Маэстра і яго сад у квецені

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Ігар і Вольга Паліводы: дыялог праз 19 гадоў. Частка VIII
У гэтым нумары “К” працягвае знаёміць чытачоў са старонкамі дзённікавых запісаў вядомага беларускага кампазітара Ігара Паліводы ў фармаце віртуальнага дыялогу з яго ўдавой Вольгай Палівода. З гэтых старонак выглядае складаная натура маэстра з яго трапнымі ацэнкамі і вострым словам. Гэты фрагмент складаецца з занатаваных “па гарачых слядах” Ігарам Паліводам уражанняў ад часу, калі рыхтавалася праграма “на народныя тэксты”, што атрымала назву “Нёман”.

/i/content/pi/cult/558/12218/14-1.jpgВ.П.: — Народную праграму магу назваць надзвычай паспяховай. Якім трагізмам там прасякнута песня “А ў полі бяроза…”! Гэты цыкл Ігара выкананы да яго 60-годдзя Нацыянальным акадэмічным народным аркестрам імя Іосіфа Жыновіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Казінца. Спявалі творы кампазітара Якаў Навуменка, Надзея Мікуліч, Гюнэш… Шкада, што сёлета грошай на правядзенне падобнага канцэрта да 65-годдзя з дня нараджэння Паліводы не знайшлося. Урэшце, каб яго зладзіць, яшчэ ў мінулым жніўні я хадзіла на прыём да кіраўніцтва Міністэрства культуры, але…

І.П.:

“1995 год.

Аўт. 21.3

Такім чынам, матыўчыкі на народныя тэксты ўсё ж вымушаны быў складаць. Склаў восем; пяць ужо ў партытурах. На пачатку красавіка пачынаем набіваць гэтым фуражом магнітафонныя плёнкі. Набіваць будзе шматвопытны “Bolvanking Combo” (членам якога некалі меў гонар быць і я).

Фестываль у Маладзечне па ліку атрымліваецца трэці, і трэці ж будзе адкрывацца песенным цыклам, увянчаны маім слаўным іменем. І трэці ж год разважаю задуменна: дзе вы, мае знакамітыя калегі? Дзе вы, лепшыя людзі рэспублікі? Народныя і заслужаныя? Ардэнаносцы? Лаўрэаты? Чаму маўчыце, калі ў мяне на падыходзе ўжо чацвёрты песенны цыкл? Чаму не гоніце мяне ў карак? Спіце? Смеяцёся?..

Ні тое, ні другое. Ім, ардэнаносцам, гэта не патрэбна. Ім патрэбна не гэта. Ім патрэбен Спонсар. Яны яго шукаюць.

[…]

Чалавеку без Спонсара трэба пад гэткі шумок ціха ўпісаць сябе ў Спіс Дароў, каб па сканчэнні карнавальнага разгулу спакойна і чынна пайсці і ЎЗЯЦЬ.

Ці варта тужыць, выракаць сябе на бяссонныя творчыя пакуты, сценабітна заклікаючы да Музы, каб у рэшце рэшт сатварыць-такі Спонсару любую “гоп са Смыкам — гэта буду я…”?

Так што не спяць, не спяць нашы славутыя, не спяць народныя і заслужаныя. Не спяць, добранькія, не спяць, а дабраслаўляюць мяне, дурня, на стварэнне новых і новых вялікіх песенных палотнаў — на словы Амара Хаяма, Рабіндраната Тагора, Ганджэві Абу Мухамеда Ільяса ібн Юсуфа Нізамі, Ямамота Такмсівава і самой чортавай матары. Пішы, маленькі, пішы, толькі не блытайся тут пад нагамі…

А я і не блытаюся.

Пт. 31.3

6.10 раніцы

Прачынаюся чамусьці яшчэ прыцемкам. Выпрабаваўшы ўсе уяўна-няўяўныя пазітуры ў марнай спробе задрамаць хоць бы да ўсходу сонца, выбіраюся са свайго шматпадушачнага трохспальнага бярлогу. Водныя працэдуры, шчыльны, па магчымасці, сняданак, моцная гарбата — і поўная гатоўнасць да грубай разумовай працы.

