Ад тэлефона да Напалеона

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

У гісторыі горада Барысава ёсць чалавек, чыё імя вось ужо больш за стагоддзе прыцягвае ўвагу гісторыкаў, кнігалюбаў, калекцыянераў. Гэта Іван Каладзееў — камергер царскага двара, памешчык, землеўласнік, прамысловец, грамадскі дзеяч і мецэнат.

Яго бацька, Хрысанф Іванавіч, паходзіў са спадчынных дваран Чарнігаўшчыны — бравы генерал-палкоўнік, удзельнік Крымскай кампаніі 1853 — 56 гг. і галоўнай бітвы — абароны Севастопаля. На пасадзе ваенна-павятовага начальніка Віленскага генерал-губернатарства ён удзельнічаў у падаўленні нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 — 64 гг. Імператар Аляксандр ІІ “в награду отлично-усердной его службы” падарыў Хрысанфу Каладзееву “ў вечнае і спадчыннае ўладанне” землі на паўднёвы ўсход ад Барысава.

 /i/content/pi/cult/155/1224/Napoleon1.jpg

С.Ціхановіч. Партрэт І.Каладзеева (мастацкая рэканструкцыя па фотаздымку).

Традыцыі дваранскага выхавання сфарміравалі ў Каладзееве-малодшым шматбаковую асобу. Энцыклапедычная адукаванасць спалучалася ў Івана Хрысанфавіча з рэдкай прадпрымальніцкай ініцыятывай. Атрымаўшы дыплом навукоўца-агранома ў Акадэміі нямецкага горада Проскаў (цяпер у Польшчы), ён паспяхова пераносіў у свае ўладанні перадавы прускі тып землекарыстання, сэнс якога ў развіцці хутарской гаспадаркі.
Прамысловец з крэатыўным, як сказалі б сёння, эканамічным мысленнем, Каладзееў неаднойчы выступаў сузаснавальнікам і акцыянерам фабрык і заводаў у новай частцы павятовага Барысава, таму прамысловае аблічча сучаснага горада ў немалой ступені абавязана яму. Заснаваныя пры ім шклозавод, дрэваапрацоўчы камбінат, папяровая і запалкавыя фабрыкі дзейнічаюць і сёння! З яго лёгкай рукі пачалася тэлефанізацыя Барысава: у 1899 г. у яго доме быў усталяваны першы гарадскі камутатар, прывезены ім з-за мяжы, а праз тры гады І.Каладзееў прадставіў у павятовы камітэт свае ідэі “для злучэння тэлефонам усіх больш значных населеных месцаў Барысаўскага павета...”.
Іван Хрысанфавіч быў ганаровым міравым суддзём пры Барысаўскім павятовым з’ездзе, земскім галасным у павятовым камітэце па справах земскай гаспадаркі, членам гарадскога камітэта папячыцельства аб народнай цвярозасці, прадстаўніком ад Барысаўскага павета ў губернскім камітэце па справах земскай гаспадаркі…
... Аднак сапраўдным яго захапленнем стала гісторыя вайны 1812 года. Рэха баёў ля Студзёнкі, драматычных для вялікага палкаводца Напалеона і яго арміі, аказалася такім доўгім, што й дасюль сярод французаў слова “Беразіна” азначае “правал справы”. З імем жа Каладзеева назвы “фатальнай” ракі і горада на яе берагах набылі ў краінах Еўропы і іншае, культуралагічнае гучанне. У Барысаве быў створаны “Нова-Барысаўскі збор кніг, рукапісаў, гравюр, планаў і карт памешчыка Мінскай губерні І.Х. Каладзеева”, які на мяжы ХІХ — ХХ стст. прыцягнуў увагу спачатку расійскіх, а потым і замежных аматараў даўніны і даследчыкаў напалеонаўскіх войнаў. Агульнае ўяўленне аб ім можна скласці па артыкуле ў “Российской музейной энциклопедии”, а больш падрабязнае — па працы беларускага гісторыка А.Гужалоўскага “Калекцыя напалеаністыкі І.Х. Каладзеева ў Нова-Барысаве”.
