Колькі карцін у кватэры італьянца?

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Наш мастак: адчуванне “persona grata” і ціск гравюр Піранэзі
Сёння нямала нашых творцаў і за мяжой працуюць, і з радзімай не парываюць. Гэта адначасова і распаўсюд па свеце нашай мастацкай школы, праца на імідж Беларусі, але і набыццё досведу, які можа быць карысным у беларускай культурнай прасторы. Адзін з такіх “амбасадараў беларускага мастацтва” — жывапісец Андрэй Дубінін. На старонках “К” ён распавядае пра тое, што дала яму Італія як мастаку, якім эмацыйным і практычным досведам узбагаціла.

/i/content/pi/cult/559/12232/13-1.jpgАрыстакраты і не

— Знаёмцу ў Італіі, які мае дачыненне да мастацкага салона, патрабаваўся мастак, здольны рабіць якасныя копіі. Замоўцамі іх з’яўляецца тамтэйшая арыстакратыя: сем’і разрастаюцца, і нашчадкі жадаюць мець копіі з карцін фамільнай калекцыі. Для мяне ж гэта не проста геаграфічнае перамяшчэнне, але і перамяшчэнне ў часе. Арыстакратыя па-асабліваму ставіцца да родавых традыцый, да асвечанага гісторыяй сацыяльнага статуса. Прычым, у іх дамах можна пабачыць шэдэўры сусветнага мастацтва! І я меў магчымасць зняць такую карціну са сцяны, які там грунт, мазок, што называецца, “у прыцірку” пабачыць. Гэта вельмі цікавая вучнёўская праца.

Вось уявіце: сціплы такі чалавек, звычайны бюракрат, але ён — нашчадак маркізаў. І я малюю яго ў мантыі ордэна Канстанціна! Зразумела, што гэта адзенне не на кожны дзень: у нейкім сэнсе — карнавальны касцюм. Замоўца тое разумее, ставіцца да пазіравання мастаку з іроніяй, але партрэт усё ж замаўляе… Калі партрэт напісаны, ён бярэ карціну, падыходзіць з ёй да люстэрка і глядзіць, ці падобны партрэт на арыгінал. А потым кажа, што “Не тое павека” ці “Не тое вока”… Ён, аказваецца, ведае, што сам сябе чалавек бачыць не так, як яго бачаць іншыя, а на партрэце хоча быць гэткім жа, як у люстэрку. А заўвагі ён робіць не горш, чым выкладчык Акадэміі мастацтваў, дзе я вучыўся. Такая дасведчанасць мяне прыемна здзівіла… Але ж для многіх італьянцаў, з якімі я кантактаваў, гэта цалкам натуральна.

Аднак я пісаў карціны і для людзей з іншым сацыяльным статусам. Бо мець дома творы мастацтва — нацыянальная традыцыя. 24-гадовы электрык замовіў мне дзесяць карцін (ягоны заробак — 1 200 еўра ў месяц, карціна каштуе — 100-150); таксама замаўляла мне карціну сіньёра, што прасуе кашулі гаспадару дома, дзе я жыў. А лепшым падарункам на вяселле лічыцца спецыяльна напісаная для гэтай падзеі карціна з выявай храма, дзе маладыя вянчаліся. Мне такія замовы даспадобы, бо адчуваю: раблю справу для людзей, якім яе вынік патрэбны.

