Калі ж гаворка пра культуру...

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Пра беларускае не для "птушачкі", і каб інтэрактыў не стаў "падманкай" / Экспрэс-тур з v.i.p.-земляком: Бабруйск
Да скульптуры бабра альбо да нейкага іншага ўвасаблення гэтай жывёлы ў камені, метале ці дрэве мне ў Бабруйску чамусьці дакрануцца не ўдалося, але вярнуцца сюды я хацеў бы. Спадабаўся мне горад сваёй грунтоўнасцю, няспешнасцю, дамамі з тых “калматых” гадоў, вуліцай Сацыялістычнай — амаль блізняткам адэскай Дзерыбасаўскай, — паветрам — духмяным і празрыстым, людзьмі — ветлівымі і падрабязнымі, скажам так. І смачным супам, якім пачаставала мама героя матэрыялу.

/i/content/pi/cult/558/12222/10-1.jpgА ехаў я ў горад над Бярэзінай, напяваючы сам сабе некалі папулярны рок-хіт Майка Навуменкі: “Здрасьте! Я родом из Бобруйска. / Я — гуру, по-вашему это будет “учитель. / Я щас вам расскажу о смысле жизни. / Я, в натуре, профессионал, а не любитель”. І яшчэ ў галаве круцілася нешта з Эфраіма Севелы, з цыклу навел пісьменніка “Легенды Інваліднай вуліцы”. Вярнуўшыся ў Мінск, я ўдакладніў, што менавіта магло круціцца. Напэўна, вось што: “Я вярнуўся ў наш горад праз шмат гадоў пасля Другой сусветнай вайны ўжо дарослым, самастойным чалавекам. І не пазнаў яго. Гэта ўжо быў не той горад. І людзі ў ім жылі не тыя...”

Аперытыў

Вядучы праграмы “Наша раніца” тэлеканала “АНТ” Яўген Булка пражыў у Бабруйску 17 гадоў. А ў 2001 годзе выправіўся скараць сталіцу — паступаць на тады яшчэ факультэт журналістыкі БДУ. Пра поспех сведчаць шматлікія праекты, удзельнікам ды ініцыятарам якіх ён быў (назаву хаця б некалькі: “Сузор’е надзей”, “Кухня”, “Бітва тытанаў”, “Comedy Club”...). І “дапраектаваўся” да таго, што стварыў уласнае івэнт-агенцтва.

Ужо з’язджаючы з роднага для Яўгена горада пасля камандзіровачнага дня, пад уражаннем сустрэч з людзьмі, я, зусім без падхалімажу, зазначыў цалкам канкрэтны факт: “Любяць і памятаюць вас, ганарацца нават сваім зямляком...” На што Булка неяк... таямніча ўсміхнуўся. Што хавалася за такой рэакцыяй, удакладняць я не стаў.

Першае...

У пяцігадовым узросце Яўген пачаў далучацца да бабруйскай культуры праз наведванне харэаграфічнага гуртка. Першы свядомы парыў шырока заявіць аб творчым патэнцыяле Булка звязвае з летнікам “Блакітны”, у якім ён, дзевяцігадовым, разам з сябрам падрыхтаваў для конкурсу танцавальны нумар. У школе Яўген гуляў у КВЗ, падлеткам запісаўся ў тэатральны гурток пры ДК “ФанДАК”, тады ж год хадзіў у музычную школу, маючы намер асвоіць акардэон. Але ў 9 класе на гарызонце паўстаў музычны тэатр “Служкі трох муз”, які знаходзіўся ў ПК “Шыннік” (цяпер Палац мастацтваў). Там маладога чалавека навучалі акцёрскаму майстэрству настолькі прадуктыўна (ды і яго ўласныя здольнасці даліся ў знакі), што першымі ролямі сталі адразу галоўныя: у спектаклях “Спакуса”, “Пра Фядота-стральца…”, “Пра грэшнае і святое”.

— У Палацы мне хапала аднаго тэатра, — прыгадвае Булка. — Гурткоў у ім была процьма, і многія дзеці не швэндаліся ў гультайстве па горадзе (я пазней зразумеў, якi страшны тады быў час, асабліва для падлеткаў, калі пераломы ў грамадстве, усё агіднае, што спадарожнае ім, ламала і маладыя жыцці). Пагодкі нешта малявалі, збіралі, шылі, пры іх удзеле з’яўляліся сур’ёзныя пастаноўкі. Хоць працавалі тэатр песні “Шына-най”, ансамбль танца “Юнацтва”, мяне прыцягваў калектыў, у якім змешваліся жанры.

Аднак у тэатральны ВНУ Яўген дакументы не аднёс. Выбар на карысць журналістыкі ён тлумачыць цікавасцю да прафесіі. Пры гэтым Булка быў цвёрда ўпэўнены, што сцэнічнае мастацтва ў яго жыцці застанецца ў любым выпадку.

— Я езджу па краіне, у мяне ёсць свой погляд на тое, як функцыянуюць палацы, дамы культуры, — дзеліцца Булка. — Амаль усюды ўзровень калектываў у іх — не важна, народны гэта ансамбль або проста аматарскі, — вельмі высокі. Творчасць — сэнс жыцця, аддушына для людзей, калі пасля працы яны ідуць не пладова-ягаднае ўжываць, а гадзіну-дзве аддаваць заняткам мастацтву. Прафесіяналізму стала больш, больш камерцыйнага. І, прызнацца, цалкам падтрымліваю тое, што сёння самадзейныя ўтварэнні атрымліваюць за сваю працу грошы. Як мне здаецца, сія-тыя органы ўлады яшчэ з некаторым падазрэннем ставяцца да такой дзейнасці: маўляў, як гэта нехта карыстаецца прадастаўленымі дзяржавай магчымасцямі, каб з дапамогай такіх рэсурсаў зарабляць сабе “на кішэню”! Але падобны стан азначае хіба тое, што трэба адрэгуляваць гэтыя адносіны, каб “і авечкі, і ваўкі” былі цэлыя, сытыя і задаволеныя. Скажам, даць мастацкай самадзейнасці нейкія дадатковыя прэферэнцыі, льготы, але і патрабаваць з яе па іншым рахунку. Засмучае тое, што як і 20 гадоў таму сям-там ёсць праблемы з наяўнасцю грымёрак, санвузлоў і гарачай вады ў кранах.

...У бабруйскім Палацы мастацтваў ушаноўвалі лепшыя міліцэйскія сем’і краіны. На ўрачысты вечар мы застацца не змаглі, але лёгкі “трэмар” работнікаў установы адчулі. “Забеганы” дырэктар Яўген Кантаеў перадаў нас мастацкаму кіраўніку Наталлі Шулiкавай, з якой мы і размаўлялі. Разглядаючы, дарэчы, старыя афішы, выразкі з газет, уклееныя ў альбом, у якіх згадваўся тады яшчэ не V.I.P.-персанаж, але ўжо таленавiты акцёр-аматар.

— З тых юнакоў і дзяўчат, якія займаліся ў Палацы і потым сталі вядомымі асобамі, можна скласці моцную канцэртную праграму, — інтрыгуе Наталля Аляксандраўна. — Віктар Пшанічны, Віталь Гардзей, Руслан Аляхно, Ірына Мядзведзева, Марыя Мяцельская з трыа “Інжыр”... Палац мастацтваў сёння з’яўляецца цэнтрам, што каардынуе працу гарадскіх устаноў культуры. Зараз тут дзейнічае 16 калектываў, якія носяць ганаровыя званні. Харэаграфія, эстрадны вакал, народны тэатр — тыя кірункі, якія карыстаюцца найбольшым попытам і ў якіх дасягнуты галоўныя поспехі.

Шкада, што не так ахвотна ансамблі ўключаюць у свой рэпертуар беларускія народныя песні. “Усё спрадвечна беларускае сёння заахвочваецца, а ў нас гэта неяк прабуксоўвае па частцы вакальнай творчасці. Горад як бы “супраціўляецца” ўплыву навакольных вёсак, дзе ўсё традыцыйнае набірае ход”, — кажа візаві. У Палацы спрабуюць уплываць на сітуацыю, якая склалася: скажам, два гады таму адкрылі клуб аматараў беларускай мовы і літаратуры “Вытокi”. Ну і спадзяюцца, што паволі і тут больш заспяваюць па-беларуску. І меркаванне такое не марнае, відаць: сучасным эстрадным танцам у Палацы практычна не навучаюць, упор робіцца на беларускія, на танцы народаў свету. Ці, напрыклад, традыцыйныя святы. “Яны ў нас заўсёды праходзяць, як мне здаецца, не фармальна, не для “птушачкі”. І людзі гэта бачаць. Але ёсць і тонкасць. Так, усе прывыклі, што мерапрыемствы гэтыя — масавыя, але некаторыя з іх маюць гістарычна вызначана сакральны характар, малапублiчны. Як сумясціць адно з другім у маштабах горада, калі такое магчыма, як паяднаць сучаснасць і аўтэнтычнасць?.. Пакуль у нас пануе “шоу”.

