Сакавіцкі хор хвастатых спевакоў

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Сакавік заўсёды прыходзіць да нас рознакаляровымі цюльпанамі, якія мужчыны нясуць дадому ў Жаночы дзень. І не адзін год запар гэты саамы сакавік заканчваецца дзесяткамі вусатых, паласатых ды хвастатых, што збірае пад сваім дахам Палац мастацтва. Цяпер там праходзіць чарговая Рэспубліканская мастацкая выстаўка “Марцовыя каты”, прадстаўленая мастакамі з сямі краін.

Настрой на адкрыцці ствараў “Chiefs Band”, які, здавалася, у сілах суняць сваёй музыкай

 /i/content/pi/cult/155/1225/Kot2.jpg

Л.Тарчыла. “Бегемот”.

нават надакучлівыя капрызы веснавога надвор’я. Атмасферу ж усяго дзейства вельмі ўдала перадаў мастак Анатоль Жураўлёў. Кот у яго “Сакавіку” не звяртае ўвагі на панаванне вакол шэрасці, волкасці і лунае на паветранай падушцы мрояў, бо нудная зіма ўжо перажыта, а наперадзе многа сагрэтых сонцам дзён. Па тых жа чынніках змяняецца і звыклая карціна ў кватэры: крэсла, занятае рыжым мурлыкам у “Лютым”, становіцца пустым у “Сакавіку” (гэтую ідэю Ілоны Касабука наведвальнікі зразумелі не адразу, бо арганізатары, на жаль, часткі дыптыха памянялі месцамі, мабыць, забыўшыся, што ў нашай краіне прынята чытаць злева направа, а не наадварот). Мабыць, зніклы кот выправіўся на “Сакавіцкі кастынг” Аляксандра Вараксы, у якога першы прэтэндэнт на лапу мілавіднай коткі ўжо выцягнуўся па струнцы, закруціўшы па-генеральску вусы. А побач з апраметнай чарнаты праяўляецца ружовы носік наступнага ўдзельніка адбору — гэта адбываецца “З’яўленне Чашырскага ката” (дыптых Паўла Кастусіка).

 /i/content/pi/cult/155/1225/Kot1.jpg

І.Рымашэўскі. “Наглядальнік”.

Верагодна, пад уплывам надзвычай папулярнага малюнка “Кот Да Вінчы”, адразу некалькі мастакоў прапанавалі свае варыяцыі гэтай тэмы. Надзея Сурымта ў батыку канструявала з вушэй, хваста, лап і мыліцы “Ката Далі”, а Сяргей Стальмашонак разышоўся аж на тры канцэптуальныя работы ў лічбавым друку, дзе назвы гавораць самі за сябе: “Штрых-кот”, “Тэра кота” і “Ката-клізмы”.
Не забыліся мастакі і на лепшы ласунак для хвастатых. Кот-міліцыянер віцябчанкі Алены Карпіцкай заняў самае “Рыбнае месца”. Аднак гэта не перашкодзіла трыумфальнаму “Вяртанню з рыбай” каманды з пяці катоў ды бравага матроса (Аляксандр Дзямідаў). “Рыбны дзень” запланавала і Таццяна Гамза, падрыхтаваўшы для металічных коцікаў вёдры ды з дзесятак кручкоў.
На думку Ігара Рымашэўскага, кашэчае сямейства ўвогуле з’яўляецца галоўным “Наглядальнікам” за дрэвам чалавечага жыцця. Таму да кагосьці прыходзіць натхненнем “Кот-Пегас” (скульптура Кацярыны Злоцінай), хтосьці капіруе паводзіны паласатага “Бургамістра” (скульптура Зміцера Комлева), “Ката-барона” (скульптура Кацярыны Зантарыя) ці “Коткі, якая гуляе сама па сабе” (скульптура са зваранага металу Івана Арцімовіча). З батыку Людмілы Дамнянковай разумееш, што менавіта вусатыя з’яўляюцца непрабівальнай “Заслонай” ад негатыву і хворасцей.
Да пушыстага сімвала вясны звярнуліся фатографы, спецыялісты па камп’ютэрнай графіцы і проста графікі. Чаканне цёплых дзянькоў так запаланіла душы творцаў, што некаторыя забыліся на тэму выстаўкі. Спачатку вялікія коткі з грывай, як алей Вольгі Ярэська “Адвечнае” ды “Львы Вавілона II” Марыты Голубевай, выклікаюць лагодную ўсмешку. Потым мышы скульптурнай групы “Не чакалі?” Уладзіміра Няфёда і акварэль “Год Пацука” Аксаны Аракчэевай наводзяць на думку пра імкненне аўтараў да арыгінальнасці ў рамках вузкай тэматыкі. Але шматлікія сабакі, фотасесіі коней і карціны з натоўпам людзей дарэшты збіваюць з панталыку. Андрэй Смаляк увогуле прадставіў работы, у якіх нават намёку на сувязь з асноўнай ідэяй выстаўкі няма. Мабыць, так дзейнічае на мастакоў веснавы настрой, што любая работа для іх пачынае напаўняцца меладычным “мяў”.

 /i/content/pi/cult/155/1225/Kot3.jpg

Л.Дамнянкова. “Заслона”.

Удзельнікі аб’ядналіся ў галоўным: жаданні бескарысліва дапамагчы таму, каму зараз горш за нас.
29 сакавіка ў Палацы мастацтва — дабрачынны аўкцыён, на якім будуць прадстаўлены жывапіс, графіка і скульптура вядомых мастакоў. Атрыманыя сродкі пойдуць на лячэнне студэнткі III курса БДУ культуры і мастацтваў Галіны Жыжыч. Дзяўчына трапіла ў аўтакатастрофу, ёй неабходна тэрмінова правесці некалькі складаных аперацый. Стваральнікі выстаўкі спадзяюцца, што задуманае атрымаецца, бо вясна — гэта яшчэ і пара надзеі.

 

Настасся ПАНКРАТАВА