Рука на пульсе фестываляў

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Тадэуш СТРУЖЭЦКІ, намеснік старшыні Беларускага фонду культуры, ініцыятар і арганізатар шматлікіх беларускіх фестываляў
Для таго, каб у сферы фестывальнага руху трымаць руку на пульсе, кантраляваць сітуацыю, каб стымуляваць развіццё жанраў, трэба ладзіць падзеі па ўсіх кірунках аматарскай творчасці. Лічу не нармальным становішча, калі па адных жанрах праводзяцца рэспубліканскія фестывалі, а па іншых — не.

/i/content/pi/cult/558/12219/5-1.jpgНапрыклад, харэаграфія… Сёння фестываляў харэаграфічнага мастацтва ў Беларусіі, лічы, не праводзіцца. А раней жа ладзіліся паўнавартасныя прыгожыя імпрэзы! Ці тыя ж ансамблі песні і танца. У свой час мы мелі звыш пяцідзесяці падобных, а сёння іх ад сілы засталося каля дзвух дзясяткаў. Куды яны зніклі? Ды проста згубіліся, растварыліся, ператварыліся ў калектывы іншай формы! Іх месца занялі прасцейшыя па структуры і меншыя паводле творчага дыяпазону ансамблі народнай музыкі ці вакальныя ансамблі.

Яшчэ пытанне: хто адказвае за змест, мастацкі ўзровень рэпертуару? Я супраць цэнзуры, але за глыбокі творчы аналіз. Яго здольны зрабіць падрыхтаваны адмысловец. Калі такога спецыяліста няма ў штаце ансамбля, дык варта дзеля канкрэтнай справы запрасіць яго звонку. Прывяду прыклад. Летась у Амбасадзе Беларусі ў Францыі ўзнікла патрэба аздобіць выступленнем беларускага калектыву ўрачыстае пасяджанне ў штаб-кватэры UNESCO, прысвечанае 60-годдзю далучэння нашай краіны і Расіі да гэтай міжнароднай арганізацыі. Часу на падрыхтоўку мелі паўгода. Гэта няшмат. Зыходна мы ведалі, што Расію на імпрэзе будзе прадстаўляць славуты хор імя Пятніцкага. І, канешне ж, адразу ўзнікала пытанне, а каго нам паставіць побач са знакамітым калектывам? Я сказаў Паслу Паўлу Латушку, што мы французскую публіку, а тым больш дасведчаных у справах нацыянальных культур супрацоўнікаў UNESCO нічым не здзівім. Але годна прадставіць Беларусь і нашу нацыянальную культуру мы здольныя. І прапанаваў накіраваць у Францыю заслужаны аматарскі калектыў, фальклорны ансамбль “Дударыкі”. Але ж мы не проста накіравалі калектыў, але і шчыльна з ім папрацавалі. З кіраўнікамі калектыва, з удзельнікамі. Запрасілі спецыялістаў-кансультантаў. Вельмі ўважліва прагледзелі сцэнічныя касцюмы, каб яны адпавядалі нашым нацыянальным строям, а таксама — інструментальны склад, рэпертуар. У выніку была падрыхтавана паўгадзінная праграма — яркая, дынамічная, насычаная, дзе былі і прыгожы танец, і непаўторная беларуская песня, і віртуозныя інструментальныя найгрышы, у якіх была задзейнічана ўся палітра нашых нацыянальных інструментаў. Задзейнічалі ўсю палітру нашых нацыянальных інструментаў. Публіка пасля канцэрта дзесьці каля гадзіны хадзіла ля ансамбля: глядзелі, фатаграфавалі, інструменты мацалі. Таму што многія з гледачоў такія рэчы ўбачылі ўпершыню. Вось гэта, я лічу, патрапілі “ў дзясятку”.

Так павінна быць і на нашых фестывалях. У прыватнасці, на фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Калі вобласць накіроўвае нейкі калектыў, дык спецыялісты, безумоўна, павінны папярэдне паглядзець яго і выказаць рэкамендацыі. Каб калектыў сапраўды адпавядаў стылю, узроўню, рэгіянальным традыцыям. Вось такі падыход я прымаю. Годная прэзентацыя культурных адметнасцей робіць гонар вобласці. А ў чальцоў журы, у сваю чаргу, ёсць магчымасць адзначыць, што вобласць прадстаўлена вартым калектывам. Таму я за тое, каб на рэспубліканскіх, а тым больш на міжнародных фестывалях праз конкурсны творчы адбор да вялікай сцэны даходзіла самае лепшае: кожны калектыў можа падаць заяўку, а ўжо экспертная група праглядае-праслухоўвае аўдыя- ці відэазапісы і прымае рашэнне.

На рэспубліканскім фестывалі творчыя калектывы павінны быць у роўнай конкурснай сітуацыі. Ці правільна, ці справядліва, калі на конкурсе прадстаўлены і ансамбль народнай музыкі, і вакальны склад з эстрадным ухілам? Гэта ж розныя па характары, па стылі фарміраванні. Таму калі кіраўніцтва вобласці накіроўвае на фестываль няпрофільны калектыў, яно заведама ставіць яго ў няёмкае становішча і кепска презентуе свой рэгіён.

Праўда ж: журы ў нас, скажам так, карэктнае, заўсёды ідзе насустрач калектывам. Ацэньвае іх так, каб не пакрыўдзіць, не “абрэзаць” крылы. Таму я не бачу памылкі ў тым, што аматарам накінуць дадатковы бал. Калі гэта будзе для калектыва стымулам, дык выдатна, а калі кіраўнік калектыва тое разумее — тым больш. Сваю думку грунтую шматгадовым вопытам. Бо ў сферы народнага мастацтва працую з 1975 года. Я прайшоў праз цікавыя аматарскія калектывы, дзе быў выканаўцам, артыстам, удзельнічаў у конкурсах, у вельмі адказных канцэртах. Добра ведаю, што такое выступленне на фестывалі, тым больш — калі яшчэ і конкурсы праводзяцца. Дасведчаны ў тым, як большасць калектываў для гэтых фестываляў рыхтуецца. Упэўнены, ім патрэбна метадычная дапамога, бо ўдзельнікі знутры бачаць адно, а спецыялісты звонку — іншае.