Кранаць раяль, аднак, да дзявятай гадзіны нельга, і даводзіцца ці то сядзець, уткнуўшыся ў тэлевізар, ці то чыркаць што-небудзь на гэтых аркушыках.

Пт. 7.4

П’ю.

Аўт. 9.5

Пад бравурна-захопленыя гукі ваеннага марша, што […] ліюцца з тэлевізара, чырвоная мая тэлефонная трубка паведаміла на вуха, што Фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна-95” загадаў доўга жыць […] без лішніх мучэнняў і слёз. […]

Увогуле, трубка тэлефона паведаміла мне толькі што: адкрыццё фестывалю адкладаецца на канец чэрвеня, і праводзіцца мерапрыемства будзе ў Мінску — ці то ў памяшканні тэатра музкамедыі, ці то ў Палацы спорту.

Цікава. Няўжо ў арганізатараў хопіць розуму захаваць назву “Маладзечна-95”? Гэта ж будзе ўжо зусім іншы кампот. Відавочна, відавочна ні пры чым тут была б наша з Пранчаком загалоўная.

Маладэчна, Маладэчна* (*Менавіта з такім вымаўленнем назвы горада выконвалася песня на першых фестывалях. — Рэд.),

Мой жаданы, родны кут,

Так гасцінна і сардэчна

Мне бывае толькі тут… […]

Аўт. 13.6

Праграма на народныя тэксты аказалася мёртванароджанай. […] Разам з фестывалем на самацёк было пушчана фанаграміраванне палівода-народных песень да адкрыцця. Запісы ладзіліся нерэгулярна і з пастаянным цэйтнотам.

Калі […] Маэстра вярнуўся [з Астанкіна] у родны офіс, ён адразу ўсё зразумеў.

На судне, што больш як два месяцы […] дрэйфавала без капітана і афіцэрскага складу, утварыліся натуральныя дэфекты, заганы і паломкі, каманда […] страціла былыя навыкі. […]

Усе мы атрымалі па мардасах — за гультайства, за дармаедства, п’янства — ажно да шкодніцтва. Матросы былі жорстка засаджаны за пульты, у руках з’явіліся музычныя інструменты, ноты. Палілася беларуская песня. Я два поўныя дні правёў у падвале-студыі, але на трэці быў адкліканы ў кабінет. “Непаразуменні з тэлебачаннем, — было паведамлена мне. — […] Тэлепрэм’еру новай праграмы давядзецца ненадоўга адкласці. Затое бліжэй да восені зладзім табе бенефіс у Канцэртнай зале “Мінск” […].

Знаёма. […]

Можа, яно і да лепшага. Песенькі ў цыкле трапляюцца прыгожыя і нават, па-мойму, падабаюцца некаторым сінгерам. Але ўжо надта непрэзентабельны цяперашні, мінскі, варыянт фестывалю. Пасля маладзечанскай шумнай помпы ён абяцае выглядаць пацавата.

Адкрываецца дзейства гэтае сёння. Назіраць буду, канешне, па тэлевізары. У тусоўку не пайду, ды і не ведаю толкам, дзе ўсё гэтае вяселле будзе праводзіцца”.

Нагадаем пра запушчаны працэс стварэння і ўсталявання мемарыяльнай шыльды кампазітару на доме па мінскім адрасе, дзе ён жыў. Мэтазгоднасць праекта падтрымалі Інстытут гісторыі Нацынальнай акадэміі навук Беларусі і Мінгарвыканкам. Аднак паколькі бюджэтнае фінансаванне пад дадзены праект не закладзена, быў адкрыты дабрачынны рахунак (9004-Р/Дабрачынны рахунак BYR, аддзяленне 175 філіяла 529 “Белсувязь” 000033).

Падрыхтоўка і публікацыя дзённікавых запісаў  Вольгі ПАЛІВОДА

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах