Тэхналогія Форуму

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Аляксандр МАРЧАНКА, кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі РТБД, кіраўнік штаба ІІ Маладзёжнага тэатральнага форуму краін СНД, Балтыі і Грузіі
Тыдзень таму білеты на ўсе спектаклі форуму паступілі ў продаж. Засталося крыху больш за 10 дзён да ўрачыстага адкрыцця, таму мы інтэнсіўна маніторым сітуацыю і падтрымліваем сувязь з ўдзельнікамі. Як нам паведамляюць госці, ужо ўсе набылі білеты на самалёты і аўтобусы, таму заяўленыя пастаноўкі павінны адбыцца своечасова.

/i/content/pi/cult/559/12245/5-1.jpgДля РТБД вопыт стварэння такой значнай імпрэзы наколькі цікавы, настолькі ж і складаны. Мы не валодаем патрэбным менеджарскім досведам і рэсурсамі, навучаемся непасрэдна ў працэсе. Тут мора адміністрацыйнай працы, і нашы супрацоўнікі, якія звычайна займаюцца толькі пытаннямі ўласнага тэатра, узялі на сябе заключэнне дагавораў з пляцоўкамі, афармленне дакументаў, працу з пасольствамі для тых краін, каму патрэбны беларускія візы… Як бок, што прымае гасцей, забяспечваем суправаджэнне ў Беларусі, транспарт, пляцоўкі, рэкламу і продаж білетаў. А пражываннем і харчаваннем удзельнікаў займаецца Міжнародная канфедэрацыя тэатральных саюзаў пры фінансавай дапамозе Міжнароднага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД.

Тэхнічны дырэктар форуму Мікалай Суркоў ведае ўсе пляцоўкі горада, таму атрымалася падабраць для замежных гасцей цудоўна абсталяваныя сцэны, куды могуць упісацца спектаклі любой складанасці і аб’ёму. Пазначаныя ў праграме Тэатр імя Максіма Горкага, Купалаўскі і ТЮГ пайшлі нам насустрач і дапамагаюць ва ўсім, звязаным з правядзеннем фестывалю на іх тэрыторыі. Была толькі адна накладка з райдарам, які датычыўся маскоўскай трупы, але той калектыў пагадзіўся прывезці святло, якога ім не стае.

Апрача асноўнай праграмы адбудзецца выстаўка маладых сцэнографаў, ужо надрукаваны адпаведны каталог. Здымкі іх лепшых работ з’явяцца ў фае РТБД, беларусы Андрэй Жыгур (Тэатр імя Якуба Коласа) і Мікіта Шэршнеў абяцалі прадставіць паўнавартасныя макеты. Да нас павінны прыехаць каля 20-ці рознамоўных маладых мастакоў. Яны будуць мець магчымасць патрапіць на адкрытыя майстар-класы расійскага тэатральнага мастака, уладальніка трох прэмій “Залатая маска” Юрыя Харыкава.

Для маладых крытыкаў з розных краін запланаваны раз у два дні “круглыя сталы”, якія будуць весці масквічкі Марыя Халізева і Ала Шэндэрава. Між іншым, яны ўваходзілі ў склад Экспертнага савету па адборы ўдзельнікаў форуму. Гэтыя імпрэзы таксама будуць даступнымі для ўсіх ахвотных пазнаёміцца з тэндэнцыямі, якія існуюць у тэатральнай культуры нашых суседзяў. Спадзяюся, тыя "круглыя сталы" дапамогуць паўплываць на станаўленне новага крытычнага погляду, запатрабаванага тэатральнай мовай ХХІ стагоддзя, а таксама дазволяць ацаніць, на якой стадыі разумення ці непрыняцця гэтых новаўвядзенняў знаходзіцца сёння экспертная суполка.

Сярод удзельнікаў будзе распаўсюджвацца зборнік п’ес маладых драматургаў. Беларусь у ім прадстаўлена творамі Андрэя Іванова, Дзмітрыя Багаслаўскага і Віктара Красоўскага. У рамках тэатральнага тыдня два майстар-класы для драматургаў правядзе тэатральны крытык, перакладчык, дацэнт Варшаўскага ўніверсітэта Андрэй Масквін.

Воркшоп для маладых рэжысёраў ладзіць мастацкі кіраўнік Цэнтра імя Усевалада Меерхольда, двухразовы лаўрэат “Залатой маскі” Віктар Рыжакоў. Вельмі прыемна, што спадар Віктар у якасці асноўнага матэрыялу абраў п’есу “Блондзі”, якую напісалі рэжысёр Яўген Карняг і драматург Дзмітрый Багаслаўскі на вясновай лабараторыі Цэнтра беларускай драматургіі. Хутчэй за ўсё, для рэалізацыі яго задумы спатрэбіцца дапамога актрыс беларускіх тэатраў, таму мы рыхтуем прапанову для профільных суполак у сацыяльных сетках. Зрэшты, менавіта ў інтэрнэт-прасторы хутка адкрыецца запіс на ўдзел у “круглых сталах” і воркшопах, а таксама там размяшчаецца самая актуальная інфармацыя па ўсіх кірунках працы форуму.

У нашай краіне склалася ўнікальная сітуацыя, якая ўжо стала сімвалам беларускай тэатральнай прасторы пачатку новага стагоддзя. На нашай тэрыторыі вялікая канцэнтрацыя музычных калектываў, якія створаны людзьмі тэатра. Таму мы вырашылі абраць нетрадыцыйны варыянт цырымоніі ўзнагароджання: непасрэднымі ўдзельнікамі імпрэзы стануць вядомыя айчынныя тэатральна-музычныя гурты. На жаль, нам не атрымалася рэалізаваць усе планы, бо ў музыкантаў ужо складзены гастрольныя графікі, ды і не ўсе гатовы працаваць на дабрачынных пачатках. І ўсё ж у цырымоніі прымуць удзел добра знаёмыя публіцы на прасторы СНД каманды “Ili-Ili”, “Zui”, “Югаславія” і Трыа Ягора Забелава.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"