Купі — прадай — выжыві

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Каштарыс творчасці на Лепельшчыне
“Сцэнарый” восеньскага ваяжу застаўся нязменным: пошук крэатыву для ягонай папулярызацыі па рэспубліцы. Хіба што больш увагі надавалі эканамічнаму складніку пазабюджэтнай дзейнасці арганізацый культуры.

/i/content/pi/cult/559/12249/10-1.jpgДарэчы, у гэтую паездку разам з намі выправіўся дырэктар Рэдакцыйна-выдавецкай установы “Культура і мастацтва” Алег Прыко. Захацеў у чарговы раз на ўласныя вочы пабачыць, чым жывуць і як працуюць работнікі культуры, ці ёсць складанасці з падпіскай на нашы выданні. Забягаючы наперад, зазначым, што ў кожнай бібліятэцы, у якія давялося завітаць за камандзіровачныя дні на Віцебшчыне, былі і газета “Культура”, і часопіс “Мастацтва”. Выснова, напэўна, адзіная: нас выпісваюць. Значыць, мы — патрэбныя. Дзякуй за давер, шаноўныя работнікі культуры! Ваша неабыякавае стаўленне да друкаванага “культураўскага” радка абавязвае рэдакцыю да многага. Давер пастараемся апраўдаць.

Вісіць булава без справы

З такой установай культуры, шчыра кажучы, сутыкнуліся ўпершыню. Уявіце: звілісты калідор вядзе ад шматлікіх класаў-кабінетаў дзіцячай школы мастацтваў да глядзельнай залы, сцэны і гуртковых памяшканняў сельскага Дома культуры. Дзве арганізацыі — у адным шчыльна паяднаным модулі. Выпадковасць? Не. Памяшканні аб’яднаныя таму, што шчыльна знітавана творчая дзейнасць устаноў. Працуюць яны адной сям’ёй у самым літаральным значэнні гэтага слова.

Кіруе ДШМ у вёсцы Домжарыцы Марына Несан. Яе муж Аляксандр Несан — педагог школы. А сын, таксама Аляксандр, — мастацкі кіраўнік СДК. Яго дырэктар Аксана Спільная, якая на пасадзе зусім нядаўна, такой аб’яднанай дзейнасцю вельмі задаволена: школа і клуб адзіным арганізмам вырашаюць як гаспадарчыя, так і творчыя пытанні. Унутраная перабудова памяшканняў робіцца (працэс гэты, як вы разумееце, бясконцы) сіламі работнікаў культуры. Кіруе тут старэйшы Аляксандр Несан. Творчыя праекты робяцца, натуральна, таксама сумесна. Да прыкладу — народны хор “Беразіначка”. Ёсць праекты аўтарскага характару. Да прыкладу, “Землякі”. Кіруе тут малодшы Аляксандр Несан, які тэмай зямляцтва займаецца яшчэ з часоў вучобы ў БДУКіМ...

Трошкі пра саму ДШМ, якой 33 гады. Тут тры кірункі навучання: музычнае, харавое, эстраднае. Вучыцца больш за 60 дзяцей. Гэта ці не ўсе навучэнцы агульнаадукацыйнай школкі. Справа ў тым, што Домжарыцы знаходзяцца на замкнёнай тэрыторыі Бярэзінскага біясфернага запаведніка. З ім, безумоўна, мясцовыя работнікі культуры супрацоўнічаюць таксама: пастаянна ладзяць канцэрты, тэатралізацыі, абрадавыя дзеі. Цяпер зразумела, чаму ўсе тут — знаёмыя, сваякі ды родзічы. Кожны даражыць рабочым месцам, бо выбар іх у сацыяльнай сферы “запаведнага жыцця ”— невялікі…

Досыць актыўна вядзецца праца з замежнікамі, якіх багата прыязджае ў запаведнік цягам усяго года. А таму ў СДК не дзеляць публіку на сваіх і чужых: аб’явы пра мерапрыемствы расклейваюцца як на тэрыторыі вёскі, так і ў гатэлі запаведніка, які размешчаны ў крокавай даступнасці ад устаноў культуры.

