“Як акцёр хачу заўсёды працаваць…”

№ 45 (1223) 07.11.2015 - 13.11.2015 г

Амаль забыты народны артыст: наш зямляк Іларыён Пяўцоў
Сёння "К" працягвае апавядаць пра лёс і творчасць знакамітага акцёра Іларыёна Пяўцова, ураджэнца Беларусі. І адной з яркіх адзнак яго творчага шляху стала выкананне ролі палкоўніка Бараздзіна ў знакамітай кінастужцы "Чапаеў".

/i/content/pi/cult/559/12228/15-1.jpg(Працяг. Пачатак у "К" №№ 40, 42 — 43.)

...У красавіку 1933 года здарылася бяда. Вяртаючыся з тэатра, Пяўцоў трапіў у аўтакатастрофу. “Я пабачыў яго праз некалькі гадзін, — згадвае прафесар-артапед Ваенна-медыцынскай акадэміі Генрых Турнер. — Ён пакідаў уражанне паміраючага. Было цяжкае відовішча: знявечаны твар з пераломам ніжняй сківіцы і выбітымі зубамі, вялікі крывападцёк па ўсёй грудной клетцы, аскольчаты адкрыты пералом перадплечча… Паўстала пытанне пра ампутацыю левай рукі...” Як тут не ўспомніць трагедыю вялікага акцёра Маманта Дальскага, “Эдмунда Кіна рускай сцэны”, які летам 1918 года апынуўся пад калёсамі трамвайнага вагона? Ён быў так знявечаны, што блізкія змаглі пазнаць яго толькі па пярсцёнку на пальцы…

Пяўцову пашанцавала больш. Ён выжыў. Наталля і Таццяна, дочкі Іларыёна Мікалаевіча ад першага шлюбу, і яго жонка — прыма-балерына Наталля Камкова — па чарзе дзяжурылі ў шпіталі. (Камкова, дарэчы, — вучаніца Агрыпіны Ваганавай, з 1924-га працавала ў Дзяржаўным акадэмічным тэатры оперы і балета (з 1935 — імя Сяргея Кірава). Сцэну пакінула ў 1950 годзе, але шмат гадоў займалася педагогікай у Ленінградскім харэаграфічным вучылішчы. Сярод яе выхаванак знакамітыя балерыны Цімафеева, Алфімава, Сізова. Памерла ў 1973 годзе, перажыўшы мужа амаль на сорак гадоў...)

Карацей, дзякуючы інтэнсіўнаму дагляду дактароў і блізкіх ужо ў верасні таго ж, 1933-га года, Пяўцоў выйшаў на сцэну. Скалечаная левая рука (акцёр цяпер называў яе “сабачай лапай”, бо на месцы пералома перадплечча з’явіўся няправільны сустаў) працавала дрэнна, але з глядацкай залы мала каму ўдавалася разгледзець скаванасць руху…

І не чыста белы, і не чыста чорны...

Вясной 1934 года былы вучань Пяўцова Георгій Васільеў і ягоны сябра Сяргей Васільеў (Браты Васільевы) вырашылі ставіць фільм “Чапаеў”. Пастаноўшчыкі фільма зусім не былі братамі. Яны мелі адно прозвішча, але “пабратаў” іх пісьменнік Віктар Шклоўскі. Да “Чапаева” Васільевы займаліся перамантажом амерыканскіх кінакарцін, якія рыхтаваліся для пракату ў СССР, штосьці рабілі ў дакументалістыцы.

Вось так усё складвалася, пакуль кіраўніцтва “Ленфільма” не прапанавала ім сцэнарый Ганны Сташэнка — удавы Дзмітрыя Фурманава. Сцэнарый, млява напісаны па матывах аповесці “Чапаеў” і дзённіка Фурманава, іх зацікавіў, але не задаволіў, у тым ліку з-за таго, што ў цэнтры будучай карціны меркаваўся камісар, але не начдыў. Іларыён Пяўцоў, таксама прачытаўшы матэрыял Сташэнка, тут жа параіў Васільевым стварыць свой уласны сцэнарый, канешне, на аснове прапанаванай “сыравіны”. Сказана — зроблена. Першая чытка сцэнарыя агаломшыла даверанага слухача Пяўцова, для якога была спецыяльна ў сцэнарыі выпісана роля палкоўніка Сяргея Мікалаевіча Бараздзіна — такога персанажа ў кнізе Фурманава няма.

