Не заблукаць сярод міфаў

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Сайт www.oginski.by створаны, як я разумею, спецыяльна пад святкаванне юбілею слыннага кампазітара з мэтай папулярызацыі беларускай гісторыі і прапаганды айчынай культуры. Таму мне дзіўна было сустрэць у біяграфічным раздзеле сайта, дзе гаворка вядзецца пра беларускія карані роду Агінскіх, наступны тэкст.

/i/content/pi/cult/559/12243/4-28.jpg“Кстати, в Великом Княжестве Литовском государственным языком наряду с польским и литовским (вылучана мной — П.В.) был также западнорусский (старобелорусский) язык, а многие руководители по своей этнической принадлежности происходили из западных русинов (предков современных белорусов)”. Мабыць аўтар тэкста кіраваўся той логікай, што статус афіцыйнай у дзяржаве звычайна мае мова дзяржаваўтваральнага этнасу, які ўсіх заваяваў альбо паяднаў мірным шляхам — праз эканоміку і культуру, дзяржаве сваё імя ў якасці назвы даў. У Францыі дзяржаўная мова, адпаведна, французская, у Германіі — нямецкая, у Швецыі — шведская, у Расіі — руская і гэтак далей. Пры тым, што ў сацыяльнай і культурнай прасторы дзяржавы пэўнае месца займаць і пэўную ролю адыгрываць могуць і іншыя мовы — міжнародныя ці рэгіянальныя. Але лінгва франка — мова міжэтнічных стасункаў, урадавых пастаноў і афіцыйных зносін з замежжам — гэта заўжды мова пануючага/дамінуючага этнасу. Вось аўтар і вырашыў, што каму ж, як ні літоўцам, у Вялікім Княстве Літоўскім галоўнымі быць, а значыць і мова іхняя мусіць быць дзяржаўнай.

Відавочна, аднак, што аўтару сайта бракуе ведаў па гісторыі Бацькаўшчыны. Нават у савецкай Беларусі, дзе наша Сярэднявечча для гісторыяграфіі лічылася тэмай не актуальнай, як і развагі пра тысячагадовыя карані беларускай дзяржаўнасці, школьнікі (не кажучы пра студэнтаў) ведалі, што адзінай дзяржаўнай мовай Вялікага Княства Літоўскага была мова беларуская. Ці старабеларуская, як каму даспадобы. Бо, канешне ж, 100, 200, 500 гадоў таму наша мова і гучала, і пісалася не зусім так, як зараз. Тое ж тычыцца любой з жывых моў свету.

Я згадаў адзін сайт, дзе побач з праўдзівай і патрэбнай інфармацыяй суседнічае і, скажам так, сумнеўная, але ён такі не адзіны. Звяртаючыся ў Сеціва па тыя ці іншыя звесткі, я неаднойчы трапляў на такія “перлы”, што хацелася патэлефанаваць аўтару і запытаць, у якой школе ён вучыўся і ці вучыўся ўвогуле. У такія моманты параўнанне Інтэрнэту са сметнікам, падаецца мне не пазбаўленым сэнсу. З гэтым трэба нешта рабіць…

Выйсцем падаецца стварэнне “эталоннага” партала па айчыннай гісторыі. Па аналогіі, скажам, з Нацыянальным прававым інтэрнэт-парталам Рэспублікі Беларусь, куды звяртаюцца грамадзяне, каб высветліць, як тая ці іншая сітуацыя выглядае з пазіцый Закона, якія нарматыўна-прававыя акты і ў якой рэдакцыі дзейнічаюць сёння ці былі актуальныя раней. Інфармацыя, змешчаная на ўяўным пакуль Нацыянальным гістарычным інтэрнэт-партале, канешне ж, не можа быць такой жа “абавязковай да выканання”, як тэксты законаў на партале прававым. Яна хутчэй “да ведама”. Але яе праўдзівасць і ўзважанасць гарантаваў бы сваім аўтарытэтам, скажам, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук. Гэта ў нейкім сэнсе быў бы дзяржаўны погляд на беларускую нацыянальную гісторыю, інтэрнэт-даведнік па стрыжнявых з’явах і падзеях нашай мінуўшчыны. Калі ж адносна тых ці іншых падзей ды з’яў вядуцца навуковыя спрэчкі, дык і такая акалічнасць ў карэктнай форме магла бы быць асветленай на згаданым партале.

Рэалізацыя такога праекта — справа не аднаго дня. Будуць патрэбныя немалыя арганізацыйныя высілкі і матэрыяльныя сродкі. Але ўсё адно гэта лепш, чым пусціць справу гістарычнай адукацыі на самацёк, аддаць гэты сегмент культурнага поля дылетантам і невукам. Пры адсутнасці “эталоннай”, кананічнай версіі нацыянальнай гісторыі і яе распаўсюду ў грамадстве, мы рызыкукем заблукаць сярод непрывабных міфаў…

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"