Шоу-кейс: планамерны зрэз

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

“Belarus Open”: і ўсё ж патрэбна пляцоўка
Галоўнай адметнасцю сёлетняга “ТэАРТу” сталася беларуская праграма. І зусім не таму, што замежныя спектаклі камусьці маглі падацца менш цікавымі! Упершыню складзеная ў паўнавартасны шоу-кейс з 13-ці спектакляў, праграма “Belarus Open” прадэманстравала даволі шырокі зрэз нацыянальнага тэатральнага мастацтва. А галоўнае, паказала, што беларускі тэатр, як і еўрапейскі, можа быць самым розным не толькі па відах і жанрах (упершыню да драматычнага далучыўся лялечны), але і па эстэтыцы, кірунках развіцця. І што ў ім працуюць папраўдзе таленавітыя рэжысёры! Прычым не толькі старэйшага пакалення. І не адно ў сталіцы, але і ў абласных цэнтрах.

/i/content/pi/cult/559/12239/8-3.jpg

Сцэна са спектакля "Ілюзіі".

Такая вялікая і разнастайная эстэтычна-геаграфічная палітра нашага тэатральнага мастацтва паўстала ўпершыню. І ў чымсьці замяніла паказы Нацыянальнай тэатральнай прэміі (яна праводзіцца раз на два гады, і сёлета акурат год без яе прадстаўленняў). Нават дала ёй фору! Так адбылося яшчэ і з той прычыны, што фарміраваўся беларускі шоу-кейс мэтанакіравана, з прыцэлам яшчэ і на замежных крытыкаў ды прадзюсараў, запрошаных на фестываль: а раптам хто з іх дапаможа далейшаму прасоўванню і папулярызацыі нашага мастацтва? Спектаклі, што важна, выбіраліся не па прынцыпе, хто што хацеў бы паказаць (складальнік “Belarus Open” — тэатральны крытык Людміла Грамыка).

Іншая справа, што, на жаль, не ўсе з вылучаных спектакляў удалося паказаць. Запланаваная прэм’ера пластычнага спектакля “Vasen extasen” Тэатра танца “Karakuli” з-за хваробы выканаўцы была заменена на даўно апрабаваны ў фестывальнай практыцы “Атракцыён з абмежаванай адказнасцю”. А Юрка і Таццяна Дзіваковы, якія зрабілі ўжо некалькі паспяховых праектаў у рамках сваёй “Лабараторыі фігур Оскара Шлемера”, змаглі прапанаваць толькі раннюю працу — “Oratorium”. У ёй, на мой погляд, паслядоўна праведзена думка пра тое, як многа значных падзей мы не паспяваем прасачыць, бо наша ўвага ў гэты момант аддадзена чамусьці іншаму — як аказваецца, менш значнаму. І што нават убачанае намі не заўсёды адпавядае ісціне, бо тая бывае схавана больш глыбока. Але калі амаль гадзіну мы глядзелі на павольныя, а часам і ўвогуле не заўважныя рухі адных з самых таленавітых магілёўскіх артыстаў, якія не маглі нават часткова рэалізаваць свае багатыя магчымасці, дык гэтага падалося замала.

Цудоўна, што ў фестывальнае кола патрапіў, нарэшце, адзін са спектакляў тэатра “ІнЖэст” Вячаслава Іназемцава — біяграфічная фантасмагорыя “Доступ да цела”. Разам з тым, пластычныя эксперыменты маглі быць прадстаўлены яшчэ больш шырока — некаторымі працамі Дзмітрыя Куракулава і яго гурта сучаснай харэаграфіі “ТАД” з Гродна (між іншым, менавіта там калісьці пачынала сваю творчасць Вольга Лабоўкіна, якая пазней пераехала ў Мінск і заснавала “Karakuli”).

З вялікай зацікаўленасцю паставіліся госці да “Ілюзій” Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Цэнтры сучаснага мастацтва. Гэты спектакль у пастаноўцы Таццяны Траяновіч, разлічаны на чатырох артыстаў і экран, ужо стаў рэпертуарным, прыцягваючы моладзь, схільную не да бяздумнага паглынання відовішчаў, а да разваг пасля прагляду. Не меншы розгалас атрымалі спектаклі “Мабыць?” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, пастаўлены Аляксандрам Марчанкам і заснаваны на тэхніцы вербацім, а таксама “Участковыя, ці Пераадольваемае супрацьдзеянне” ў пастаноўцы маладой Алены Сілуцінай, калі гледачоў запрасілі на прагляд спачатку ў звычайны пад’езд, а потым у кватэру.

Ды ўсё ж самыя, бадай, “гарачыя” спрэчкі выклікала пастаноўка класікі — тым больш, такіх спектакляў на фестывалі, як і звычайна ў тэатральным рэпертуары, багата. Гэта “Жаніцьба”, “У маленькай сядзібе” Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра ў пастаноўцы Саўлюса Варнаса, “На дне” Брэсцкага акадэмічнага тэатра драмы, “Чэхаў. Камедыя. Чайка” Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра, а таксама тры лялечныя пастаноўкі — “Інтэрв’ю з вядзьмаркамі” Яўгена Карняга і дзве работы Аляксея Ляляўскага — сталічны “Тарцюф” і брэсцкі “Самазванец”.

Выдатна, што акрамя ўласна тэатральных работ, на поўны голас выявілі сябе і крытыкі — нашы і замежныя. У тым ліку, і праз інтэрнэт-выданне “Культпрасвет”, журналісты якога актыўна маніторылі рэакцыю на кожны з праглядаў, апытваючы не толькі знаўцаў, але і проста гледачоў.

У далейшым існаванні “ТэАРТу” вельмі перспектыўным быў бы больш ці менш пастаянны, планамерны паказ усяго новага па эстэтыцы і кірунках, што з’яўляецца ў беларускай тэатральнай прасторы. Падобную працу арганізатары фестывалю пачыналі ўжо раней. Для яе далейшага разгорту патрабуецца, найперш, пляцоўка. Бо з-за яе адсутнасці “загінулі” некаторыя ранейшыя спектаклі, створаныя не ў стацыянарнай трупе, а артыстамі розных тэатраў спецыяльна да форуму. Зацікаўленых у з’яўленні такой пляцоўкі шмат. Ёсць і грошы, як запэўніў на адным з мерапрыемстваў “ТэАРТу”-2015 Віктар Бабарыка, кіраўнік “Белгазпрамбанка” — партнёра фестывалю. Дачакаемся?..

Аўтар: Надзея БУНЦЭВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"