“Дэтэктывы” 1940-х выходзяць на вуліцы…

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Дзевяноста дзевяць працэнтаў мужчын пойдуць на ўсё, каб толькі не пачуць на свой адрас тэрмін “дэндзі”, і зробяць усё магчымае, каб ні ў чым не быць на іх падобнымі. Што там яны робяць? Манікюр? Тады мы, “сапраўдныя” мужчыны, зробім адваротнае: не будзем наогул чысціць пазногці. Яны тры гадзіны выбіраюць тон гальштука? Мы не будзем марнаваць час на гэта — досыць аднаго чорнага ў шэрую крапінку на ўсе выпадкі жыцця... Мы не заклікаем мужчын быць гэткімі “нарцысамі”, якія клопат пра сваю эстэтычную “абгортку” ставяць за сэнс жыцця. Мы, як заўсёды, за залатую сярэдзіну — за эстэтыку вобраза, за прыгажосць і мастацкі густ, за дагледжанасць і пазітыў. Вясной, калі шэрыя вуліцы і шэрыя паліто настройваюць на сумны лад, гэта літаральна неабходна, каб не паддацца вясновай дэпрэсіі.

На Сейм — як у Парыж

Даглядаць сябе, упрыгожваць, быць узорам эстэтыкі — гэта норма, якая прапагандавалася цягам усяго часу, што існавалі людзі, пачынаючы ад жыхароў Егіпта з выключным мастацтвам драпіраванага адзення да сучасных неадэндзі. Гэтым імкненнем да прыгажосці былі прасякнуты ўсе слаі насельніцтва, якія маглі сабе дазволіць прыдбаць прыгожыя тканіны. Напрыклад, Вялікалітоўскія князі вельмі ўважліва і скрупулёзна падбіралі колеры, узоры і адценні розных частак свайго параднага касцюма. Упэўненым трэндам тых часін было колеравае спалучэнне ў касцюме: калі туніка чырвоная — мантыя сіняя, і наадварот.
Князі ВКЛ замаўлялі касцюмы на выхад па апошняй еўрапейскай модзе. Прыкладам, князь Вітаўт быў прыхільнікам бургундскай моды.

 /i/content/pi/cult/155/1223/Detektivy1.jpg

Уладзімір Дамінік Астрожскі.

Асаблівай увагай да свайго касцюма вылучалася шляхта, якая пакінула продкам не толькі партрэтныя, але і пісьмовыя доказы свайго шыку. На пасяджэнні Сейма Рэчы Паспалітай яна выязджала так, што і сёння дала б фору ўсёй тусоўцы Тыдняў моды ў Парыжы ці Мілане. “Ваяводы мелі тут арэну сваёй пыхлівасці, зайздросліва спаборнічаючы адзін з адным незвычайнай раскошай адзення як на сабе, так і на мностве служак, з якімі яны штодзённа выязджалі ў палац; прычым натоўп чэлядзінцаў і салдат, што ехаў ззаду і акружаў карэту, уяўляў сабой такую напышлівую карціну, якая прымусіла б маўчаць самага злоснага заіла”, — апісваў сведка падарожжа шляхты ў Маскву ў 1678 годзе.
Тагачасныя дэндзі не толькі сачылі за зменай модных вырашэнняў, надавалі значнасць свайму выгляду, які, у сваю чаргу, надаваў значнасці ім, але і былі вельмі ўважлівымі да дробязей.
Прыкладам, у XVII стагоддзі вялікую эстэтычную ролю ў парадным касцюме адыгрывала... бялізна. Менавіта для таго, каб далікатна яе паказаць, пурпуэн маладога заслаўскага князя Уладзіслава Дамініка Астрожскага на партрэце Стробеля зашпілены толькі зверху, а з-пад расшпіленых полачак нібы выпадкова выглядвае празрыстая шаўковая кашуля. Гэтак жа “выпадкова”, але насамрэч адняўшы шмат часу і цярпення, задрапіравана і прасунута яна ў разрэзаныя рукавы пурпуэна. Дарэчы, спецыяльна для гэтых мэт рукавы кашулі і шыліся вельмі доўгімі і шырокімі. Канешне, на тое былі сацыяльныя прычыны, але права быць самымі прыгожымі і самымі прыбранымі шляхта замацоўвала за сабой на заканадаўчым узроўні, пазбаўляючы ніжэйшыя саслоўі магчымасці быць такімі ж. Сейм Рэчы Паспалітай неаднаразова прымаў пастановы, абмяжоўваючы нешляхетных заможных людзей у жаданні быць “як шляхцічы”. Так, па сеймавай канстытуцыі 1613 года мяшчанам забаранялася шыць адзенне з шоўку і каштоўнага футра. Пастановай 1620 года няшляхцічам забаранялася насіць упрыгожанні з золата, срэбра, жэмчугу, зброю...
Дзевятнаццатае стагоддзе стала пераломным момантам у разуменні эстэтыкі мужчынскага касцюма. Ён стаў складацца з сурдута, рэдынгота, фрака, камізэлек і плашча з некалькімі палярынамі, паліто. Адзенне пачалі шыць з цёмных тканін, толькі ўлетку апранаючы пінжакі і нагавіцы светлых тонаў. Калі такі асартымент пачаў з’яўляцца ў гардэробе магнатаў, шляхты і багатых гараджан, кансерватары, прыхільнікі пышнасці і ўбранства пачалі біць трывогу. “Даўней, — пісаў у сваіх успамінах прадстаўнік магнацкага роду Л.Патоцкі, — кожны шляхціч быў у кунтушы з саеты, у залацістым поясе, з шапкаю набакір, пры крывой шаблі, — выглядаў, як магнат. Сёння ж кожны магнат — у куртатым адзенні, з абцятымі поламі, у цесным капялюшыку і цесных штоніках”.
Сацыяльныя, эканамічныя, палітычныя абставіны ХІХ — ХХ стагоддзяў вымусілі мужчын стаць шэрымі пацукамі, а савецкі перыяд зацвердзіў гэты вобраз. Таму цяпер усё, што выцягвае мужчын з шэрай скуркі, ім падаецца адыходам ад нормы, традыцыі.
Але якая з традыцый слушная? Тая, што існавала да дзевятнаццатага стагоддзя, альбо тая, якая панавала дзвесце апошніх гадоў? Думаецца, калі балансаваць паміж кансерватыўным аскетызмам і моднымі прапановамі сезона, можна прыйсці да цікавага іміджа.

