Дык гэта Скарына?

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Медыявістам вядома: сярэднявечныя выявы-сімвалы ўзыходзяць да слова. Пра гэта, сярод іншага, вядзецца і ў манагарафіях аўтара на рускай і англійскай мовах, выдадзеных Гомельскім дзяржуніверсітэтам імя Скарыны. Кнігу "Библия русская. Идеограммы гравюр и инициалов" плануецца перавыдаць налета да 500-годдзя айчыннага кнігадруку.

/i/content/pi/cult/558/12224/14-2.jpgДык вось, выявы-сімвалы. Напрыклад, унікальная адметнасць іконы XIII стагоддзя. “Спас залатыя валасы” (Успенскі сабор маскоўскага Крамля) і з’яўленне вялікай колькасці італьянскіх выяў Мадоны, якія паступова цалкам “апраставалосіліся” і ператварыліся ў бландзінак, узыходзяць да славарнага гнязда грэка-лацінскага слова “coma”. (Валасы галавы, локан, кудры, колас, прамень, ззянне — менавіта ў апошнім сэнсе трэба разглядаць выявы дзірак у капелюшы босхаўскага “блуднага сына”, праз якія высоўваюцца серабрыстыя локаны валасоў, якія сімвалізуюць нябачнае святло розуму асобы славутага нідэрландскага мастака, духоўным аўтапартрэтам якога з’яўляецца гэта маленькая круглая карціна.) Адметнасцю маскоўскага залатакудрага Спаса з’яўляецца адсутнасць выявы німбу і адрозненне традыцыйна цёмнага колеру яго барады і вусоў ад незвычайна светлага залатога колеру валасоў яго галавы.

Нябачнае святло генія беларускага першадрукара Францыска Скарыны ўвасоблена ў выяве кудравай жаночай прычоскі вусатай “жанчыны” на тытульным аркушы скарынаўскага выдання кнігі “Песня песням”. Страта традыцыйнай прафесійнай культуры даследавання гравюр з дапамогай павелічальнага шкла абумовіла памылковасць назвы гэтага дрэварыта “Хрыстова нявеста” (Царква). На ім, мяркую, адлюстраваны беларускі першадрукар-асветнік у вобразе старазапаветнага цара Саламона, рукі якога пачціва прымаюць ад Бога нешта нябачнае (Боскую мудрасць). У Сярэднявеччы лічылася, што для паспяховага авалодвання ведамі патрэбны не толькі асабістыя намаганні, але і дапамога самога Бога. Славуты рэнэсансавы гуманіст-неаплатонік Марсіліа Фічына атаясамліваў розум дапытлівых людзей з месяцам, які “заўсёды паварочвае свой твар да сонейка”. Адметна, што лацінскія словы “дысцыпліна” і “вучань” (discipulus) узыходзяць да амоніма "disco" (вучыцца), другім значэннем якога з’яўляецца слова “discus” (дыск). Напрыклад, дыск цыферблата сонечнага гадзінніка, сонейка і месяца.

Рэнэсансавыя гуманісты-неаплатонікі разглядалі Бога ў якасці паслядоўных эманацый нябачнага Святла Вышэйшага Розуму і марылі аб стварэнні ўніверсальнай сонечнай рэлігіі на падмурку хрысціянства (Хрыстос — сонейка справядлівасці), іудаізма і іслама (сімваламі апошніх з’яўляецца выява маладзіка, якая некалі ўпрыгожвала кідар іерусалімскага першасвятара. Акрамя гэтага, луна з’яўлялася антычным сімвалам агульначалавечага розума, які памяньшае зверападобнасць людзей. Згодна з неаплатанічнай паэтычнай касмалогіяй Макробія (“Сатурналіі”), луна — валадарства музы гісторыі Кліо. Першапачатковае значэнне слова "historia" — даследаванне, дасведчанасць, веданне. Менавіта таму на славутым партрэце Скарыны дапытлівая пчала скіравана ў напрамку маладзіка яго 
сігнета.

Рэнэсансавая эмансіпацыя асобы і антрапацэнтрызм абумовілі з’яўленне ў пражскіх выданнях Скарыны ініцыяла, на якім салярная выява твару першадрукара змешчана ў цэнтры круглай выявы літары “Он” (згодна з кірылічным імясловам указвае на Бога), якая сімвалізуе Сусвет (Orbis).

Мікалай ПАЛКОЎНІЧАНКА

Гомель