Ніша для галерэі

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Чаму не варта станавіцца канкурэнтам для ўсіх?
Амаль два месяцы ў Мінску працуе “Дом карцін”, мастацкая галерэя — частка прыватнага праекта (установа пад такой жа назвай адчынена ў Кіеве, трэцяя з’явіцца ў Маскве). Паколькі досвед згаданага перыяду засведчыў попыт у прафесіяналаў і аматараў жывапісу на новы фармат галерэі, то сама па сабе ўзнікла праблема вольных ніш у айчыннай арт-прасторы. Вопытам па стварэнні выставачнага прадукту дзеліцца прэс-сакратар Крысціна ЛЯДСКАЯ ў фармаце маналогаў.

/i/content/pi/cult/559/12231/12-1.jpgРынак пад лупай

— З чаго трэба пачынаць, калі задумваеш адкрыць галерэю? Як наведвальнік такіх устаноў і як работнік гэтай сферы бачу наступнае: неабходна зразумець, чаго канкрэтна не хапае ў дадзеным горадзе ці раёне, якіх акцый, мерапрыемстваў не стае. І тут не мае значэння, дзе менавіта плануецца новы аб’ект. Рынак трэба ўяўляць як мага больш поўна. Упэўнена, у кожным горадзе ёсць выставачныя залы музейнага тыпу, забаўляльныя ўстановы кшталту клубаў, дысказалаў. У рэгіёнах месцяцца краязнаўчыя музеі, маленькія галерэі, якія часцяком больш жывыя, чым у сталіцы, паколькі арганічныя і прыстасаваныя да мясцовых жыхароў, іх асяроддзя. Узяць хаця б Гродна. Вось кавярня, утульная галерэя, дзе можна и нешта набыць на памяць, а там — выставачная зала.

Але, як правіла, выпадае прамежкавае звяно, дзе чалавек можа ў культурным атачэнні добра бавіць час, дзе яму падораць магчымасць не толькі інтэлектуальна насыціцца, але і “разгрузіцца”: адпачыць, абмеркаваць пабачанае ў камфортнай атмасферы ў кандыцыянаваным памяшканні за кубачкам кавы. Такой камбінацыі музейнага і рэкрэацыйнага складнікаў амаль няма ў нацыянальнай арт-прасторы.

Ствараць ці арандаваць?

— Для стварэння новага выствачнага прадукту ёсць шмат розных шляхоў. Напрыклад, арандаваць яго. Менавіта такім чынам з’явіўся маштабны праект “Вялікія класікі ХХ стагоддзя”, што экспануецца ў нас. Уладальнікі графічных работ Далі, Шагала і Маціса склалі свой скарб у адну калекцыю і пракатваюць яго па розных пляцоўках. Гэтыя калекцыянеры маюць больш маштабную місію, чым цешыць самалюбства ці ўзбагаціцца: для чаго збіраць, калі не паказваць людзям?! Напрыклад, куратары аб’ядналі ў поўны збор ілюстрацыі Далі да “Боскай камедыі” Дантэ. Збораў, якія змяшчаюць усе 100 ксілаграфій, у свеце толькі дзесяць!

Куратары разам з прадуктам прапаноўваюць лагістычную схему: дастаўка, страхоўка і гэтак далей. Застаецца пагадзіцца на гэтыя ўмовы альбо аплаціць пэўную частку. Можна і самім генераваць ініцыятыву, пажадаць выставіць тое ці іншае, пашукаць, дзе гэта ёсць, прыдумаць канцэпцыю, сабраць матэрыял, пралічыць спосаб дастаўкі, дамовіцца пра страхоўку. У гэтым выпадку сам ствараеш канчатковы прадукт.

З нашага вопыту скажу, што, безумоўна, беларусам бракуе выставак мастакоў з сусветна вядомымі імёнамі, бо раней нас ніхто асабліва не песціў пракатам шэдэўраў з-за мяжы. Падобныя праекты карыстаюцца вялікім попытам. Дарэчы, публіка, перад тым як набыць білет, некалькі разоў перапытвае, арыгіналы ці копіі ім прапаноўваюць. Лічу, насыціць гэты дэфіцыт — перспектыва для галерэйшчыкаў.

Беларусы зацікаўлены і ў з’яўленні арыгінальнага выставачнага прадукту. Яны чакаюць нестандартныя хады, актыўнай перфарматыўнай часткі. Скажам, зараз у Маскве ідзе праект “Ван Гог. Ажылыя палотны” — Беларусь ніколі не бачыла падобнага.

Інтэлектуальны дадатак

— Разумею, чаму ў дзяржаўных музеяў менш прасторы для эксперыментаў: бюджэтныя арганізацыі, абмежаваныя ў фінансавых сродках, не заўсёды свабодныя ў выбары выставачнага прадукту. У нас пляцоўка прыватная, таму варыянтаў дзейнасці куды больш, стае і магчымасцей зарабляць, каб праекты акупляліся. Напрыклад, заснавальнік “Дома карцін” зрабіў кіназалу. Тэматычныя паказы звязаны з экспазіцыямі, чалавек тут атрымлівае дадатковую інфармацыю. Чалавек не падладжваецца пад нас: дзверы кіназалы адчынены, таму можна заходзіць у любы момант, застацца на наступны сеанс.

Такіх месцаў не стае ў рэгіёнах — гэта ўжо зразумела. Зрэшты, і ў Мінску іх небагата. Фокус "Дома карцін" у тым, што публіка адпачывае няспешна, па жаданні атрымліваючы кансультацыі. Хацелася пазбегнуць празмернай строгасці атмасферы. На жаль, ва ўстановах культуры нашай краіны такога з лішкам. І яшчэ момант: мы першапачаткова не разглядалі дзіцячую аўдыторыю ў якасці патэнцыйнай. Але да нас ідуць з малечамі. Адпаведна, галерэя (і не толькі наша) можа быць запатрабавана і ў якасці сямейнага цэнтра. Мы ж зрабілі, адштуроўваючыся ад складу аўдыторыі, дзіцячыя кінасеансы па суботах.

Канкурэнцыя — не выйсце

— Зразумела, нельга адкрываць арт-галерэю, скажам, без прафесійнай падсветкі. Дызайн памяшканняў у нас сучасны, але не ў стылі “ультра” — значыць, не адштурхне прыхільнікаў традыцыйнага. Неад’емная частка галерэі — магчымасць продажу. Праўда, на практыцы нашай установы атрымалася, што асноўны ўпор робіцца на наведвальніка. Гэтак, сыходзячы з сітуацыі, канцэпцыя пляцоўкі карэктуецца.

Тым, хто захоча прыйсці на рынак мастацтва, хачу даць простую параду: нельга пазіцыянаваць сябе канкурэнтам для ўсіх астатніх, інакш запланаваная дзейнасць ператворыцца ў недарэчную барацьбу за выжыванне. У арт-прасторы неабходна працаваць па прынцыпе дапаўняльнасці. Мы таксама выходзілі на рынак як дадатковы складнік. У нас ёсць тое, чаго бракуе сталым ігракам, але і ў нас няма чагосьці, за чым пэўная аўдыторыя накіроўваецца да іх. Кожны павінен выконваць сваю функцыю.

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"