А праз тыдзень Пяўцоў, які ўжо два гады насіў званне народнага артыста РСФСР, прымерыў мундзір разумнага і дальнабачнага калчакаўскага афіцэра. Упершыню ў савецкім кіно вобраз ворага не быў спрошчаны да плакатнай карыкатурнасці, як гэта вялося ў папярэдніх савецкіх карцінах пра грамадзянскую вайну, а прадстаўлены чалавекам сумленным, перакананым у сваёй слушнасці, уласнай праўдзе. У той час падобная падача “белай контры” патрабавала мужнасці…

Мала хто ведае, але гістарычны прататып, прамы і канкрэтны, у пяўцоўскага персанажа быў. Гаворка ідзе пра ўральскага казака, палкоўніка Мікалая Мікалаевіча Барадзіна. У грамадзянскую ён камандаваў 6-й дывізіяй калчакаўскай Уральскай арміі. У пачатку верасня 1919 года менавіта яго зводны атрад учыніў дзёрзкі напад на станіцу Лбішчанскую: вынікам гэтай рызыкоўнай справы стаў разгром штаба 25-й стралковай дывізіі ды гібель самога Чапаева.

І на экране менавіта Бараздзін таксама бярэ па сваёй ініцыятыве кіраўніцтва гэтым рэйдам. У баі на вуліцах Лбішчанскай рэальны палкоўнік Барадзін, атакуючы пазіцыі чапаеўцаў, загінуў у баі з вінтоўкай у руках. Ён асабіста ўзначаліў атаку на паўсонны чапаеўскі штаб, але адзін з чырванаармейцаў, убачыўшы на ранішнім сонцы бляск пагонаў палкоўніка, паспеў прыцэльна стрэліць у спіну афіцэру, што бег. Пасмяротна яму Аляксандр Калчак прысвоіў званне генерал-маёра. І ў кінафільме Бараздзін — Пяўцоў таксама гіне, але зусім не па-геройску: ад шабельнага ўдара перапалоханага сяляніна-барадача (акцёр Барыс Чыркоў), калі імкнуўся ўратавацца ад наступу чырвонай кавалерыі, якая прыімчала на запозненую дапамогу чапаеўцам.

Так Браты Васільевы, у адрозненне ад сваіх папярэднікаў-рэжысёраў, паспрабавалі стварыць вобраз белага палкоўніка складаным і неадназначным. І ў гэтым ім дапамагло майстэрства Іларыёна Пяўцова. У 1933-м, калі поўным ходам ішла работа над фільмам, Пяўцоў, маючы на ўвазе тыпаж Бараздзіна, адзначыў у сваім нататніку: “...Калі акцёр думае і будуе вобраз, яго турбуе дасягненне жывой праўды з усёй яе складанасцю. Ён павінен заўсёды ведаць, што ў прыродзе няма чыста чорнага і чыста белага колеру”.

Палкоўнік Бараздзін немалады, паўнаваты і лысы чалавек, з пенснэ на носе, зацяты курыльшчык. Ён ніколі не ўсміхаецца, стрыманы, нешматслоўны. Кожнае сказанае ім слова важкае і прадуманае. Гэты чалавек мудры, які, відаць, разумее, што грамадзянская вайна — трагедыя для Расіі, і наўрад ці перамога будзе на баку белых. Ён не схільны, у адрозненне ад свайго маладога суразмоўцы — паручніка — будаваць аптымістычныя планы адносна хуткіх і лёгкіх перамог над бальшавікамі. Бараздзін — баявы афіцэр, які не хаваецца за чужыя спіны і не імкнецца адседзецца ў тыле.

Яшчэ адзін цікавы эпізод — пра ўзаемаадносіны палкоўніка і ардынарца, казака Патапава, які прайшоў з Бараздзіным увесь цяжар вайны, пачынаючы з Першай сусветнай. Палкоўнік называе яго “Пятровічам”, што абурае маладога фанабэрыстага паручніка, які не прывык так панібрацкі абыходзіцца з “быдлам”, простым людам. Калі ардынарац упрошвае Бараздзіна злітасцівіцца над братам, якога арыштавалі за спробу перабегчы да чырвоных, за што апошні быў прыгавораны да расстрэлу, палкоўнік, не без ваганняў, але ўсё ж “змякчае” пакаранне, змяняючы сваю рэзалюцыю на: “падвергнуць экзекуцыі”. Аднак і гэта не выратоўвае няшчаснага ад смерці: ён памірае ад удараў шомпаламі. І вось тады Патапаў пакідае свайго гаспадара і ўцякае да чапаеўцаў.