У свой час запаведнік меў свой ансамбль, які галоўным чынам абслугоўваў гасцей гатэля ў Домжарыцах. Цяпер яго няма. А адміністрацыя запаведніка нават сінтэзатар перадала на доўгатэрміновае выкарыстанне ў СДК, за што работнікі культуры надзвычай удзячныя спагадлівым партнёрам. Атрымліваецца, што цяпер калектыву “Беразіначка” асабліва няма і канкурэнцыі. Застаецца толькі пашыраць рэпертуар, рэкламаваць сябе ды выкарыстоўваць адметныя брэнды, скажам, таго ж Балотніка ці Лесавіка. Словам, перспектывы пры пэўных укладаннях і высілках з боку мясцовай адміністрацыі і работнікаў культуры бачацца неблагімі. Гэтаксама як і міжнароднае супрацоўніцтва: некалькі гадоў таму “Беразіначку” запрашалі выступіць у Пушчы Кампіноскай, што ў Польшчы, у гасцях аднаго з партнёраў нашага запаведніка. На чарзе Францыя?

У кабінеце Марыны Несан вісіць на цвіку сувенірная булава (падарунак на адзін са школьных юбілеяў). Прызначана яна, па жартаўлівым азначэнні, для жорсткага пакарання абібокаў. Па прызначэнні яшчэ не выкарыстоўвалася. Мы так прыкідваем, што і не будзе. Адзіная праблема ДШМ — зношаныя музычныя інструменты. Але на сельскім ды раённым узроўнях вырашыць яе ў няпростых эканамічных умовах цяжкавата… Пачакаем лепшых часін.

(Не)лірычнае адступленне Яўген Рагіна

Пра школы мастацтваў, як пераконвае практыка, пісаць вельмі няпроста. У пераважнай большасці гэта паспяховыя калектывы. І педагогаў, і вучняў. Адзіная праблема звязана іншым разам з недахопам новых музычных інструментаў. Пра тое, што дадзенае пытанне дзесьці на ўзроўні вобласці вырашаецца цэнтралізавана, а дзесьці стыхійна, пісаць ужо надакучыла. А вось пра тое, што там-сям маюцца адметныя аўтарскія школы выкладання жывапісу, музыкі, трэба пісаць абавязкова. Менавіта так пастаўлена вывучэнне, скажам, жывапісу у Ляхавічах і Крычаве. Прааналізаваць аўтарскую школу выкладання так, каб яе ўзялі на ўзбраенне ў іншых школах, вельмі цяжка. Але мы паспрабуем.

Пра Быкава, Алексіевіч і гарбату з мёдам

Чым адметны беларускі работнік культуры? Для нас, напрыклад, тым, што ўсё, без чаго не можа абысціся ў прафесіі, ён цягне з дому на працу. Як Таццяна Смаляная. “Функцыю музычнага цэнтра цяпер выконвае любы персанальны камп’ютар, — кажа яна. — Значыць, хатні прайгравальнік можна занесці ў бібліятэку, бо без яго цяжка ладзіць мерапрыемствы з чытачамі”. Гэта ў мясцовай улады грошай на апаратуру ды інструменты няма, а ў работнікаў культуры, якія па заробках — самыя абяздоленыя, сродкі заўжды знойдуцца. Праўда, толькі ў тых работнікаў, якія свой гонар маюць. Таццяна Смаляная мае.

Яна любіць сапраўдных пісьменнікаў. На бібліятэчных дзвярах — абвестка пра тое, што ў вобласці ідзе збор грошай на помнік Васілю Быкаву, які мяркуецца ўсталяваць у Віцебску. Шчыра кажучы, мы пра такую ініцыятыву даведаліся ўпершыню. Цяпер будзем ведаць і сітуацыю адсочваць. Зайшла гаворка з Таццянай Васільеўнай і пра нашага нядаўняга нобелеўскага лаўрэата. Адразу пасля абвяшчэння яго імені, кажа Смаляная, народ пайшоў па Алексіевіч у бібліятэку. А паколькі яе кніг у фондах няма, бібліятэкар прынесла з дома свае. Так што чытацкі запыт, насуперак усяму, задавальняецца. Віват бібліятэкару, які ў любым выпадку застаецца прафесіяналам!

