Талака традыцый

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

IV Міжнародны форум “Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства” пройдзе ў Магілёве з 10 па 13 лістапада. Нагадаю, што ініцыятар гэтага мерапрыемства — абласны метадычны цэнтр — заўжды нестандартны па сваіх падыходах да папулярызацыі і развіцця традыцыйнай культуры. Натуральна, у якасці арганізатараў да метадцэнтра падключыліся Міністэрства культуры краіны і Магілёўскі аблвыканкам.

Не раз пераконваўся, што менавіта на гэтым форуме, можна спрычыніцца не толькі да беларускай традыцыі. Аднойчы ўсяго за два дні яго працы пазнаёміўся з трынаццаццю навукоўцамі-фалькларыстамі з самых розных канцоў свету. Уяўляеце, якога аб’ёму матэрыял прывёз у Мінск?

Сёлета ў Магілёў запрошаны спецыялісты па фальклоры і традыцыі з Украіны, Малдовы, Туркменістана, Кітая, Расіі, Азербайджана, Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Узбекістана, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Літвы, Польшчы, Славакіі, Румыніі… Ну які яшчэ форум можа пахваліцца такой прадстаўнічасцю?

Мэта мерапрыемства — у ягонай назве. Паколькі нацыянальная традыцыя — адзін з гарантаў нацыянальнай жа бяспекі, згодна са стратэгіяй апошняй, дык менавіта развіццё традыцыйнай культуры кожнай з краін з’яўляецца асновай далейшага руху любога грамадства. А калі адкінуць межы і аб’яднаць намаганні? Такая талака традыцый — як супольны духоўны скарб. Яго вывучаць трэба ды мацаваць.

Магілёўскі абласны метадычны цэнтр пастараўся, каб сёлетні форум адрозніваўся ад папярэдняга. “Талакой майстэрства” назвалі выстаўку-продаж работ майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва рэгіёна. Такую ж багатую выстаўку складаюць экспазіцыі аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны і беларускіх народных промыслаў ды рамёстваў. З імі таксама можна пазнаёміцца цягам работы форуму.

На навукова-практычнай канферэнцыі “Нематэрыяльная культурная спадчына: сучасны стан, рызыкі і праблемы захавання і актуалізацыі” мяркуецца разгледзець змены фальклорна-абрадавых формаў і іхняй сацыяльнай ролі; выкарыстанне нематэрыяльнай спадчыны ў сацыяльнай і культурнай інфраструктуры рэгіёнаў (брэндавасць вёсак і мястэчак, пра якую “К” піша стала); выхаваўчую ролю нацыянальнай культуры ў развіцці будучых пакаленняў… Безумоўна, будзе працягнута абагульненне міжнароднага вопыту захавання духоўнай спадчыны. Словам, праграма больш чым напружаная.

Месцам правядзення форуму стане не толькі Магілёў. Выезды ўдзельнікаў канферэнцыі ў раёны вобласці сталі таксама традыцыйнымі. Гэтым разам чакаецца наведванне ўстаноў культуры Кругляншчыны. Тут запланавана рэканструкцыя народнага гуляння “Восеньскі кірмаш “Багач”, а таксама — знаёмства з фальклорнымі гуртамі.

Завершыцца форум тэматычнай праграмай-прэзентацыяй аб’ектаў нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Магілёўскай вобласці і канцэртам “Спявае беларуская душа” ў канцэртнай зале “Магілёў”, дзе асноўны акцэнт будзе зроблены на выкарыстанне характэрных асаблівасцей спеўнай, вуснай ды танцавальнай спадчыны Магілёўшчыны.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"