— Усяго аднаго клуба шанавальнікаў мовы і літаратуры недастаткова, — выказаў сваё меркаванне Яўген Булка. — Павінна быць цэлая сістэма прасоўвання ўсяго беларускага, тым больш, калі гаворка пра ўстанову культуры.

— Яна ёсць! — адказвае Наталля Аляксандраўна. — Проста мы не хаваем канкрэтную праблему, гаворым пра яе адкрыта, робячы крокі да вырашэння. І дадатковая парада ніколі не зашкодзіць.

Не прыхавала Наталля Шулiкава і тое, што хацелася б часцей вывозіць калектывы Палаца на конкурсы і фестывалі, што будынку яго патрабуецца рамонт.

Другое...

— Самае яркае ўражанне дзяцінства ад наведвання Краязнаўчага музея (калі ён размяшчаўся яшчэ ў старым будынку) — чучалы жывёл за шклом. Астатняе мяне займала вельмі мала, — прызнаецца Яўген Булка. — Шчыра магу сказаць, што і пазней, да свайго ад’езду ў Мінск, беларускі і ўласна бабруйскі фон не аказваў на мяне канкрэтнага ўздзеяння ў плане глыбокага ўсведамлення сябе чалавекам, які жыве ў краіне з найбагатай гісторыяй. Але, на мой погляд, Бабруйск, як быў, так і ў чымсьці застаецца найбольш савецкім з усіх беларускіх гарадоў. А яшчэ ён шматнацыянальны. Праявы беларускасці ў чыстым, скажам так, выглядзе яму не ўласцівыя нават цяпер. Цікавасць жа да роднага горада ва ўсёй яго разнастайнасці, шматаблiччы абуджалася ўва мне паступова. І калі ў наш час я знаходжуся ў горадзе, а да мяне прыязджаюць іншагароднія сябры, стараюся абавязкова звадзіць іх у музей.

Звадзіць і адзначыць, што той каларытны этнічны склад Бабруйска, якім ён вядомы, на думку Булкі, у музеі прадстаўлены не належным чынам. Ён лічыць, што яўрэйскага акцэнту, які напрошваецца сам сабой, у экспазіцыях мала.

— Напэўна, я збольшага пагаджуся з вамі, што няма такога асобнага кутка, — падтрымлівае Яўгена супрацоўнік музея Ларыса Цімашэнка. — Але для яго з’яўлення неабходна змяняць мастацкую канцэпцыю музея, значыць, трэба ствараць тэматыка-экспазіцыйныя планы, зацвярджаць іх. У рэшце рэшт, трэба ахвяраваць нейкай плошчай, а чым, кім мы будзем ахвяраваць? Рэвалюцыянерамі? А як да гэтага паставяцца іх сваякі?.. Гэта пытанне, у ліку іншых, спрабавалі вырашыць у горадзе больш глабальна, маючы намер стварыць беларуска-яўрэйскі культурны цэнтр. Як я разумею, сродкі на яго да гэтага часу не знайшліся. Але да юбілею Бабруйска ў 2017 годзе плануецца пабудаваць “Яўрэйскі гарадок” — гісторыка-культурны музейны комплекс і этнаграфічны турыстычны аб’ект.

Гэтымі днямі ва ўстанове доўжыцца выстаўка карцін Абрама Рабкіна, прымеркаваная да 90-годдзя жывапісца і пісьменніка, які нарадзіўся ў Бабруйску і памёр два гады таму. Уласнае ж 90-годдзе музей адзначыў у мінулым годзе. Бадзёрасці ўстанове стае, магчыма, і дзякуючы інтэрактыву, якому тут надаюць вялікую ўвагу. Віртуальныя экскурсіі і выстаўкі, гульні-квэсты, відэапрэзентацыі, батлеечныя прадстаўленні складаюць яго звычайнае “меню”. Часам дзеці і дарослыя самі ператвараюцца ў жывых экспанатаў, становячыся дзеючымі асобамі праграм, прапанаваных ім.

