Помнікі, брэнд, адкрыцце

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Адно падарожжа праз мастацкае і побытавае. Частка ІІ
Вандроўкі… Для мяне ў іх адна мэта: параўнаць з нашай краінай, паглядзець, што ў другіх краях каштоўнага можна запазычыць, каб і ў нас стала больш прыгожа. Размова ідзе пра краіну, якую не так даўно наведаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У мінулай публікацыі ў “К” № 40 згадаў грузінскія песні, смакі і асобу Ніко Пірасманішвілі. А сёння…

/i/content/pi/cult/558/12227/13-1.jpgПомнікі

У цэнтры Тбілісі на ўзбярэжжы Куры пасярод кветкавай клумбы стаіць помнік, на якім па-грузінску і па-руску адно прозвішча: “Грыбаедаў”. Стаіць Аляксандр Сяргеевіч у поўны рост, скрыжаваўшы рукі, позірк не ўзнімае за раку на гару Мтацмінда, дзе проста пад Давідаўскай царквой-пантэонам пахаваны і ён сам, і яго верная жонка Ніно, дачка грузінскага паэта-класіка Чаўчавадзэ, і іх сынок. Не ўзнімае вочы Грыбаедаў, бо няўпэўнены: а ці не парушыць іх вечны спакой якісь рэфарматар? Справа ў тым, што ў свой час ставілася пытанне аб вынасе саркафага Грыбаедава, які ўдзячныя грузіны ўсталявалі там без малога два стагоддзі таму...

А проста ля дарогі з горнай царквы Джвары (Крыж) да славутага храма Свеціцхавелі (Светлавы слуп) глядзіць на мінакоў бронзавы, вечна малады, выяўлены ў рост Міхаіл Лермантаў.

На праспекце Руставэлі парны помнік паэтам Акакію Цэрэтэлі і Іллю Чаўчавадзэ. У руцэ аднаго з іх кіёчак.

Таксіст-жартаўнік Важа з Артачал (раён Тбілісі) кажа:

— Крыху нападпітку я заключыў пары, нібы штопоўнач паэты перадаюць кіёчак адзін аднаму. Вялікая недаверлівая кампанія тут колькі гадзін чакала поўначы.

— І, канешне ж, спрэчку вы прайгралі?

— Выйграў! Я ведаў, што ў тыя нялёгкія для Грузіі часіны якраз апоўначы ў Тбілісі вырубаецца святло.

У Тбілісі за Кашвэцкай царквой, у Аляксандраўскім скверы, выдатныя самі па сабе як творы мастацтва помнікі вядомым акцёрам. Некаторых пазнаем: узняў заклікаючы рукі бронзавы герой Атары Мегвінэтухуцэсі (Дата Туташхіа), характарны Рамаз Чхыквадзэ захутаўся ў бронзавы плашчык. (Дарэчы, яму ж помнік, абвіты жывой вінаграднай лазой, ля Мэйдана.) На ходніку мармуровыя “зоркі” з прозвішчамі Атара Габерыдзэ, актрысы яшчэ нямога кіно Наты Вачнадзэ, драматурга і лялечніка Рэзо Чхэідзэ…

І ў якасці паралелі такая згадка. Яшчэ ў майстэрні скульптара, светлага чалавека Валодзі Жбанава бачыў помнік: Алег Янкоўскі ў ролі Мюнхгаўзена. Мяркавалі паставіць яго ў Мінску насупраць Дома кіно. “Прабіваў” праект тагачасны старшыня праўлення Беларускага саюза кінематаграфістаў Юрый Цвяткоў. Не паспеў, адышоў. Не стала неўзабаве і Жбанава. Цяпер адліты ў бронзе Мюнхгаўзен сумуе пад балконам у двары музея Мінска. Але не магу не спытацца: адкуль грошы на безліч цікавых і выразных помнікаў у грузінскіх гарадах? Няўжо пад іх бяруць крэдыты?

Горад-брэнд

Кажуць: архітэктура — гэта застылая музыка. Тое ў поўнай меры тычыцца Батумі. З новабудоўляў — аніводнага падобнага да іншага дома. Нават жылыя шматпавярховікі нельга назваць, як у нас, “забудовай”: архітэктары адшуквалі новыя незвычайныя формы, рысы, канструкцыі і з тых жа, як у нас, матэрыялаў стваралі такое, што можна назваць музыкай.

Ну, а будоўлі грамадзянскага ці мэтавага прызначэння (“Калізей”, “Семіраміда”) — гэта сапраўды ўжо музыка сімфанічная. Напрыклад, стаіць вежа, кшталту Пізанскай, са спіралепадобнай лесвіцай. Звонку на ёй — па спіралі ж — свецяцца літары алфавіту. Пытанне: для чаго яна? Для прыгажосці. Каб патопаць угару і палюбававцца горадам, які ззяе ўвечары крышталямі каляровай падсветкі. Дарэчы, выява той “бязмэтавай” вежы стала візітнай карткай сучаснага Батумі.