Сіньёра ж, якая пісала тэкст да майго буклета, тлумачыла мне, што італьянец, калі бачыць пустое месца на сцяне, мае першую думку: як тую пустэчу творам мастацтва закрыць. У майго італьянскага сябра ў спальні сорак невялікіх карцін. Не рэпрадукцый — арыгіналаў, у ягонай бібліятэцы — 150 гравюр, сярод якіх арыгіналы Фюзлі і Піранэзі! Жывапісам завешаны калідор. Яны ў гэтым жывуць…

Сіндром Стэндаля

— На маё рашэнне засяродзіцца на мастакоўскай працы (да 2004 года выкладаў у нашай Акадэміі мастацтваў, але потым мне стала цяжка сумяшчаць працу выкладчыка і творчыя памкненні) — паўплывала Італія. Калі прыязджаеш у Рым, дык адчуваеш сапраўдны культурны ціск. Уяўляеце, што такое жыць у кватэры, дзе ў калідорчыку на сцяне — гравюры Піранэзі? Я адчуваў, што мне там лепш працуецца, мне там як мастаку больш цікава. Ад італьянцаў я даведаўся пра так званы сіндром Стэндаля. Гэта калі чалавек вар’яцее ад плотнасці культуры, якая на яго абрушваецца. У Італіі гэту плотнасць успрымаеш амаль фізічна. Пад яе ўплывам я станаўлюся іншым.

Справа ў школе ці ў замовах?

— Пры гэтым цікава суадносіць Беларусь з Італіяй, сябе — з італьянцамі. Пры блізкім знаёмстве адчуваеш, што і характары розныя. Такога ўзроўню прафесіяналізму, як у нашых мастакоў, чые імёны на слыху, у Італіі я не бачыў. Там выяўленчае мастацтва здрабнела, школа неяк парушана, мастакі працуюць, абапіраючыся на фотаматэрыял. Здымкі і фотакалажы пераводзяць у жывапіс. Прычым, багата мастакоў, якія, папросту кажучы, дылетанты.

Але пры гэтым мушу адзначыць высокі ўзровень дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Мне з сям’ёй выпала жыць у В’етра на беразе Тырэнскага мора. Гэты горад паміж Неапалем і Палерма з’яўляецца нацыянальным цэнтрам керамічнай прамысловасці, і ўвесь ён татальна аздоблены керамікай, прычым, штогод з’яўлюцца новыя керамічныя мастацкія аб’екты функцыянальнага прызначэння: фантаны, лаўкі, арыгінальная аздоба рэстаранаў — ад інтэр’ера да посуду. Мая жонка, мастак-кераміст, ад гэтага горада ў захапленні. Асобна падкрэслю, што ўсю тую аздобу робяць мясцовыя мастакі. Горад клапоціцца пра тое, каб яны маглі на хлеб зарабіць. Вось на такім забаўляльна-тактыльным сегменце быцця, які італьянцы вельмі любяць, мастацтва — жывое. А вось адносна палатна, карціны, жывапісу я такога сказаць не магу… Можа, у гэтым культурным сегменце патэнцыял вычарпаны, а мо проста на грунтоўныя жывапісныя творы замоў бракуе.

І пра барока

— Замоўцам, дарэчы, у шэрагу выпадкаў магла б стаць царква, але святары тамтэйшыя больш шануюць барока. Яно, зрэшты лагічна, бо гэты стыль вельмі пасуе італьянскаму тэмпераменту, нацыянальнай ментальнасці, і шэдэўраў барочных, на якія лёгка арыентавацца, шмат. Ды і сама архітэктура італьянскіх храмаў, якім не адно стагоддзе, не надта прымае эстэтычныя навацыі. Дык вось, мастак, калі хоча супрацоўнічаць з царквой, мусіць падпарадкоўвацца існуючым стэрэатыпам.

Ёсць і асаблівая павага да людзей, якія маюць дачынне да царквы. Я гэта адчуў на сабе, калі распісваў храмы. Згадаю такі эпізод. Жонка прыгледзела ў дарагой краме шыкоўную сукенку. Я спытаў кошт, неяк завязалася гаворка з гаспадыняй крамы. І калі высветлілася, што па замове мяцовага падрэ распісваю храм, сукенку жонцы аддалі задарма… У нас не бралі грошы ў бальніцы, куды мы калі-нікалі звярталіся. Прыхаджане забяспечвалі нас усім, патрэбным для жыцця. Мы былі не проста "persona grata", а вельмі "grata"!

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"