Праз сем гадоў...

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

РДК і кінатэатр у Глуску: будаўнічыя і рамонтныя праекты адкладзены на...
Выдатна памятаю, як амаль сем гадоў таму, на пачатку 2009 года, “К” прадстаўляла новы праект “Родная зямля: час крэатыву”. Першая публікацыя названага цыкла мела загаловак “У сваім доме ды без Дома культуры?” і распавядала пра гаротны стан Глускага РДК, прызнанага яшчэ тады аварыйным. Мясцовыя ўлады вельмі спадзяваліся на тое, што праблемы аб’екта раённай культуры не застануцца па-за ўвагай абласных улад, у тым ліку — і з-за публікацыі ў “К”. Мары мясцовых культработнікаў былі досыць канкрэтныя: займець новы будынак для галоўнай установы культуры раёна, значна большы па памерах ды абсталяваны па апошнім слове тэхнікі. На жаль, як аказалася, і праз амаль сем гадоў пасля публікацыі гэтыя спадзяванні жыхароў Глуска так і засталіся няздзейсненымі. І ці будуць яны ўвасоблены ў рэальнасць — пытанне з даволі няпэўным адказам.

/i/content/pi/cult/559/12244/4-2.jpgІ холад, і нявыкананы план

Такім чынам, пра сённяшнія будзённыя справы Глускага раённага Дома культуры. Як распавяла мне дырэктар мясцовай Цэнтралізаванай клубнай сістэмы і адначасова кіраўнік установы Вольга Огур, будынак РДК, уведзены ў эксплуатацыю пасля Вялікай Айчыннай вайны, сёння не можа пахваліцца ні сваёй выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, ні наяўнасцю адпаведных памяшканняў для правядзення рэпетыцый ды для працы шматлікіх гурткоў.

— Напрыклад, маштабныя мерапрыемствы ды канцэрты калектываў мы ладзім не ў Доме культуры, а ў суседнім кінатэатры “Арыён”, які таксама ўваходзіць у нашу Цэнтралізаваную клубную сістэму, — кажа Вольга Огур. — Прычына — навідавоку: у РДК маецца зала на 180 месцаў, а ў “Арыёне” могуць змясціцца 370 чалавек. Таму ладзім у сябе толькі камерныя мерапрыемствы.

“Разгарнуцца” ў Глускім РДК сапраўды няма дзе: памяшканняў тут, як кажуць, кот наплакаў. Да таго ж, менавіта ў гэтым будынку “кватаруе” і Раённы метадычны цэнтр. Ад цеснаты, натуральна, пакутуюць і дзеці, што наведваюць аматарскія гурткі, і калектывы, “прапісаныя“ пры Доме культуры. Дарэчы, сярод іх ёсць два са званнем “народны”.

Але, нягледзячы на такі стан рэчаў, клубныя работнікі Глускага раёна з планам платных паслуг да апошняга часу спраўляліся. Так, за 2014 год план па пазабюджэтных даходах па Глускай ЦКС быў перавыкананы. Сума заробленага — 307 мільёнаў рублёў (141,5 % ад плана). На жаль, калі казаць пра дзень сённяшні, дык за 9 месяцаў бягучага года план выкананы толькі на 62,6 %.

— Раней да нас з задавальненнем ішлі людзі на канцэрты, на выступленні зорак беларускай эстрады, — распавяла Вольга Огур. — Сёлета ж сабраць людзей на канцэрты вельмі цяжка. Таму і план платных паслуг пакуль не выцягваем.

Акрамя таго, па словах кіраўніка Глускай ЦКС, на дыскатэкі ў РДК завітваюць не так шмат людзей, што, натуральна, адбіваецца на прыбытках установы. Так, па словах Вольгі, на дзіцячыя танцавальныя вечары ў Дом культуры прыходзіць каля 70 чалавек, на дарослыя — 100-120 асоб. І гэта з улікам таго, што прыбудова да РДК, дзе ладзяцца тэматычныя дыскатэкі, — адносна новая і абсталявана даволі добрай гукаўзмацняльнай і светлавой апаратурай…

Зразумела, што калі б у Глуску паўстаў новы будынак Дома культуры, — больш утульны, светлы і цёплы (супрацоўнікі скардзіліся на холад у памяшканнях) ды значна большы па памерах, — дык яго ахвотна наведвалі б і дзеці, і моладзь, і людзі сталага веку. Але пра гэту светлую будучыню кіраўніку мясцовага РДК сёння застаецца толькі марыць.

— Нам абяцалі, што праектна-каштарысная дакументацыя на ўзвядзенне новага будынка Дома культуры будзе зроблена недзе ў 2017 годзе, — кажа Вольга Огур. — Застаецца спадзявацца.