Таццяна Васільеўна яшчэ і траўніца, любую лекавую зёлку ведае. І ўвогуле пераканана, што здаровы чалавек — гэта чалавек разумны. Робяць яго такім кнігі. А травяная гарбата, настоеная на летняй духмянай гарачыні, ды яшчэ з ягадкай арабіны ды з лыжкай мёду — нават золкай восенню вяртае настрой, надае моцы для таго, каб насуперак усяму рухацца наперад.

Адна справа ведаць, іншая — данесці інфармацыю да грамадства. Пакуль літаратурнае аб’яднанне “У гасцях у траўніцы” невялікае — не набярэцца і дзясятка ўдзельнікаў. Бібліятэкар разумее — без рэкламы тут не абысціся. А таму плануе праз імпрэзы, гутаркі і друкаваныя абвесткі заклікаць далучыцца да асветніцкіх заняткаў па лекавых зёлках.

Бібліятэчныя эка-перспектывы нагадалі музей у Клічаве, пры якім ёсць свой аптэкарскі гарод. Думаецца, гэтая ідэя, рэалізаваная на базе мясцовай бібліятэкі, таксама мела б папулярнасць. Дзе ж яе яшчэ ўвасабляць у жыццё як ні ў сэрцы старадаўняга запаведніка?!

І як яшчэ адно пацвярджэнне здароваму ладу жыцця, што прапагандуецца на запаведных землях, — лазанка, якую мы заўважылі пасярод ляснога гушчару. Сцежка для аматараў экстрыму, пракладзеная работнікамі запаведніка сярод ялін, падалася нам дадатковым прыкладам служэння рэгіянальнай культуры. Мяркуйце самі: гэты цяжкі шлях агорае толькі той, хто не баіцца рызыкаваць, чытай — эксперыментаваць і верыць у тое, што тваю пакручастую сцяжыну за цябе ніхто не пройдзе.

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Апошні раз дагэтуль даводзілася бываць у Бярэзінскім запаведніку сем гадоў таму, пад час адной з першых камандзіровак. Многае змянілася: няма ўжо мясцовай зоркі — мядзведзіцы Машкі, затое з’явіліся ў запаведніку і рэалізуюцца цікавыя ідэі, скіраваныя на дэманстрацыю нашага прыроднага багацця. Адно, хочацца, каб тыя праекты не абыходзілі бокам сферу культуры, якая можа не толькі абслугоўваць жыхароў Домжарыц, але і быць карыснай турыстам.

Як цмока пракарміць?

Тамара Бароха цяпер не начальнік аддзела ІРКСМ, а намеснік. Але займаецца толькі культурай, а не бясконцымі пасяджэннямі, чым надзвычай задаволена. Дамовіліся сустрэцца з ёю ў адной з брэндавых устаноў Лепеля. А што мясцовы Дом рамёстваў мае менавіта такі ж статус, што і знакаміты цмок, помнік якому ўзнік ля гарадскога возера, ніхто ўжо не сумняваецца. Размешчаны Дом рамёстваў на галоўным гарадскім пляцы, займаючы другі паверх вялікага будынка. Па плошчах больш вялікі РДР нам даводзілася бачыць хіба што ў Сянно. Дарэчы, мары займець для сябе і першы паверх, дзе працуе сёння прадуктовая крама, не знікаюць у кіраўніка РДР Алены Барадзейка і па сёння. Там сярод іншага плануецца зрабіць ганчарныя майстэрні. Між тым, першы паверх цяпер належыць райспажыўтаварыству, якое свае плошчы можа толькі прадаць. А дзе ж грошы для гэтага знайсці? Але мара ўсё роўна жывая.

Менавіта ў сувенірнай краме, з якой і пачынаецца РДР, узнікла ў нас вельмі сур’ёзная размова пра пазабюджэтку, эканамічныя перспектывы і заробак работніка культуры.

