Два працэнты ў падарунак

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Валянціна ІВАНОЎСКАЯ, намеснік старшыні таварыства беларускай культуры “Спадчына” (Друскінінкай, Літва)
У ліпені ў Вільнюсе аднавіў сваё існаванне Дэпартамент нацыянальных меншасцей. Ён створаны для таго, каб дапамагчы развіццю рознамоўных дыяспар у краіне, для забяспечэння культурнай і моўнай разнастайнасці. Спадзяемся, новая структурная адзінка ў складзе літоўскага Міністэрства культуры паспрыяе таму, каб нюансы існавання этнічных суполак сталі больш простымі.

/i/content/pi/cult/559/12246/5-2.jpgАсноўныя праблемы, з якімі сутыкаюцца такія аб’яднанні, як наша, канешне ж, тычацца фінансавага аспекту, пошуку сродкаў для ажыццяўлення задум. Прынамсі, рупліва прапрацоўваем праекты, якія падаем ў Міністэрства культуры Літвы. Такім чынам можна атрымаць невялічкі грант пад пэўнае мерапрыемства. Рыхтуем прапановы і для названага вышэй Дэпартамента нацыянальных меншасцей. Дарэчы, у Літве існуе закон: у час, калі збіраюцца падаткі за мінулы год, кожны грамадзянін краіны можа два працэнты ад сумы сваіх адлічэнняў скіраваць якой-небудзь арганізацыі, напрыклад, школе, культурнай установе і гэтак далей. У нашай суполкі ёсць кола людзей, 20 — 25 чалавек, якія скарыстоўваюць такое права, пералічваючы тыя адсоткі на рахунак нашай арганізацыі.

У Літве дзейнічае каля 17 этнічных суполак нашых землякоў, заснавана Згуртаванне нацыянальных беларускіх суполак Літвы. У падобных аб’яднаннях пастаянна сустракаю людзей, якія не чакаюць матэрыяльнага заахвочвання, а часцей нават свае ўласныя грошы ўкладаюць у справу, бо гараць ёй. На такіх людзях і трымаецца наш рух. Напрыклад, калісьці існавала ў Друскінінкаі рускамоўная школа, у якой працавала цудоўная настаўніца музыкі. Яна стварыла такі выдатны дзіцячы калектыў, які выпраўлялі прадстаўляць Літву ў Польшчу на фестываль царкоўнай музыкі і на “Славянскі базар у Віцебску”. Але дзеці выраслі, школу зачынілі, а дарослыя ўжо, на жаль, не спяваюць... Шмат каго зараз цікавяць матэрыяльныя аспекты, аматарскае мастацтва саступае свае пазіцыі...

Па сваёй асноўнай працы я выкладаю беларускую мову і літаратуру ў школе пры санаторыі “Беларусь”. На слых школьнікі мову сваіх прадзедаў успрымаюць, але часта сутыкаюся з тым, што значная частка класа досыць дрэнна на ёй чытае... У нашай грамадскай арганізацыі шчыльныя сувязі з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа. Але нярэдка размаўляючы з дзецьмі, разумею, што прадстаўнікі “Спадчыны” бываюць у ім часцей, чым мінскія школьнікі.

У сваім рэгіёне мы актыўна пашыраем беларускую танцавальна-песенную культуру — і не толькі. Прынамсі, мы паспяхова правялі выстаўку твораў беларускага песняра ў гарадской публічнай бібліятэцы. Была нават задума стварыць пакой Якуба Коласа ў горадзе, паколькі таварыствам назапашана неблагая калекцыя. На жаль, план па незалежных ад нас прычынах не здейсніўся... Штогод мы праводзім Дні беларускай культуры ў Друскінінкаі, запрашаем туды калектывы з радзімы. Нашым добрым сябрам стаў ансамбль народнага танца “Крыжачок” Белдзяржуніверсітэта. У жніўні горад ладзіў свята фальклорнай музыкі і песні, куды мы запрашалі народныя ансамблі “Траецкія музыкі” з Барысава і “Маладзік” Салігорскай дзіцячай школы мастацтваў. А літаральна заўтра мы адкрываем фотавыстаўку мінчаніна Паўла Сушчонка “Мой родны Мінск”, на канец года запланавана экспазіцыя “Вечная мелодыя жыцця”, у якой сыдуцца здымкі Мінска, Вільнюса і Друскінінкая.

Мы хочам больш шчыльна супрацоўнічаць з Беларуссю. Але нечакана сутыкнуліся з вялікай колькасцю перашкод у пытаннях адкрыцця беларускай візы. Запрасіць вашы калектывы да нас — няма праблем: па культурным кірунку пры наяўнасці неабходных дакументаў віза адкрываецца з першай спробы. Прынамсі, таму ж “Крыжачку” Пасольства Літвы ў Беларусі адразу адкрыла бясплатныя візы на ўвесь калектыў складам у паўсотні чалавек. Візіт у адказ даецца з цяжкасцю: нават аднаразовая віза патрабуе значных высілкаў, пры гэтым пытанне пра яе бясплатнае адкрыццё нават не ўзнімаецца... А так хочацца, каб стала крышачку лягчэй аформіць уезд на тэрыторыю этнічнай радзімы па справах культуры... Мо супрацоўніцтва з нацыянальнай дыяспарай тады стала б больш плённым і прынесла больш карысці роднай Беларусі?

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"