“Алі і Ніно” — над морам металічныя… Нават не магу назваць іх скульптурамі ў звыклым разуменні. Зробленыя з металічных гарызантальных палосак, па-мастацку падсвечаныя, постаці вельмі запаволенна рушаць насустрач адна да адной і быццам праходзяць скрозь, затым ізноў разыходзячыся. І гэтак няспынна, сімвалізуючы ці то ўзаемапрыязнасць Азербайджана і Грузіі, ці то лёс закаханых. Карацей, кампазіцыя стала інтэрнэт-брэндам сталіцы Аджарыі.

Неяк вырашыў чарговы кіраўнік краіны зрабіць менавіта з Батумі горад-казку. І зрабіў! Якім чынам? Кажуць, набраў пад тое замежных крэдытаў. Але не бачна тут несувымерных, “уціснутых” пабудоў, накшталт мінскага стварэння побач з цыркам. Далібог: з’ездзіце, нашы архітэктары, у Батумі! Урэшце, не трэба думаць, што ўвесь горад такі, не. Крыху ад цэнтра — і ўсё выглядае, як, пэўна, сто гадоў таму: двухпавярховыя дамкі з іржавымі агароджамі, з аблупленай тынкоўкай. Затое ёсць новы непаўторны цэнтр!

Адкрыцце

Кашвэцкая царква ў імя Святога Георгія — адна з найстаражытных у Грузіі. Чытаю пра яе ў аўтабіяграфічнай кнізе мастака Ладо Гудзіяшвілі “Таямнічасць прыгажосці”: “У 1947-м католікас-патрыярх Калістратэ Цынцадзэ зрабіў мне нечаканую і вельмі заманлівую прапанову: папрасіў зрабіць новы роспіс Кашвэцкай царквы. Мяне нішто не магло спыніць. Асноўная прастора алтара была распісана мной за дзевяць месяцаў — фантастычна сціслы тэрмін для такой вялізнай працы! Цэнтральная фігура фрэскі: Маці Божая з немаўляткам Іісусам на руках у атачэнні анёлаў — тэма кананізаваная, і вельмі цяжка знайсці да яе якое іншае рашэнне. Тое ўдавалася адно вялікім мастакам…”

Удалося тое і сціпламу Ладо! Глядзіць на нас Маці Божая, заклікае да малітвы. Усяляе ў душы радасць і светлыя надзеі фрэска з яе выявай — вялікі твор вялікага грузіна. Далей у сваёй кнізе Гудзіяшвілі сумуе: “У тыя гады сам факт, што мастак узяўся за рэлігійную тэму, здаваўся неверагодным, а шмат у каго выклікаў нават асуджэнне. Роспіс застаўся няскончаным. А шкада. Калі б Кашвэці распісаў цалкам, раскрылася б ва ўсю шырыню шматлікасць сюжэтаў, накіды да якіх захоўваюцца ў мяне па сёння. А яны ж маглі ўвасобіцца!”.

Вядзе імшу ў Кашвэці айцец Хвтісо — па-грузінску, канешне, але зварот усіх нас, грэшных, да Марыі можна не перакладаць: жаданні адны. Складваем пярсты, суладна, калі хрысцяцца прыхаджане: злева ў белых хустачках мясцовыя рускія жанчыны, справа ў чорных — грузінкі. Адзін у нас Божа.

Спускаюся тут жа ў невялікую ніжнюю царкву. Пад плітамі пахаваны славутыя прыхаджане: князі Баратавы, Туманавы, Амілахварі, Гурыэлі — надпісы па-грузінску і па-руску…

І раптам — знаёмае прозвішча: “Святополк-Мірская… Софья Яковлевна урождённая княжна Орбелиани 1829 — 1879, оставив мужа, четырёх детей и семерых внучат. Вечная память”. Праз паўтара стагоддзя зачапіла наша вока надпіс, і ўзгадалі княжну! Адкуль яна? Як маладзёны пазнаёміліся? Ці жылі абодва ў Беларусі? Дзе? Якім чынам і чаму вярнулася яна ў Грузію? Што з “семярымі ўнучатамі”, каго лёс, пэўна ж, раскідаў на свеце? Дзе нашчадкі?

А побач — яшчэ больш цікава! На пліце залачоныя літары: “Княгиня Марья Дмитриевна Орбелиани, рождённая княгиня Святополк-Мирская 1853 — 1889”.

Вось такі пакручасты лёс: грузінка пабрала шлюб з беларускім магнатам, а беларуска — з грузінскім! Даследчыкі радаводаў, ці ж не тэма: сувязь князёў Святаполк-Мірскіх з князямі Арбеліяні?!

Як казаў адзін, некалі папулярны “цудадзей”: “Даю ўстаноўку!”

Аўтар: Уладзімір АРЛОЎ
кінарэжысёр