Найбольш верагодна, што цікавасць да падзей на Беразіне ў І.Каладзеева ўзнікла ў другой палове 1880-х гг. Ён “сабраў, не шкадуючы сродкаў, безліч літаратуры па гэтым пытанні і неўзабаве… ад Бярэзінскай аперацыі перайшоў да вывучэння 1812 года ўвогуле, а затым і да эпохі барацьбы імператара Аляксандра з Напалеонам (1805 — 1812 гг.)”.
І ўжо ў 1904 годзе збор меў, “не лічачы значнай калекцыі гравюр, планаў, карт, чарцяжоў і малюнкаў, адных кніг на рускай і замежных мовах — больш за 5000 назваў, якія складалі агулам каля 15000 тамоў”. Былі там падборкі рускіх газет і часопісаў за 1812 год з цалкам купленай ім вядомай бібліятэкі былога маскоўскага генерал-губернатара А.А. Закрэўскага, рукапісы і друкаваныя матэрыялы са збораў графа Чапскага і лагойскай бібліятэкі братоў Тышкевічаў. Інфармацыйная каштоўнасць і ёмістасць спецыялізаванай калекцыі Каладзеева былі такімі, што сучаснікі параўноўвалі яе з аналагічным зборам “Rossica” Імператарскай публічнай бібліятэкі ў Пецярбургу або з калекцыяй прынца Роланда Банапарта ў Бруселі. Прычым апошняя значна саступала каладзееўскай па колькасці кніг і рукапісаў.
Энергічны дваранін сам даследаваў ваколіцы Студзёнкі і берагі Беразіны, аналізаваў гістарычныя крыніцы, мемуары, дзённікі, нататкі, успаміны. Каладзееў знайшоў рэшткі мастоў напалеонаўскай пераправы і сваім коштам усталяваў на гэтым месцы першыя на Барысаўшчыне помнікі (сёння паблізу той пераправы вырас мемарыяльны комплекс, ля якога штогод адбываюцца рэканструкцыі бітвы). Бібліятэка-музей Івана Хрысанфавіча не была скарбам аднаго ўладальніка: барысаўскі збіральнік ласкава прадастаўляў сваё сховішча ўсім, “хто жадаў у ім займацца па гісторыі 1812 года,” — так пісаў В.Краснянскі, аўтар кнігі “Город Борисов и Борисовский уезд в Отечественной войне 1812 года”, які сам неаднаразова карыстаўся яго паслугамі.
У некралогу на смерць І.Каладзеева, апублікаваным у ліпеньскім нумары часопіса “Исторический вестник” за 1914 год, яго збор характарызаваўся як “багацейшая (несумненна, першая ў Еўропе па колькасці кніг і рукапісаў) бібліятэка па 1812 годзе”. На вялікі жаль, далейшы яе лёс не звязаны з Барысавам. У 1913 годзе Іван Хрысанфавіч бескарысліва перадаў звыш 11 тысяч тамоў са свайго збору ў Маскву, дзе да 100-годдзя перамогі ваеннай кампаніі 1812 года планавалася адкрыць Музей вайны. А ў 1915 г. удава Каладзеева Вольга Сяргееўна, занепакоеная падыходам да Барысава кайзераўскага войска, падарыла Дзяржаўнаму гістарычнаму музею Масквы і другую частку калекцыі: больш за 3 тысячы рукапісаў і выяўленчых матэрыялаў, даведнікі і асабісты архіў мужа, выконваючы яго волю.
Пасля кастрычніка 1917 г. “Бібліятэка імя І.Х. Каладзеева” разам з іншымі фондамі планаванага Музея вайны 1812 года паступіла ў Дзяржаўны гістарычны музей; праз 20 гадоў большая частка кнігазбору ўлілася ў Дзяржаўную публічную гістарычную бібліятэку Масквы, а меншая была размеркавана па фондах іншых бібліятэк. У 1926 г., згодна з патрабаваннем Урада БССР, 8 тысяч кніг са збору Каладзеева былі вернуты ў Дзяржаўную бібліятэку нашай краіны, і цяпер у фондзе рэдкіх кніг Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ёсць гэтыя выданні з дарчымі надпісамі аўтараў Івану Хрысанфавічу.

 /i/content/pi/cult/155/1224/Napoleon2.jpg

Фрагмент выстаўкі, прысвечанай вайне 1812 г.,
у Цэнтральнай бібліятэцы Барысаўскага раёна.