А-ля тайны агент

А новы сезон, па словах Эльвіры Жвікавай, беларускага дызайнера-мадэльера, і Аляксандра Хількевіча, галоўнага рэдактара некалькіх спецыялізаваных расійскіх часопісаў індустрыі моды, вылучае ў сезоне вясны — лета-2008 дзелавы касцюм. Ён становіцца больш свежы, зухаваты, дазваляе выглядаць больш стройна, па-маладзецку. Ён мае натуральны бляск, што становіцца “фішкай” сезона, якая перайшла ў вясну з зімніх касцюмаў.

 /i/content/pi/cult/155/1223/Detektivy2.jpg

Адзенне вясны-лета/2008 на беларускім подыуме.

На нашых вачах адбываецца пераўвасабленне класічнага строгага касцюма ў аблягаючы, у матэрыял якога дабаўлены стрэйчавыя валокны. Гэта тычыцца як пінжака, так і штаноў, якія могуць радыкальна аблягаць мужчынскую нагу на манер жаночых. Радыкальна? Не, так хадзілі дэндзі.
Модныя правілы — рэч спрэчная, нават супярэчлівая, але на гэты сезон дызайнеры ўстанаўліваюць такія каноны: аднабортны пінжак — звужаны ці шырокі, двухбортны — толькі шырокі. Апошні становіцца больш вольным, з шырокімі лацканамі, неглыбокім запахам. Ён апранаецца на кашулю з незашпіленым верхнім гузікам, без гальштука. Аднабортны пінжак, калі ён наследуе стылістыцы 80-х, прапануецца свабодны, спартыўны, можа быць і з трыкатажнай манжэтай унізе, для таго, каб падцягнуць рукавы да локця, таксама ў духу 80-х. У якасці вячэрняга варыянта — пінжак вузкага сілуэта на адзін гузік, з кашуляй і гальштукам-”селядцом”.
Кашулю дызайнеры амаль не чапалі — настолькі гарманічна яна выглядае з усімі новаўвядзеннямі. Яна па-ранейшаму застаецца лаканічнай і строгай, як варыянт — з мігатлівай бавоўны, ільну.

 /i/content/pi/cult/155/1223/Detektivy3.jpg

Але акцэнт новага сезона дызайнеры зрабілі не на матэрыял, а на канструкцыю кашулі і дэкаратыўныя ўстаўкі. Адно з модных рашэнняў — колеры манжэт і накладных кішэняў кантрастныя, што робіць мадэль больш гуллівай. Кашулі са смелымі і задзірлівымі малюнкамі, папулярнымі некалі коміксамі і яркімі пейзажамі сёння не ў фаворы, іх месца — у дачным гардэробе. Моднымі ўзорамі на маладзёжнай кашулі цяпер лічацца плаўныя лініі, быццам нанесеныя па трафарэце сімвалы, лічбы, наўмысна неразборлівыя фрагменты выяў геаграфічных картаў. Перспектыўныя акуратныя чорна-белыя гальштукавыя ўзоры і дробныя кветачкі ў стылі ліберці.
Джэмперы і футболкі зноў становяцца аб’ёмнымі, але не мехаватымі. Простая па стылі аднатонная мадэль будзе больш моднай, чым выраб са складанай канструкцыяй ці камбінацыяй некалькіх колераў. Вітаецца выкарыстанне дэталей у духу рэтра з арсеналу кансерватыўных статусных відаў спорту, напрыклад, гольфа.
Джынсы новага сезона могуць быць якімі заўгодна, але толькі не класічнымі з пяццю кішэнямі. Цяпер яны нагадваюць вузкія касцюмныя штаны ці мехаватыя камбінезоны. Актуальныя дэталі і кішэні кантрастнага колеру, дэкаратыўныя строчкі.
У верхняй вопратцы хітом адзення стануць шэрыя, белыя, жамчужныя плашчы, якія практычна капіруюць брутальныя макінтошы “а-ля дэтэктывы і тайныя агенты” 40-х, 60-х гадоў. Іх характэрныя дэталі — пагоны, паясы, вялізныя кішэні.
Што да колеравай гамы сезона, дык апрануцца з галавы да ног у шэры гэта… не, цяпер не маветон, а апошні піск. Гэты колер самы модны. За ім ідуць белы, любімы колер лета, і жоўты…
Такія тэндэнцыі мужчынскай моды на бліжэйшыя паўгода. Крочыць за імі? Прыслухоўвацца? Спрабаваць адкрываць для сябе новыя адчуванні ў новых вобразах? Думаецца, здаровы скептыцызм, жаданне вясенніх змен, жалезная логіка і смеласць падкажуць мужчынам правільнае рашэнне і новы, свежы стыль.

 

Святлана КАСЯЧЭНКА, Марына МАЦКЕВІЧ