Малырыта, Мінск, Магілёў, Валожын...

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г


/i/content/pi/cult/559/12250/11-1.jpgМаларыта / Папяровая “лаза”

Ала Родзіна — загадчык аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Маларыцкага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У вольны час жанчына займаецца пляценнем з папяровых трубачак: прачытаныя газеты і часопісы пачалі атрымліваць у яе руках другое жыццё.

Непрыдатны матэрыял у руках майстрых пераўтвараецца ў прыгожыя і патрэбныя рэчы. Плён яе творчасці можна пабачыць у чытальнай зале Маларыцкай ЦБС. Тут у рамках арт-праекта “Свет хобі” экспануюцца работы Алы Віктараўны. Пляценнем з папяровых трубачак Ала Родзіна займаецца ўжо трэці год. Неяк зразумела, што ажывіць, упрыгожыць уласны дом можна сваімі рукамі і з агульнадаступнай ды падатлівай сыравіны. Так з’явіліся папяровыя трубачкі, а потым — і вырабы з іх.

Сёння ў яе калекцыі — больш за 150 работ розных памераў і формаў. З папяровай “лазы” зроблены скарбонкі, вазы, хлебніцы, падносы, аловачніцы, званочкі, велікодныя курачкі… Самыя аб’ёмныя — кашолкі з накрыўкамі для бялізны.

Мікалай НАВУМЧЫК

Фота аўтара

 

Мінск / Ад класікі да джаза

Канцэрты ў сталічнай зале “Верхні горад” карыстаюцца ў мінчан і гасцей сталіцы папулярнасцю. Менавіта тут у сезоне 2015 — 2016 гадоў праводзіцца музычны праект “Street of Music” (“Вуліца Музыкі”).

Гэта — серыя канцэртаў, майстар-класаў артыстаў розных стыляў, кантакты з публікай у атмасферы канцэртнай залы. Аўтар ідэі і арганізатар праекта Алена Вашкевіч — выкладчык Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. На працягу многіх гадоў Алена “генеруе” музычныя праграмы ды праекты як аўтар і выканаўца. Усе яны вылучаюцца спалучэннем класічнай бездакорнасці і яркасцю сучаснай музыкі, прычым у Вашкевіч паспяхова складаецца ў “пазл” як класіка, так і джаз. У рамках “Street of Music” напрыканцы кастрычніка адбыўся першы канцэрт пад назвай “Inspirаtion” (“Натхненне”).

У яго рамках выступіў дуэт у складзе віяланчэліста Мікаэла Самсонава і піяністкі, аўтара праекта. Мікаэл — ураджэнец Мінска, выпускнік Акадэміі музыкі, аспірант Лонданскай кансерваторыі, навучэнец вышэйшых школ Карлсруэ, Кёльна, Штутгарта.

Малады музыка быў уганараваны шматлікімі прэміямі на міжнародных конкурсах. Самсонаў граў як саліст з вядучымі сучаснымі аркестрамі, асабліва ж запамінальным для яго сталася выступленне ў зале Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку. Зараз Мікаэл Самсонаў працуе ў якасці запрошанага канцэртмайстра груп віяланчэляў у лепшых аркестрах Германіі.

Вядома ж, для маладога музыканта адказнай, хвалюючай і, у той жа час, радаснай падзеяй выступленне ў родным Мінску. Мікаэл і Алена прадставілі цікавую і разнастайную праграму. У першым аддзяленні яны выканалі Санату для віяланчэлі і фартэпіяна Сяргея Рахманінава. Затым быў напоўнены сумам і смуткам “Вакаліз” таго ж аўтара. Другое аддзяленне музыканты прысвяцілі джазу. Упершыню ў Мінску ў іх выкананні прагучала Саната №2, ор. 84 для віяланчэлі і фартэпіяна кампазітара і джазавага піяніста Мікалая Капусціна. Артысты адыгралі таксама “Элегію” гэтага ж аўтара. Паколькі Алена Вашкевіч вялікі прыхільнік таленту Астара Пьяццолы, у праграму канцэрта было ўключана яго “Grand Tango” (“Вялікае танга”).