Артысты ў “Арыёне”

А цяпер пра кінатэатр у Глуску. Справа ў тым, што ў той жа амаль сямігадовай даўніны публікацыі, “К” пісала і пра будучы капітальны рамонт будынка “Арыёна”. Як аказалася, і гэтыя, анансаваныя ў газеце планы, на жаль, так і не здзейсніліся. Але дырэктар кінатэатра Андрэй Леўчанка вельмі спадзяецца на пачатак рамонтных работ.

— Акрамя рамонту глядзельнай залы ды наяўных памяшканняў, хацелася б займець новае тэхнічнае абсталяванне, каб дэманстраваць фільмы ў папулярным 3D-фармаце, а таксама ўсталяваць новыя мяккія крэслы замест тых драўляных, якія засталіся яшчэ з часоў Савецкага Саюза, — адзначыў суразмоўца.

Сапраўды, менавіта з-за таго, што сучаснага абсталявання ў кінатэатры няма, мясцовым кіношнікам даводзіцца чакаць выпуску навінак на DVD. Таму прэм’еры фільмаў дэманструюцца ў Глуску са спазненнем. Але ж, нягледзячы на гэта, людзі ідуць у кіно ў ахвотку. Спрыяе гэтаму і цалкам дэмакратычная цана на білет, якая не перавышае трох тысяч рублёў.

Дырэктар установы пацвердзіў, што канцэрты і самыя розныя буйныя раённыя мерапрыемствы ладзяцца на сцэне кінатэатра. Па ягоных словах, артысты — прычым, як мясцовыя, так і заезджыя — ужо прызвычаіліся да выступленняў у “Арыёне”. Але ж сітуацыя, калі ў сценах, дзе круцяць кіно, спяваюць ды танчаць, скажам так, не зусім тыповая…

Будычыня і перспектывы

Высветліўшы праблемную сітуацыю, натуральна, звярнуўся па каментарый у мясцовы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Па словах яго начальніка Наталлі Гулевіч, рамонт у кінатэатры “Арыён” быў прадугледжаны яшчэ згодна з праграмай “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады. Але, на жаль, пад гэтыя мэты так і не былі выдаткаваны фінансы.

— Таму сёлета ў нас там запланавана толькі замена вокнаў, — растлумачыла Наталля Гулевіч. — Пра капітальны рамонт у кінатэатры гаворкі пакуль што не ідзе. Што да галоўнай установы культуры горада, дык у нас яшчэ некалькі гадоў таму быў зроблены праект па будаўніцтве новага РДК у Глуску. На жаль, грошай пад гэтае будаўніцтва трэба вельмі шмат, таму вырашэнне названага пытання пастаянна адкладвалася.

Да таго ж, па словах Наталлі Гулевіч, гэты, зроблены раней праект, на сёння ўжо састарэў, таму патрэбна стварэнне новай праектна-каштарыснай дакументацыі. Што, натуральна, запатрабуе значнай сумы. Таму зараз Наталля Гулевіч заклапочана тым, каб зрабіць у наступным, 2016 годзе, экспертнае заключэнне аб стане будынкаў як РДК, так і кінатэатра “Арыён”.

— Гэта патрэбна для таго, каб ацаніць, ці варта там распачынаць рамонтныя работы, — кажа Наталля Гулевіч. — А ўжо пасля таго, як у нас на руках з’явяцца такія дакументы, можна будзе гаварыць больш канкрэтна пра перспектывы двух аб’ектаў культуры Глуска.

Каб канчаткова расставіць усе кропкі над “і” ў гэтай праблемнай сітуацыі, патэлефанаваў у Магілёў. Як растлумачыў “К” начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец, праектна-каштарысная дакументацыя на будаўніцтва ў Глуску новага раённага Дома культуры на сёння маецца, хоць яна і сапраўды састарэла. Але, нягледзячы на гэта, усе неабходныя дакументы пададзены ў Магілёўскі аблвыканкам, дзе і будзе прымацца рашэнне пра пачатак работ на гэтым аб’екце. Калі ж пытанне па ўзвядзенні новага будынка для Глускага РДК будзе адкладзена, тады плануецца разгляд наступнай праблемы: рамонту кінатэатра “Арыён”. Усе агучаныя пытанні, як запэўніў мяне Анатоль Сінкавец, знаходзяцца на пастаянным кантролі ў аблвыканкаме.

Што ж, застаецца толькі чакаць. У сваю чаргу абяцаем, што “К” будзе сачыць за развіццём падзей. І вельмі спадзяемся, што наступная публікацыя па выніках вырашэння агучаных праблемных пытаннях з’явіцца на старонках газеты не праз сем гадоў, а нашмат раней…

Мінск — Глуск — Мінск

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"