— Сённяшні музей абавязаны спалучаць у сабе класіку і новыя павевы, — пераканана Ларыса Уладзіміраўна. — З дапамогай сучасных тэхналогій, выкарыстоўваючы найноўшыя напрацоўкі, мы і імкнемся прыцягнуць наведвальнікаў у нашы сцены. І вось гэта “сучаснае” ўжо само стала неабходным атрыбутам музея, часткай яго, і яно — не абгортка і не падманка, што маскіруе нуду, але інструмент, які дазваляе і дапамагае нашым гасцям увайсці ў свет зусім не пыльны і мёртвы, а вечны, жывы. Я яшчэ больш дадала б нам інтэрактыву, зрабіўшы залы музея інтэр’ернымі, але, зноў-такі, для гэтага неабходна ўмешвацца ў канцэпт.

Павелічэнне з кожным годам колькасцi наведвальнікаў у музеі якраз і звязваюць з выкарыстаннем інтэрактыўных формаў у яго рабоце. А жывога тут стае: дапусцім, у зале этнаграфіі, за які адказвае непасрэдна Ларыса Цімашэнка. Там яна праводзіць этнаграфічныя вясельныя абрады “На век доўгі, на быт добры”, фальклорна-анімацыйныя праграмы.

У гутарцы ж з дырэктарам Наталляй Арцёмчык высветлілася, што вялікая ўвага надаецца рэкламе ўстановы: яна “засвечваецца” ў спецыяльнай друкаванай прадукцыі, у выглядзе банераў і паказальнікаў, на мерапрыемствах, нават наўпрост не звязаных з музейнай справай. А капітальны рамонт не перашкодзіў бы і будынку, дзе размяшчаецца ўстанова...

Трэцяе...

У Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча рэпеціравалі вячэрні спектакль — “Дом, дзе ўсё кулём”, чаму мы сталі сведкамі, ледзь не па-шпіёнску пракраўшыся ў залу. Праўда, у суправаджэннi намесніка дырэктара па інфармацыі і працы з гледачом Вікторыяй Мажара.

— Ці марыў я апынуцца ў бабруйскай трупе?.. — задумваецца Яўген. — Прынамсі, дзіцём і падлеткам з задавальненнем наведваў спектаклі тэатра. Тут “Пінскую шляхту” ўпершыню ўбачыў, а таксама ўжывую пачуў класічную музыку. Але... Пры ўсёй любові да Бабруйска, маштабна я хацеў рэалізаваць сябе ў Мінску. Гэта значыць, каб сваё жыццё звязаў з тэатральным мастацтвам, то граць хацеў бы ў якім-небудзь сталічным тэатры, часам выступаючы і на тутэйшай сцэне...

Яна ж на мінулым тыдні (калі мы з Яўгенам у Бабруйску і пабывалі) жыла прадчуваннем V Рэспубліканскага фестывалю нацыянальнай драматургіі імя Дуніна-Марцінкевіча, якім асветлены гэты тыдзень.

— Сезон адкрылі прэм’ерай — драмай “Далей — цішыня”, рыхтуем навагоднюю казку, — кажа Вікторыя Іванаўна. — Глядач, на шчасце, да нас ходзіць: велізарная зала на 500 з лішнім месцаў у сярэднім за месяц запаўняецца амаль на 50 працэнтаў. Наогул, мне здаецца, у параўнанні з канцом 1990-х — пачаткам "нулявых" горад сёння стаў больш тэатральным.

— А акцёры з тэатра... “цягнуцца”?..

— Ёсць такая праблема. Гэта тычыцца, у асноўным, моладзі. І добра б, каб сыходзілі ў прафесію, але часцяком — не.

— Сыходзяць...

— …з-за невысокага заробку.

— Зарабляеце не толькі пастаноўкамі?

— Здаем залу, фае другога паверха ў арэнду пад мерапрыемствы.

...i камплімент ад Яўгена

— У часы, апісаныя ў рамане “Залатое цяля”, Бабруйск збольшага складаўся з яўрэйскага насельніцтва. А яўрэйскія хлопчыкі пачынаюць чытаць рана — гадоў з трох, але, як правіла, гэта выключна Тора і Талмуд. І ў далейшым на тым адукацыя многіх з іх і заканчвалася, застаючыся вузкаспецыялізаванай. Хто такія рэвалюцыянеры, кшталту лейтэнанта Шміта, не ведалі ды і не хацелі ведаць. Мабыць, таму пісьменнікі і назвалі горад высокакультурным.

Мінск — Бабруйск — Мінск

Фота аўтара

Аўтар: Алег КЛІМАЎ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"