На думку амерыканскага вучонага-гісторыка Пітэра Кенеза, які даследаваў савецкі кінематограф, вобраз Бараздзіна, “магчыма, найбольш удалае адлюстраванне негатыўнага персанажа ў кіно сацыялістычнага рэалізму. У ім акрамя адмоўных, паказаны і станоўчыя рысы: культурнасць, любоў да музыкі, павага да ворагаў”. Нават савецкія кінакрытыкі прызналі, што Іларыёну Пяўцову геніяльна ўдалося стварыць “тып высакароднага афіцэра, надзвычайна разумнага, культурнага, які многа раздумвае, але пагарджае натоўпам, хаця і гуманна адносіцца да свайго дзеншчыка”. Вельмі тыповая з’ява ў час братазабойчай вайны, якая жорстка ламала чалавечыя лёсы. І ў гэтым стваральнікі фільма праявілі тонкае мастакоўскае чуццё.

Браты Васільевы паказалі ў карціне вялікае прафесійнае майстэрства, здолелі стварыць фільм пра грамадзянскую вайну, які ўвайшоў у класіку, прынамсі, савецкага кінематографа. На працягу паўтарагадзіннага экраннага часу яны змаглі раскрыць перад гледачамі ўсю трагедыю народа, які быў ўцягнуты ў кругаварот вялікай расійскай бойкі. Аўтары не скаціліся да карыкатурнага адлюстравання праціўнікаў Чапаева, а паказалі іх як асоб, якія адстойвалі свае ідэалы. І ў гэтым сэнсе Іларыён Пяўцоў — палкоўнік Бараздзін быў “на лихом коне”!

Нават белаэмігранты, якія паглядзелі карціну ў Празе ў 1937 годзе, адзначылі ігру акцёра як выдатную і жыццёва праўдзівую. А драматычная сцэна наступу капелеўцаў успрымалася на Захадзе нават у метафарычным сэнсе, бо, як празорліва пісаў знакаміты гісторык сусветнага кіно Жорж Садуль, “пагроза гіганцкай псіхічнай атакі, якую рэпеціравалі на парадах у Нюрнбергу, ужо навісла над Еўропай”.

Сапраўды, гэтая атака капелеўскага палка — адна з самых вядомых і самых лаканічных сцэн не толькі нашага кінематографа. Для прыкладу, у “Браненосцы “Пацёмкін” Эйзенштэйна легендарны эпізод “лесвіца” займае 200 кадраў. Братам Васільевым у “Чапаеве” хапіла пяцідзесяці. У далейшым абедзве сцэны ўвойдуць у гісторыю сусветнага кіно як класічныя прыклады мантажнага мастацтва.

Распавядаюць, што начальнік Галоўнага ўпраўлення кінематаграфіі СССР Барыс Шумяцкі, які першым прымаў фільм, схапіўся за галаву і выскачыў з залы, ні слова не сказаўшы рэжысёрам. Потым вярнуўся і прапанаваў выразаць усю сцэну “псіхічнай атакі”. Меў сумнеў, што карціну могуць “наверсе” абвінаваціць у рэабілітацыі белагвардзейшчыны, як гэта здарылася раней з п’есай Міхаіла Булгакава “Дні Турбіных”. Для постаноўшчыкаў і гледачоў сцэну “выратаваў”, як ні дзіўна, маршал Сямён Будзённы, выгукнуўшы: “Як ідуць, чэрці! Як ідуць!” Яго падтрымаў і другі маршал — Клімент Варашылаў. Яны першыя быццам бы прымалі фільм ад імя Крамля, каб потым паказаць таварышу Сталіну. Памятаеце, у фільме адзін з абаронцаў-чапаеўцаў таксама ўскліквае: “Цудоўна ідуць...” А другі падтакнуў: “Інтэлігенцыя...”

Атаку, як вы памятаеце, імкнецца адбіць Анка, якая бліскуча асвоіла тэхніку кулямётнага мастацтва. Капелеўцы падаюць пад кулямі, аднак шэрагі змыкаюцца зноў пад лунаючым чорным сцягам з адлюстраваннем “мёртвай галавы” — амаль “Вясёлага Роджэра”. У першым шэрагу атакі горда ступае высокі і цудоўны афіцэр з папіросай і стэкам: гэта адзін з рэжысёраў карціны — Георгій Васільеў. Але канчатковую пераможную кропку ставіць чапаеўская конніца на чале з камандзірам…

Важнейшай умовай поспеху фільма, канешне, стаў снайперскі выбар выканаўцаў. Анку сыграла жонка Сяргея Васільева — актрыса Варвара Мяснікова. І тут, как вы разумеце, усё ясна, тым больш, што яна ўжо здымалася ў карцінах “Спячая прыгажуня” і “Асабістая справа” (праўда, сёння іх ніхто не памятае). Але прататыпам Анкі стала не жонка Фурманава, як заўпэўнівалі многія журналісты і як найстойвала сама Ганна Сташэнка…

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"