Аптымізацыя, брак кадраў і… зямля для музея

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Журналісты “К” пабывалі на святкаванні Дня работнікаў культуры, што адбыліся ў мінулую пятніцу ў Рэспубліканскім тэатры юнага гледача ды пагутарылі з некаторымі ўдзельнікамі мерапрыемства, якія завіталі ў Мінск з рэгіёнаў краіны. Паразмаўлялі найперш пра планы і тыя праблемы, якія сёння хвалююць работнікаў сферы. Атрымаўся зрэз бягучай сітуацыі з выпадковай выбаркай, але ён якраз тым і цікавы.

/i/content/pi/cult/558/12216/2-3.jpgАляксандр ГОСЦЕЎ, генеральны дырэктар Гомельскага палацава-паркавага анамбля:

— На тэрыторыі палацава-паркавага ансамбля ідуць вялікія рэстаўрацыйныя работы. У лістападзе плануецца ўвод новых аб’ектаў. Мы ўзнавілі замкавы спуск, цалкам завяршаецца рэстаўрацыя аглядавай вежы, хутка адкрыецца новы мост, які будзе ісці праз Білецкі спуск. Завяршаецца яшчэ адзін маштабы праект: мы на 500 метраў павялічылі набярэжную. У снежні плануецца адкрыць для наведвальнікаў пахавальню князя Паскевіча.

Мы змаглі давесці: чым больш будзе аб’ектаў, цікавых турыстам, тым на больш працяглы час яны ў нас затрымаюцца. Эканамічна гэта ўплывае на інфраструктуру горада, тыя ж гатэлі, рэстараны, продаж сувенірнай прадукцыі. Кіраўніцтва Гомельскай вобласці выдаткавала сродкі на рэканструкцыю, плануем звярнуцца да замарожаных праектаў (некаторыя ўжо чакаюць сваёй чаргі, для іншых пачалі распрацоўваць праекты).

Раней, калі заказчыкам быў УКС вобласці, а будаўнікі і падрадная арганізацыя працвалі паміж сабой, атрымліваўся не заўсёды той вынік, на які былі нацэлены гісторыкі. Мы ўніклі ў гэтую тэму, зараз без навукоўцаў і супрацоўнікаў музея ніякія работы не праводзяцца. Будаўнікі ўжо прызвычаіліся, што падчас працы знаходзяцца артэфакты, якія ўплываюць на наша ўяўленне пра аб’ект, адпаведна, у першапачатковым праекце з’яўляюцца дапаўненні. Напрыклад, калі пачалі замяняць асфальт на Кіеўскім спуску, знайшлі там стары шлях: брукаванку і клінкерную цэглу. Мы гэты ўчастак закансервавалі, абгарадзілі, паставілі інфармацыйны стэнд — атрымаўся новы турыстычны аб’ект. У такім працэсе шмат нюансаў. Будаўнікі і заказчык (УКС) ідуць нам насустрач.

Ірына РАМАНЧУК, начальнік адддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Асіповіцкага райвыканкама:

— Сацыяльная сфера нашага раёна развіваецца, на мой погляд, даволі паспяхова. Адносна сферы культуры ў прыватнасці, дык годна прадставілі раён на абласных “Дажынках”, што ладзіліся сёлета ў Кіраўску. Таксама працягваем аптымізацыю: за некалькі гадоў зачынілі тры ўстановы культуры на сяле, скарацілі некалькі штатных адзінак. Абслугоўваем тыя паселішчы, дзе ўжо няма ні СДК, ні бібліятэкі мабільнымі ўстановамі культуры, балазе, аўтамабілі ў нас ёсць.

Мяркую, трэба і далей развіваць транспартны складнік. Справа ў тым, што тыя “ГАЗелі”, якія мы выкарыстоўваем для паездак у сельскія паселішчы, патрабуюць мадэрнізацыі ды абнаўлення. Да таго ж яны малагабарытныя: туды можа змясціцца з дзясятак людзей, што не дазваляе вывезці вялікі калектыў.

Наталля КЛІМКО, дырэктар Навагрудскага раённага Дома рамёстваў:

— Падзялюся радаснай навіной: навагрудская традыцыйная выцінанка-выбіванка ўнесена ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Гэта адметная тэхніка “выбівання” пэўнага малюнку на паперы з дапамогай спецыяльных інструментаў: долата, расплюшчанага цвіка, металічнай трубачкі (пустой гільзы), вострай алюміневай трубачкі. Аднавіла гэты ўнікальны від выцінанкі Ніна Шурак, а я з’яўляюся яе вучаніцай і адным з носьбітам традцыцыі. Сёння перадаю сакрэты рамяства ў раённым Доме рамёстваў.

Шкада, але салона-крамы ў РДР пакуль няма, і гэта сапраўды праблема. Сёння ідзе рэканструкцыя будынка ўстановы: зроблены рамонт даху, на другім паверсе адрамантаваны памяшканні. У хуткім часе будуць праведзены і астатнія работы. Будзем спадзявацца, што з цягам часу ў нас з’явіцца і свая салон-крама, і выставачная зала работ удзельнікаў клуба майстроў народнай творчасці, якіх у нас сёння 23 чалавекі…

Марыя АСТАПОВІЧ, дырэктар Музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”:

— Сёння ў нас можна не толькі паглядзець на багатую экспазіцыю фартушкоў, але і прыпыніцца на начлег на музейным падворку. Тут жа, непадалёк, у сажалцы, можна палавіць рыбу, а яшчэ — пакаштаваць традыцыйных бездзежскіх прысмакаў, пакатацца летам на брычцы, а ўзімку — на санях… Ладзім у музеі і традыцыйныя фальклорныя святы. Напрыклад, на будучае навагодняе свята ў нас ужо запісалася 30 чалавек.