Звернемся да лічбаў. За дзевяць месяцаў бягучага года РДР паклала ў раённую скарбонку 27 мільёнаў рублёў. Вось толькі самі работнікі ўстановы асабістай карысці ад заробленых сродкаў не бачаць: вялікая частка гэтых грошай ідзе на пагашэнне паслуг сувязі, камунальных выдаткаў, абслугоўванне касавых апаратаў, ці, да прыкладу, набыццё за два мільёны кантэйнера для смецця, але не на прэміраванне лепшых майстроў. А таму і складваецца такая сітуацыя, што многія работнікі РДР вымушаны пераходзіць на 0,75 ці палову стаўкі, каб паспяваць ствараць вырабы і ў сябе дома для будучага продажу на разнастайных кірмашах. Ёсць вялікая верагоднасць, што неўзабаве застануцца працаваць у РДР толькі моладзь па размеркаванні і майстры перадпенсійнага веку.

Парадаксальна, але нават тыя невялікія працэнты, што зарабляе сувенірная крама РДР ад продажу вырабаў майстроў, не залічваюцца ў план па аказанні платных паслуг — маўляў, гэта тычыцца сферы паслуг, а не культуры.

У такой сітуацыі супрацоўнікі Дома рамёстваў не спадзяюцца на адно толькі экскурсійнае абслугоўванне па шыкоўнай выставачнай зале, уваходны квіток у якую складае 5 тысяч — ягоны кошт не мяняўся каля трох гадоў. Праводзіцца багата асветніцкіх мерапрыемстваў, майстар-класаў, майстрамі распрацоўваюцца новыя формы выкарыстання старадаўніх традыцый: у Доме рамёстваў сёння можна набыць, да прыкладу, стыльныя льняныя дамскія торбачкі альбо мужчынскія паясы, адаптаваныя для выкарыстання з джынсамі. Прадстаўлены ў сувенірнай краме і адметныя вырабы дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Яшчэ некалькі гадоў таму мясцовыя жыхары і не здагадваліся пра цмока як пра адзін з брэндаў Лепеля. Цяпер у сувенірнай краме карыстаюцца попытам магніты з выявай цмокаў, вырабленыя са скуры. Цікавым бачыцца будучае супрацоўніцтва лепельскага РДР і вядомага баскетбольнага клуба з Мінска “Цмокі”. Чаму б не абмяняцца для пачатку хаця б той жа сувенірнай прадукцыяй?

Алена Барадзейка агучыла і яшчэ адну цікавую ідэю: чаму б не зрабіць інтэрактыўную праграму, разлічаную на цэлы дзень, а то і на некалькі. За гэты час можна навучыцца ткаць паясы ці атрымаць азы ганчарства, пазнаёміцца з нематэрыяльнай спадчынай раёна, пакаштаваць стравы аўтэнтычнай беларускай кухні, пераначаваць на сенніку. Словам, дакрануцца да ўнікальнай беларускай народнай культуры. Вось толькі, каб задума гэтая рэалізавалася, высілкаў аднаго чалавека будзе мала.

Агульнае (не)лірычнае заключэнне

Самая істотная заўвага, характэрная, зрэшты, для ўсяго, што мы бачылі і пра што пісалі раней, што яшчэ ўбачым і пра што яшчэ напішам. Вельмі рэдка мы заспяваем ва ўстановах культуры наведвальнікаў. А прыязджаем сюды і зранку, і ў абед, і ўвечары. Дык вось, дзяцей мы пабачылі толькі ў РДР.У астатніх установах, пра якія сёння вядзём гаворку, было, шчыра кажучы, пуставата. Будзем спадзявацца, што падчас школьных восеньскіх вакацый дзеці гасцявалі ў бабуль і дзядуль…

У наступным нумары мы працягнем гаворку пра культуру Лепельшчыны і, у прыватнасці, раскажам пра ўнікальную мастачку, якая пачала прафесійна займацца жывапісам у 61 год, адметны музей-бібліятэку рэпрэсаванага ў 1930-я пісьменніка, сітуацыю з аптымізаваным Сельскім домам ткацтва, а таксама распачнём аповед пра культурныя здабыткі і клопаты Бешанковіччыны.

Мінск — Лепельскі — Бешанковіцкі — Лёзненскі раёны Віцебшчыны — Мінск

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"