Што спрыяе, а што не…

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Ірына ГЛУШЭЦ, загадчык аддзела народнай традыцыйнай культуры Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці
Гомельшчына славіцца ўнікальнай захаванасцю традыцыйнага мастацтва як жывой з’явы. Таму асноўная мэта ўсіх форм работы з нематэрыяльнай спадчынай краю ўвогуле і з каляндарнымі абрадамі ў прыватнасці — падтрымка жыццёвасці традыцыі, наданне новых імпульсаў існаванню аўтэнтыкі.

/i/content/pi/cult/558/12220/13-1.jpgПа ініцыятыве Абласнога цэнтра народнай творчасці адбываюцца майстар-класы, семінары, курсы павышэння кваліфікацыі па кірунках народнай творчасці (скажам, адносна ролі культурных мерапрыемстваў у развіцці турбізнесу, этнатурызму, папулярызацыі традыцый сярод дзяцей і моладзі). Набыццё прафесійных ведаў дазволіла работнікам культуры праводзіць планамернае лакальна-рэгіянальнае даследаванне ў кожным раёне, а потым — і адраджэнне форм традыцый. Да ўсяго, семінары паспрыялі спецыялістам сферы ў распрацоўцы этнакультурных турпраграм.

Апісанні мясцовых каляндарных і сямейна-побытавых святаў, запісы песень і твораў народнай прозы маюць усе раённыя метадычныя службы Гомельшчыны. Ёсць яны і ў сельскіх установах. Найбольшай колькасцю сабраных фальклорных адзінак могуць пахваліцца ў метадычных службах Акцябрскага, Буда-Кашалёўскага, Добрушскага, Ельскага, Жыткавіцкага, Лельчыцкага, Рагачоўскага і Чачэрскага раёнаў. У абласным жа метадцэнтры матэрыялы класіфікуюцца, скажам, па выяўленых рэгіянальных традыцыях, з улікам фарміравання тэматычнай медыятэкі, паводле калектываў з найменнямі “народны” і “ўзорны”.

Як і любая жывая з’ява, існаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гомельшчыны мае свае праблемы. Традыцыйная народная культура паступова затухае, што звязана са зменамі жыццёвага ладу і сістэмы каштоўнасцей сучаснікаў. Атрыманне ж колішнімі вёскамі статусу аграгарадкоў можна разглядаць як станоўчы момант: населеныя пункты будуць мець насычанае жыццё, адпаведна, стане развівацца інфраструктура. Але ж пры гэтым змяняецца традыцыйны вясковы лад, які з’яўляецца падмуркам для традыцыйнай культуры, у тым ліку — фальклору. Адыходзяць у нябыт традыцыйныя заняткі, якія суправаджаліся спевамі: ручное земляробства, ткацтва.

Значнымі пагрозамі выступаюць працэсы глабалізацыі і ўрбанізацыі. Вёскі, у якіх закрываюць школы і ўстановы культуры, фактычна асуджаны на знікненне. Сучасная моладзь, збольшага арыентаваная на гарадскую культуру, імкнецца пераязджаць у буйныя населёныя пункты. А ў працы з дзецьмі асноўная праблема бачыцца ў няўзгодненасці дзеянняў кіраўніцтвам сфер культуры і адукацыі. Назіраюцца выпадкі, калі дзеці, якія займаюцца ў вельмі моцных фальклорных калектывах, не знаходзяць падтрымкі і разумення ў школьных настаўнікаў.

Урэшце, нельга не адзначыць станоўчы досвед. Сярод буйных фестываляў, што ладзяцца на Гомельшчыне, трэба адзначыць “Покліч Палесся”. Гэты форум этнакультурных традыцый праходзіў ужо тры разы ў аграгарадку Ляскавічы на Петрыкаўшчыне. Прычым сярод мэт падзеі — падтрымка і папулярызацыя традыцыйнай культуры (ад фальклору, мясцовых традыцый і абрадаў, промыслаў і рамёстваў да нацыянальнай кухні) і гісторыка-культурнай спадчыны краю, аматарскага мастацтва. Да ўсяго, правядзенне ў рамках фестывалю этнаграфічнай экспедыцыі дазволіла даследаваць сучасны стан традыцыйнай культуры больш як 20 населеных пунктаў Петрыкаўшчыны. Значнай падзеяй апошняга фэсту стала свята ручніка.

Як не згадаць і пра Рэспубліканскі фестываль фальклорнага мастацтва “Берагіня”, які ўнікальны сваёй пабудовай на прынцыпах этнапедагогікі. Адпаведна, ён з’яўляецца эталонам падыходаў да захавання і трансляцыі новаму пакаленню праяў лакальнай культурнай спадчыны. Але пра “Берагіню” слаба ведаюць людзі, не звязаныя з фальклорам, бо, на жаль, гэты годны ўвагі фестываль вельмі мала рэкламуецца. Удзельнікам турніру дзіцячых фальклорных калектываў бывае цяжка падрыхтавацца па ўсіх намінацыях, бо праграма навучання як ва ўстановах клубнага тыпу, так і ў навучальных установах культуры і адукацыі часта не прадугледжвае комплекснага падыходу да традыцыйнай народнай культуры.

Аднак, калі ўлічваць велізарную працу, якая вядзецца з народнымі традыцыямі, ёсць спадзяванні, што спадчына, што жыве ў памяці старэйшага пакалення, будзе адраджаецца і пераймаецца моладдзю і дзецьмі ва ўсёй яе разнастайнасці. Балазе маніторынгу элементаў НКС вобласці надаецца значная ўвага, а колькасць элементаў, якія могуць увайсці ў дзяржспіс (вобласць ужо мае 4 элементы ў гэтым спісе) можа папоўніцца. Сёння, апроч трох пазіцый, у свой час рэкамендаваных да ўнясення ў яго, для надання ахоўнага статусу падрыхтаваны дакументы па абраду “Чырачка” з аграгарадка Тонеж (Лельчыччына) і тэкстыльнай традыцыі аграгарадка Неглюбка (Веткаўшчына). Вядзецца падрыхтоўка элементаў “Танцавальная традыцыя гарпасёлка Капаткевічы Петрыкаўскага раёна”, “Фрагмент вясельнага абраду — выраб і выкарыстанне “вёльцаў” у Камарынскай зоне Брагінскага раёна”, “Перанос свячы на Тройцу ў вёсцы Навінкі Калінкавіцкага раёна”.