З бліжэйшых планаў — стварэнне лабараторыі льна. Будынак для яе размяшчэння ў нас ёсць, таксама маем і некалькі ткацкіх станкоў. Галоўная праблема — нам не хапае некалькі гектараў зямлі, дзе можна было б пасеяць лён, каб паказваць турыстам, як апрацоўваюць гэтую расліну, як яе сушаць і гэтак далей. А пасля можна будзе дэманстраваць гасцям увесь працэс ткацтва, прапаноўваць ім папрацаваць за старадаўнімі кроснамі, ладзіць майстар-класы для наведвальнікаў…

Ірына АБДУЛАЕВА, дырэктар Віцебскага дзяржаўнага каледжа культуры і мастацтваў:

— На сённяшні дзень ад Міністэрства культуры мы чуем пытанні па рэарганізацыі сістэмы адукацыі ў сферы культуры. Гаворка ідзе пра ліквідацыю дубліруючых спецыяльнасцей у аналагічных установах адукацыі ў межах кожнай вобласці. На Віцебшчыне два музычныя каледжы і наш каледж мастацтваў. Нам задаюць пытанне, ці патрэбна такая колькасць узаемазамяняльных спецыялістаў. На днях праводзілі абмеркаванне. Мы з калегамі выступаем за рацыянальны падыход: імкнуліся запэўніць, што геаграфічнае палажэнне сярэдніх навучальных устаноў якраз адпавядае той сітуацыі, калі дзецям зручна атрымліваць сярэднюю адукацыю, і ніводзін з таленавітых навучэнцаў не будзе згублены. Прынамсі, мы — адзіны каледж, які забяспечвае ўстановы культуры Віцебскай вобласці. Ды і з’яджаць далёка з дому сёння даволі накладна. Разумею, што матэрыяльная база ў сталічных калег мацнейшая, і кадравы склад, магчыма, больш сур’ёзны. Але ёсць рэальнае жыццё: дзеці вучацца ў нас, застаюцца ў вобласці, некаторыя з часам выкладаюць у каледжы.

Так, сістэма адукацыі сутыкнулася з праблемай дэмаграфічнай ямы. Аднак у нас сёлетняя уступная кампанія прайшла з конкурсам 1,9 чалавек на месца. Гэта даказвае, што названая сітуацыя паспяхова пераадольваецца. Мы правялі вялікую прафарыентацыйную працу, 40% нашых выпускнікоў былі прыняты ў прафесійныя тэатры і харэаграфічныя калектывы вобласці і рэспублікі. Чатыры дыпломнікі акцёрскага адзялення сёлета залічаны ў трупу Магілёўскага абласнога тэатра. Давайце глядзець наперад! Абапіраючыся толькі на папярэдні вопыт нельга будаваць будучае…

Таццяна ШУЛЬГАН, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ліёзненскага райвыканкама:

— Для нас канцэптуальнай праблемай стала павышэнне вядомасці регіёну, стваранне яго станоўчага іміджу. Праца ў гэтым кірунку павінна ў сваю чаргу прывабіць у раён больш інвестыцый. Таму ўжо два гады займаемся распрацоўкай творчага брэнду раёна.

На Ліёзненшчыне доўгі час праходзіць абласны фестываль “Песні сунічных бароў”. З назвы гэтай імпрэзы і вымалявалася асноўная ідэя: з суніцамі мы атаясамліваем знакамітых постацей, якія сталі вядомымі ў рэспубліцы і свете, увабраўшы самае лепшае ад нашай зямлі. Зараз нашы структурныя падраздзяленні надаюць увагу гэтай тэматыцы. Прынамсі, Дом рамёстваў стварае адпаведную сувенірную прадукцыю. Нават наш ваенна-гістарычны музей скарыстоўвае лагатып сунічкі ў сваёй друкаванай прадукцыі, такім чынам, прасоўваючы гэты брэнд. Зрэшты, дырэктар установы Вольга Самушчанка пачынае распрацоўваць новы праект “Ліёзненшчына сучасная”. Найноўшую гісторыю — у графіцы Ганны Кулаковай і фатаздымках — мы хочам прадставіць моладзі.

Андрэй ВТАРУШЫН, мастак, настаўнік Бераставіцкай дзіцячай школы мастацтваў:

— На жаль, малыя гарады адчуваюць рэзкі недахоп у кваліфікаваных спецыялістах. Так, цягам года я адзін “цягну” ўсё мастацкае аддзяленне ў нашай ДШМ. На дадзены момант займаюцца чатыры класы, каля 40 навучэнцаў. Мне даводзіцца выконваць абавязкі і загадчыка аддзялення, бо, акрамя мяне, больш няма мастакоў. Атрымліваецца, што я павінен адначасова весці ўсю дакументацыю і даваць веды дзецям. Адміністрацыя імкнецца выправіць сітуацыю, магчыма, у новым навучальным годзе пасада настаўніка перастане быць вакантнай. Дарэчы, я сам прыехаў сем гадоў таму ў Вялікую Бераставіцу з Верхнядзвінска, калі тут тэрмінова шукалі спецыяліста. Мне далі службовую кватэру, прапанавалі шмат цікавых творчых праектаў. Напрыклад, я распісваў столь і чатыры сцяны ў Доме культуры Малой Бераставіцы, фае нашай Школы мастацтваў.

Яшчэ хацелася б, каб крыху палепшылася наша матэрыяльная база. Не хапае мальбертаў, некаторых гіпсавых экспанатаў для малявання, якія праходзяць па праграме. Апошнія даводзіцца рабіць самому. Але імкнемся трымаць марку Бераставіцкай ДШМ: нашы дзеці становяцца лаўрэатамі і пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў.

Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ

Аўтар: Настасся ПАНКРАТАВА
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"