Аднак самая каштоўная частка калекцыі засталася ў Расіі. Як кажа былая загадчыца аддзела выяўленчых матэрыялаў Дзяржаўнага гістарычнага музея Алена Іткіна, калекцыя Каладзеева на сённяшні дзень цалкам апісана, у асноўным дзякуючы працам навуковага супрацоўніка музея Ніны Пыравай. Да яе часта звяртаюцца даследчыкі, якія з вялікай павагай ставяцца да памяці Івана Хрысанфавіча. Дарэчы, у лістападзе 1987 г. Н.Пырава прыязджала ў Барысаў для ўдзелу ў канферэнцыі, прысвечанай 175-годдзю ваенных падзей на Беразіне.
У супрацоўнікаў Цэнтральнай бібліятэкі Барысаўскагараёна ёсць задума: хаця б у меншым маштабе паўтарыць на новым вітку гісторыі Барысава справу знакамітага земляка і стварыць свой збор дакументаў пра эпоху напалеонаўскіх войн, надаўшы асаблівую ўвагу падзеям вайны 1812 года на нашай зямлі. І тым самым далучыць землякоў да краязнаўства.
Ужо цяпер у зале беларусікі і краязнаўства Цэнтральнай бібліятэкі сабраны фонд, у якім нямала рарытэтных выданняў і здабыткаў з археалагічных раскопак на месцах баёў 1812 года на Беразіне. Пакладзены пачатак стварэнню карціннай галерэі копій работ мастакоў, прысвечаных Барысаўскай бітве і Бярэзінскай пераправе. Ствараецца мемарыяльны куток І.Каладзеева, у якім, спадзяёмся, з’явяцца копіі кніг з яго збору.
Фарміруючы сваю калекцыю, вывучаючы яе, мы рознымі формамі і метадамі знаёмім з ёю барысаўчан. Напрыклад, робім выстаўкі па прынцыпе музейнай экспазіцыі, дзе кнігі суседнічаюць з адноўленымі вайсковымі касцюмамі, зброяй, аксесуарамі, узнагародамі, памятнымі знакамі, маркамі, а таксама з сапраўднымі манетамі, гузікамі, ядрамі і іх асколкамі, карцеччу ды іншымі сведчаннямі колішніх грозных бітваў.
Ажыццявіць такія праекты магчыма толькі з дапамогай сяброў — барысаўскіх уніфармістаў і калекцыянераў. Супрацоўнікі залы беларусікі і краязнаўства і самі актыўна ўдзельнічаюць ва уніфармісцкім руху і пашыраюць кола нашых партнёраў. Мы наладжваем сувязі з гісторыкамі, якія распрацоўваюць дадзеную тэму. Нашым госцем неаднаразова быў выкладчык БДПУ імя Максіма Танка Ігар Груцо, які распавядаў пра маскоўскія трафеі Напалеона і пошук іх у водах Беразіны пад Барысавам. Вельмі плённым і шматабяцальным аказалася знаёмства з маладым расійскім гісторыкам Іванам Васільевым, аўтарам самага поўнага сучаснага даследавання восеньскай аперацыі 1812 года пад назвай “Некалькі гучных удараў па хвасце тыгра”. 200-годдзе падзей вайны 1812 года не за гарамі, і спіс памятных мерапрыемстваў, што плануюцца, можа пашырацца.
Іван Каладзееў — культавая фігура ў асяродку прафесійных гісторыкаў. Цікавасць да яго асобы з гадамі толькі расце, і кола захопленых тэматыкай яго калекцыі множыцца. А ягонае імя— наш культурны брэнд!
Барысаўскі райвыканкам падтрымаў ініцыятыву калектыву Цэнтралізаванай сістэмы публічных бібліятэк раёна і грамадскасці горада аб прысваенні Цэнтральнай бібліятэцы імя Каладзеева і мае намер хадайнічаць аб гэтым перад Міністэрствам культуры . Гэта будзе справядлівы акт удзячнасці выдатнаму земляку, увасобленая памяць аб яго заслугах не толькі перад нашым горадам, але і перад культурай кніжнага збіральніцтва і гістарычнай навукай.

 

Інэса КАРПАВА,
загадчыца чытальных залаў
Цэнтральнай бібліятэкі
Барысаўскага раёна