“Знітаванне” і “разнітаванні”

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Попыт — меншы, мастакоў жа стала больш
“Мы ткачы, мы тчэм габелены часу…” — не прыгадаю, хто сказаў гэтую цудоўную фразу, але ведаю адно: мастацтва — прыбаўленне жыцця. Але толькі ў тым, чароўным выпадку, калі творца безаглядна шчодры, апантаны ў сваёй стваральнай місіі, у аддачы не толькі ўласнага духу, дара — а і ўсёй сваёй сутнасці і плоці. Нельга быць песняром жыцця, гледзячы на яго з боку. Па гэтым законе глядач і пазнае аўтара.

/i/content/pi/cult/559/12238/8-2.jpgМне здаецца, удзельнікі “габеленавай” рэспубліканскай выстаўкі “Знітаванне”, арганізаванай Беларускім саюзам мастакоў, якая праходзіла ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, — з той самай мастакоўскай пароды чалавецтва. Творчая моц прыходзіць, прынамсі, да лепшай іх часткі, у яднанні з зямным хараством і той сілай, што адкрываецца мастаку праз уласнае “я”, не падобнае ні на каго іншага.

Вядома, што аснова развіцця сучаснага габелена — у арганічным спалучэнні нацыянальных традыцый з вопытам айчыннай і сусветнай мастацкай культуры. Беларускаму адроджанаму габелену ўсяго некалькі дзясяткаў гадоў. Тэрмін для развіцця такога мастацтва вельмі малы. Між тым, што б там ні казалі, можна смела лічыць, што ў нас ужо існуе нацыянальная школа мастацкага ткацтва, якая арганічна абапіраецца на трывалы гістарычны грунт. Нездарма спакон вякоў ткацтва было адным з асноўных рамёстваў беларусаў, і продкі дасягалі ў гэтай справе надзвычайнага майстэрства. А што да прафесійнага нацыянальнага габелена, дык яго гісторыя сягае ў XVII — XVIII стагоддзі. Аднак на пачатку ХІХ стагоддзя вытворчасць прыйшла ў заняпад. І толькі праз паўтара стагоддзя пачалося тое, што мы маем сёння ў прасторы беларускай выяўленчай культуры.

“Знітаванне” — яркі прыклад таго, “што мы маем сёння”. І гэта не лічачы тых манументальных габеленаў беларускіх майстроў, якія ўпрыгожваюць інтэр’еры шэрагу будынкаў краіны. Экспануецца ў галерэі больш як сотня твораў амаль пяцідзесяці мастакоў з розных гарадоў краіны, перш за ўсё — з Мінска і Віцебска. Назва выстаўкі, як лічаць яе арганізатары, — гэта сімвал “ніткі, якой тчэцца аўтарскі габелен, і ў той жа час — сувязь пакаленняў, пераемнасць традыцый і наватарства ў мастацкім тэкстылі”.

Сапраўды, большасць габеленаў, як правіла, выканана спосабам ручнога ткацтва з шырокім дыяпазонам вобразных рашэнняў. Пры гэтым, у параўнанні з мінулым часам, значна пашырана кола матэрыялаў, выкарыстана розная пража — ваўняная, ільняная, сінтэтычная. Шмат эксперыментаў у тэхналогіі (трыптых “Вясна” Таццяны Козік, “Натхненне” і “Калыска для смаўжа” Любові Кірылавай, “Нарачанскія дзьмухаўцы” Веры Блінцовай), пошукі новых вобразаў у арт-аб’ектах, кампазіцыйна-прасторавыя рашэнні якіх выклікаюць увагу і павагу (“Ра-Радасць-Вясёлка-Рай” і “Каардынаты быцця” Галіны Крываблоцкай, “Адлюстраванне”, “Сонечны шлях” і “Зімовы дзень” Валянціны Маркавец-Бартлавай) ды іншыя. Ну а тэмы, шчыра кажучы, — даўно знаёмыя, звыклыя, “нашы”: прырода, чаргаванне пораў года, урадлівасць і шчодрасць зямлі, народныя святы, экалогія, гісторыя і сучаснасць, звязаныя з неўміручай культурнай спадчынай народа, з марай пра будучыню, з хараством свету, у якім мы жывем.

Так, большасць твораў мастакоў (а гэта, галоўным чынам, жанчыны) грунтуецца на фундаменце традыцый народнага ўзорнага ткацтва, калі кожная нітка падпарадкавана задуме, ідэі аўтара. Што і казаць, габелен — такая рэч, якая валодае ўласным характарам. Цеплыню ж, дададзеную, скажам, Людмілай Пятруль, Людмілай Пуцейка, Маргарытай Шчамялёвай, Уладзімірам Лісавенкам, Тамарай Чуглазавай, Ларысай Густавай, Святланай Абрамовіч, Святланай Баранкоўскай, я пабачыў у іх новых і знаёмых тканых карцінах, дзе сама структура матэрыялу з’яўляецца носьбітам вобразнага зместу, дзе раскрыццё тэм дасягаецца не за кошт стылізацыі выяўленчых формаў, а за кошт самой сістэмы ткацтва, “паводзін” і ўласцівасцей матэрыялу, якія кіруюць творчым працэсам. З задавальненнем яшчэ раз паглядзеў цудоўнае тканае палатно “Горад Шагала”, зробленае Таццянай і Юрыем Рудэнкамі гадоў дваццаць таму — але ад часу яно стала яшчэ больш прывабным. Такім чынам, экспазіцыя паказала, што габелен і сёння працягвае сваё жыццё. І не толькі ў Мінску. Дарэчы, дадзеную выстаўку да “сталічнага вернісажу” пабачылі ўжо сёлета жыхары Віцебска і госці “Славянскага базара…”, а таксама гледачы Полацка.

Урэшце, трэба прызнаць, у галіне мастацкага ткацтва дадалося вельмі шмат новых праблем, звязаных, у асноўным, з недастатковым попытам на яго. Апошняму ёсць і аб’ектыўныя, і суб’ектыўныя прычыны. Але гэта ўжо іншая тэма. Аднак самае цікавае ў тым, што калектыў майстроў габелена не змяншаецца, а, наадварот, павялічваецца! І пра тое таксама яскрава сведчыць экспазіцыя, на якой я пабачыў і зусім новыя для мяне імёны.

Аднак… У пятніцу, 16 кастрычніка ў сярэдзіне дня, я прабыў на выстаўцы амаль паўтары гадзіны. Калі хадзіў па зале, узнікла думка ўзяць кароткае інтэрв’ю ў “простага” гледача, спытаць яго: чаму ён прыйшоў на гэтую выстаўку і што яму тут асабліва спадабалася? Але ні адзін з “простых” наведвальнікаў-гледачоў так і не з’явіўся… Наогул ніхто не з’явіўся ў гэты час… Такім чынам нас было двое: я і жанчына — даглядчык выставачнага памяшкання. З іншага боку, мне ніхто не замінаў уважліва глядзець на творы, хаця без гледачоў побач адчуваеш сябе не вельмі ўтульна…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"