Па вокладцы прымаюць

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Уладзімір КУЛІКОВІЧ, загадчык кафедры рэдакцыйна-выдавецкіх тэхналогій Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта
У нацыянальнага кнігадруку існуе праблема, якую пакуль пераадолець не атрымліваецца: беларускамоўныя выданні, на жаль, з вялікай цяжкасцю знаходзяць спажыўца. Стосы зборнікаў айчынных аўтараў стаяць у кнігарнях, але на касе часцей аплочваюць томікі з прозвішчамі замежнікаў на вокладцы. Студэнтка 3 курса БДТУ Ксенія Тарасевіч пад маім кіраўніцтвам паспрабавала знайсці прычыны такога становішча, правесці аналіз беларускамоўнай мастацкай літаратуры з пункта гледжання яе самарэкламы.

/i/content/pi/cult/559/12247/5-3.jpgМы толькі пачалі даследаванне, аднак першая з праблем — навідавоку. Айчынныя кнігі не карыстаюцца папулярнасцю яшчэ з-за таго, што самі выдаўцы не задзейнічаюць усе магчымасці знешняй аздобы кнігі як элемента самарэкламы. Сёння чытач хоча бачыць прыгожае, добра аформленае выданне. Мы не скідваем з разліку натуральныя для кнігі пункты змястоўнасці, цікавасці і карыснасці. Але калі чалавек ідзе ў кнігарню не мэтанакіравана па канрэтнае выданне, а выбірае “што-небудзь” з пэўнага кола, то вокладка, якая не выклікае ніякіх асацыяцый, “патопіць” томік у акіяне прапаноў...

Дарэчы, у гэтым складніку адна з прычын таго, чаму раскупаюцца так званыя ружовыя раманы. Зразумела, адыгрывае ролю жаданне ў сённяшнім складаным жыцці пабачыць казку. Але нямала ў працэсе выбару прывабіць ці адштурхне прыемны фармат і гаваркое афармленне вокладкі, якое адразу “чапляе” сваю аўдыторыю. Адгорнем першыя старонкі: папера можа быць газетная, правілы вёрсткі не да канца выкананы, маюцца непатрэбныя прабелы, відавочна няякасны друк і гэтак далей. Як кажуць паліграфісты, з пазіцый падрыхтаванасці выданне выклікае шмат пытанняў. Аднак томік ужо аддрукаваны і стаіць на паліцы кнігарні.

Калі ўсё ж патэнцыйны пакупнік узяў беларускую мастацкую літаратуру ў рукі, то ён адразу сутыкаецца з іншай праблемай: нашы выдавецтвы, на жаль, не ўмеюць пісаць анатацыі, нават самыя простыя. Стандарная анатацыя да твора беларускамоўнага аўтара без перабольшвання выглядае так: “У кнізе вы пазнаёміцеся з тым, тым і тым”. Сваім студэнтам днямі прыносіў зборнік Рыгора Барадуліна вядомага прыватнага выдавецтва. Шыкоўнае выданне на якаснай паперы, зручны фармат. Але пачалі глядзець з пункта гледжання апарата: у сціслым пераказе зместу пазначана толькі, што ў томік увайшлі вершы аўтара розных гадоў. Якія вершы? Якой тэматыкі? Які быў прынцып адбору іх у гэты зборнік? Усе мае пытанні выдавецтва пакінула без адказу...

Трэцяя праблема звязана з ілюстрацыйным матэрыялам да тэкстаў айчынных пісьменнікаў. Я нават не кажу пра адмыслова створаныя мастакамі работы ў лепшых традыцыях беларускай кніжнай графікі. Зразумела, аўтарскія ілюстрацыі значна павышаюць планку акупнасці выдання, і не кожны спажывец гатовы на такія выдаткі. Але і фотабанкамі, якіх сёння шмат у інтэрнэт-прасторы, трэба карыстацца ўмела. У згаданым зборніку Барадуліна сустрэў знаёмую страфу: “А птушкі расстанне прарочаць. / Зара маладая займаецца... / Кажу я табе: “Добрай ночы!”/ Хоць трэба казаць: “Добрай раніцы!”. Побач жа на фотаздымку — венчык хаты, на ім певень, зроблены з дрэва... Значыць, складальнікі, “добрай ідэяй гнаныя”, проста “цісканулі” на старонку тое, што было пад рукой... А гэта таксама пэўная самарэклама выдання, бо сучасны чытач прагне бачыць не суцэльны ўборысты тэкст, а хоча адчуць тое, чаго не атрымаеш, чытаючы тэкст на планшэце ці на смартфоне: задавальненне не толькі ад зместу, але і ад формы, ад магчымасці гартаць і разглядваць кнігу як твор.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"