары рэпертуару. Вядома, цяпер яна не працуе са мной так шчыльна, як раней, але я прашу паслухаць мяне, калі твор ужо гатовы, вывучаны самастойна.

І.С.: — Я ж заўсёды стараюся запрашаць на свае выступленні Пятра Рыдзігера. Як строгі, але добры дарадца Пётр Васільевіч дзеліцца са мной заўвагамі, адзначае, над чым яшчэ трэба папрацаваць. Урэшце, тое натуральна: спявак павінен вучыцца ўсё жыццё.

— Напэўна, яшчэ адзін шлях для творчага росту спевака — стажыроўка.

С.А.: — Так, сёння надзвычай важна быць у курсе падзей у вакальным свеце, слухаць, як спяваюць калегі ў розных оперных тэатрах. Такую магчымасць можна атрымаць у міжнародных акадэміях. Я абрала Італію, і не памылілася ў сваім выбары. Пашырыліся веды ў галіне выканальніцкай вакальнай стылістыкі ў акадэмічнай музыцы, атрымала я і школу ўдасканалення італьянскай мовы — ці не галоўнай для вакаліста-акадэміста, вывучала італьянскую, французскую і нямецкую музыку розных часоў. Майстар-класы праводзілі вядомыя спевакі і педагогі. Скажам, аднойчы занятак давала Сільвія Шаш, якая працавала са мной над камерным рэпертуарам, а затым мы разам спявалі ў канцэрце, што адбыўся ў Рыме. У акадэмію таксама прыязджалі музычныя агенты і артыстычныя дырэктары фестываляў. Такім чынам, у рамках заняткаў прадастаўлялася рэальная магчымасць і папрацаваць з вопытнымі майстрамі, і быць пачутым кімсьці са сферы еўрапейскага опернага менеджменту. Гэта шлях для будучых ангажэментаў.

І.С.: — А мне пашчасціла стажыравацца на працягу трох месяцаў у рамках аўстрыйскай праграмы для маладых спевакоў Зальцбургскага фестывалю. Я наведаў усе спектаклі, якія ўвайшлі ў яго праграму, паслухаў, як спяваюць у іх знакамітыя выканаўцы. Акрамя таго, прыняў удзел у майстар-класах выбітных дырыжораў і спевакоў-барытонаў.

— Мяркую, школай стаў і ўдзел у праекце “Вялікая опера” расійскага тэлеканала “Культура”, пераможцай якога названа Салтанат, а Ілья заняў трэцяе месца...

С.А.: — Няхай гэта і шоу-конкурс, але ўсе ўдзельнікі сапраўды вельмі сур’ёзна рыхтаваліся да выступленняў. Дзякуючы “Вялікaй оперы” мы сталі вядомымі ў многіх краінах, паколькі расійскі канал “Культура” транслюецца на розных кантынентах. Хто б, напрыклад, даведаўся пра мяне ў Беларусі, каб ні гэтыя тэлеперадачы?

І.С.: — Разам з тым, тэлеканал не займаецца далейшым прасоўваннем пераможцаў. Але цяпер, у эпоху медыя, тэлебачанне творыць цуды. Я маю на ўвазе папулярызацыю артыстаў. Дзякуючы гэтаму праекту нас ўбачылі і пачулі тысячы людзей. І сярод іх ёсць тыя, хто можа дапамагчы з кантрактамі і кар’ерай. Не трэба хаваць, што мара ўсіх оперных спевакоў — выступаць у розных тэатрах свету. “Вялікая опера” здружыла ўсіх нас. Там, вядома, прысутнічаў элемент канкурэнцыі, але была і выдатная атмасфера дабра і творчасці. Менавіта таму і працягнулася наша творчае сяброўства з Салтанат, якое прывяло да сённяшняга канцэрта. Дарэчы, у нас з’явілася жаданне выступіць з праграмай “Рамансы рускіх кампазітараў” яшчэ ў Казахстане і ў Расіі. Спадзяёмся, мара тая ажыццявіцца!

Элеанора СКУРАТАВА, музыказнаўца