— Зараз у Латвіі шмат гавораць пра адну з маштабных праблем нашага часу: вялікі дэфіцыт сапраўдных сямейных сувязей. Еўрапейскія краіны зразумелі, што без сямейных традыцый мы пачынаем крочыць не ў той бок. Тэндэнцыяй стала аддаленне бацькоў ад дзяцей, перакладванне функцыі выхавання на школы ці іншыя інстытуцыі. І тэатры гэта адчуваюць, як ніхто іншы: на ранішніх пастаноўках мы часцей бачым класы, чым хлопчыкаў ці дзяўчынак з татам і мамай (у лепшым выпадку малечу суправаджае адзін з бацькоў).
Мне шкада, што да нас у Мінску прыйшло шмат мэтавых груп малодшых школьнікаў, хоць у афішы пазначалі, што гэта сямейны спектакль (і наўмысна планавалі для гастролей суботні дзень, каб бацькам зручней было знайсці час наведаць тэатр). У школьнікаў існуюць устойлівыя сацыяльныя сувязі з класам, дамінанта іх паводзін накірована нібы ў сярэдзіну маленькай дысцыплінарнай групы. Яны, па сутнасці, зачынены для паўнавартаснага ўспрыняцця таго, што адбываецца на сцэне. Рэдка хто будзе дзяліцца ўражаннямі з настаўнікам, а паміж сабой яны яшчэ не ўмеюць абмяркоўваць убачанае…
У Даўгаўпілсе мы таксама працуем з класамі, але па нядзелях практыкуем адмысловы сямейны дзень. Я спецыяльна назіраў за сем’ямі ў зале: гэта абсалютна іншы ўзровень эмацыйнага ўспрыняцця! Дзецям патрэбна, каб хтосьці дапамог заглыбіцца ў пабачанае. Хто лепш за бацькоў навучыць успрымаць і аналізаваць мастацтва, а не глядзець “карцінку”, як на камп’ютары? Я ўпэўнены, што лепшага выхаваўчага моманту немагчыма і прыдумаць.
Мне не падабаецца глабальны кірунак на тое, каб зрабіць дзяцей больш дарослымі, чым яны ёсць. Паглядзіце, колькі зараз ідзе тэлевізійных шоу, у якіх для малечы падбіраецца рэпертуар не па ўзросце! На мой погляд, гэта вельмі небяспечна. Чамусьці стала абавязковым уводзіць у творы для малодшага пакалення занадта злога адмоўнага персанажа, быццам з амерыканскіх хорараў. Я сумую па сучасным, але пры гэтым сапраўды дзіцячым матэрыяле. Калі мне ў рукі патрапіла павучальная нямецкая гісторыя “Лео — маленькі леў” пра неабходнасць гарманізаваць сябе са светам, адразу ж учапіўся за гэты шыкоўны матэрыял. Спадзяюся, спектакль прыйшоўся даспадобы мінчанам, як і ваша “Залатое кураня” латышам.
Зрэшты, ні з адным тэатрам да гэтага ў нас не ўзнікла шчыльнага супрацоўніцтва, як з вашым Музычным тэатрам. Акрамя абменных гастролей, мы ладзім сумесны творчы праект: у сярэдзіне лістапада на нашай сцэне адбудзецца прэм’ера аперэты “Тайна містэра Ікс” (паводле “Прынцэсы цырка” Імрэ Кальмана). Даўгаўпілскі тэатр не з’яўляецца музычным у чыстым выглядзе, аперэты не ставіліся шмат гадоў, зразумела, што нам бракуе салістаў. На галоўныя партыі мы запрашаем іх з усёй Латвіі, але ў нашай маленькай краіне таксама адчуваецца дэфіцыт моцных галасоў. Калі пра гэтую праблему пачуў дырэктар вашага Музычнага Аляксандр Пятровіч, то адразу прапанаваў нам сваіх лепшых артыстаў. Для мяне гэта было вельмі нечаканым, бо звычайна тэатры вельмі неахвотна давяраюць сваіх салістаў іншым рэжысёрам. Беларускія калегі нават падзяліліся з намі аркестравай партытурай! Скажу, што для нашага калектыву гэта быў цікавы творчы вопыт. Вельмі незвычайна было назіраць, як акцёры з-за куліс сачылі за рэпетыцыямі Анзора Алімірзоева і Галіны Дубіцкай (якая на час заключэння дагавору была артысткай Музычнага тэатра): прыцягвала чароўная адкрытасць і ўнутраная шчыраць беларускіх калег.
У снежні плануем вярнуцца ў Мінск з новым цікавым праектам. Мы прывязем камічную оперу Моцарта “Дырэктар тэатра”, якая будзе ісці ў суправаджэнні беларускага аркестра. Мы сябе ўспрымаем, як малодшага брата Музычнага тэатра, бо ў вас ужо ёсць дзесяцігоддзямі напрацаваны вопыт, а мы толькі пачынаем рухацца ў кірунку музычных пастановак.