А ў заключэнне да дуэта далучыўся кантрабасіст Андрэй Баранаў. У такім складзе музыканты віртуозна і вельмі ярка выканалі “Cеllo Fan” французскага кампазітара Клода Болінга.

У зале быў аншлаг, прысутнічала самая разнастайная публіка. Я пачула ацэнкі, датычныя не толькі найвысокага майстэрства і прафесіяналізму музыкантаў, але і тое, якую выдатную, жыццесцвярджальную атмасферу яны здолелі стварыць у зале. Публіку скарыла свабоднае і бездакорнае валоданне інструментамі, дэманстрацыя таго, як па-рознаму яны могуць гучаць у класіцы і джазе. А ў антракце можна было азнаёміцца з фотавыстаўкай Ядзвігі Адамчык, прысвечанай Іспаніі, і пагутарыць з аўтарам. Мне, дарэчы, прышоўся да спадобы сінтэз музыкі і фатаграфіі.

Элеанора СКУРАТАВА, музыказнаўца


Магілёў / Хатнік жыве ў Цэнтры

Зберагчы, захаваць культурную спадчыну і далучыць да яе дзяцей, набыць веды ў разнастайных відах народнай творчасці і пры гэтым цікава правесці вольны час — такія мэты работнікаў Магілёўскага гарадскога Цэнтра культуры і вольнага часу.

Вынікам намаганняў стала стварэнне на базе Цэнтра самабытнага кутка этнічнай культуры беларускага народа, як месца па захаванні папулярызацыі рэгіянальнай культурна-гістарычнай спадчыны ў рамках праекта “Вяртанне да вытокаў”.

З верасня 2010 года дзверы “беларускай хаткі” гасцінна адчынены для школьнікаў. У Цэнтры наладжаны цікавыя экскурсіі па тэме “З крыніц Магілёўскай спадчыны”, ладзяцца этнаграфічна-забаўляльныя праграмы “Дзе жыве Хатнік?” і “Хатка-загадка”. За пяць гадоў “беларускую хатку” наведала больш за чатыры з паловай тысячы гасцей. Школьнікі ў вольны час маюць магчымасць не толькі спрычыніцца да народнай культуры, але па-сапраўднаму адчуць сябе гаспадаром ці гаспадыняй: змалоць зерне на муку, папрацаваць на жорнах, адпрасаваць бялізну, а таксама разам паўдзельнічаць у традыцыйных гульнях.

Каб гледачам было заўсёды цікава, сёлета распрацавана новая фальклорна-гульнёвая праграмма “Наша хата пацехамі багата”, дзе ўжо да знаёмага дзецям Хатніка ў госці прыйдзе шышыга Юлька, разам з якой весела і цікава паўдзельнічаць у абрадах ды майстар-класе “Кветкі роднай зямлі”.

Вольга ТРУБАЧОВА, вядучы метадыст метададдзела Магілёўскага гарадскога ЦКіВЧ

 

Валожын / 18 вершаў і 13 песень

Прэзентацыя зборніка “Помнім і жывём” удзельнікаў народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага раённага Цэнтра культуры была прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі, 75-годдзю Валожынскага раёна і 615-годдзю Валожына.

Аўтары дарылі поўнай зале прысутных свае вершы, песні. У гэтых творах — пра пачутае, прачытанае, убачанае на экране і прапушчанае праз уласнае сэрца аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны. Выказваецца ў радках творцаў Валожыншчыны павага і падзяка тым, каму ўсе наступныя пасляваенныя пакаленні абавязаны шчасцем жыць, вучыцца, працаваць.

18 вершаў і 13 песень удзельнікаў “Руні”, якія прагучалі падчас прэзентацыі, слухачы прынялі з прыязнасцю і цеплынёй.

Валянціна ГІРУЦЬ-РУСАКЕВІЧ,кіраўнік народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК