Асалода для вачэй? Не толькі!

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Гід па “Лістападзе-2015”
6 лістапада распачынаецца 22-гі Мінскі Міжнародны кінафестываль “Лістапад”. Прыемна адзначыць, што амаль незаўважна ды ўпэўнена-паступова галоўнае месца ў нашых размовах пра форум стала займаць менавіта кіно, якое, як вядома, прыносіць асалоду не толькі для вачэй, а і для розуму.

/i/content/pi/cult/558/12214/2-1.jpg184 стужкі з 60 краін… Каб разабрацца ў гэтай багатай кінапалітыры мінскага форуму, трэба грунтоўна пасядзець над яго праграмай. З’арыентавацца нялёгка, але калі ведаць свае прыхільнасці, цалкам магчыма. Да прыкладу, шукаеце кіно для ўсёй сям’і — завітайце на конкурс для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”, не абыякавыя да дакументальных карцін, якія апошнім часам вядуць рэй у кінасвеце, — вам на конкурсы неігравога кіно, нацыянальных кінашкол; цікавяць новыя імёны ў сусветным кінематографе — конкурс “Маладосць на маршы”; а ў фокусе ўвагі Нацыянальнага конкурсу — стужкі рэжысёраў-беларусаў…

Гэта не кажучы пра асноўную праграму, у якой спаборнічаюць актуальныя стужкі краін былога сацлагеру, і пазаконкурсныя паказы (іх сёлета — больш за дваццаць). Пералічу назвы толькі некаторых з апошніх: “Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны”, “Выключна для кінаманаў”, “Турэцкія далікатэсы”, “Расійскія прэм’еры”, “Кіно пра кіно”, “Музыкадок”, “Алімпія”, што “спецыялізуецца” на дакументальным кіно пра спорт… Немагчыма не згадаць галоўную рэтраспектыву сёлетняга “Лістапада” — “Да 120-годдзя кампаніі “Сёціку”: шэдэўры японскага кіно” (лепшыя стужкі славутай кінакампаніі прадэманструюць на 35-мілімітровай плёнцы).

Калі ўсё ж такі вылучаць пэўныя стужкі, можна зрабіць наступныя акцэнты.

У асноўным конкурсе назавем тры работы. Стужка “Эва Нова” славака Марка Шкопа, лаўрэата апошняга кінафестывалю ў Таронта. “Прысутнасць яе ў праграме “Лістапада” — вялікая ўдача”, — падкрэслівае дырэктар праграмы ігравога кіно і “Лістападзіка” Ігар Сукманаў. “Кіно будучыні” — фільм “Скарб” румынскага рэжысёра Карнеліу Парумбою, уганараванага прызам “Асаблівы талент” на апошнім Канскім кінафестывалі. Работы гэтага творцы заўжды вылучаюцца “працай з мінулым і сучасным”. Яшчэ адзін фаварыт — польская карціна “Дэман” Марціна Врона, вядомая не толькі сваім поспехам, але і трагедыяй: рэжысёр скончыў жыццё самагубствам пасля нацыянальнай прэм’еры.

Што да конкурсу неігравога кіно, то тут прыцягвае ўвагу апошняя работа Сяргея Лазніцы “Падзея”, якая распавядае пра путч 1991 года. “Называйце мяне Марыяннай” польскай дакументалісткі Караліны Бяляўскай узнімае пытанне ідэнтычнасці. Румынская стужка “Тото і яго сёстры” Аляксандра Нанеу. У гэтай карціне, як пазначае дырэктар праграм неігравога кіно Ірына Дзям’янава, “на фоне станаўлення маленькага хлопчыка высвятляюцца драматычны абставіны жыцця ў Румыніі". Можна заўважыць, што ў конкурсе дакументальнага кіно нямала стужак з выкарыстаннем хронікі. І ў гэтым сэнсе ў трэндзе аказваецца і апошняя карціна Галіны Адамовіч “Беларусь. Дакументальная гісторыя”, што прысутнічае ў конкурснай праграме.

Конкурс для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” абацяе знаёмства з найцікавай стужкай “Залатое каралеўства” Браяна Перкінса, што распавядае пра жыццё маленькіх будыйскіх манахаў пад час грамадзянскай вайны. У праграме будзе прадстаўлена і карціна лаўрэата “Оскара” рэжысёра Габрыэле Сальваторэса “Хлопец-невідзімка”, дзе знойдуць увасабленне экшн і псіхалагічнае кіно. Другая частка гісторыі пра “Прыватнае піянерскае” расіяніна Аляксандра Карпілоўскага правядзе нечаканую паралель з работай Элема Клімава “Сардэчна запрашаем! або Пабочным уваход забаронены!” (Нагадаю, першая частка стала ўладальнікам Гран-пры “Лістападзіка-2012” і спецпрыза Прэзідэнта Беларусі таго ж года). Прыме ўдзел у спаборніцтве конкурса “кіно для ўсёй сям’і” і беларуская стужка Аляксандра Анісімава “Неверагоднае перамяшчэнне”.

Конкурс нацыянальных кінашкол атрымаўся сёлета як ніколі насычаным. У ім прымуць удзел тры расійскія кінашколы — ВГИК, Школа дакументальнага кіно і тэатра Марыны Разбежкінай і Міхаіла Угарава, майстэрня Аляксандра Сакурава Кабардзіна-Балкарскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Прыедуць з Польшчы і студэнты знакамітай Школы кінарэжысуры Анджэя Вайды. Маладым кінематаграфістам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў давядзецца паспаборнічаць з калегамі Балтыйскай школы кіно, медыя, мастацтваў і камунікацыі з Эстоніі, Школы кіно і тэлебачання Акадэміі прыгожых мастатцваў у Празе і нават з Міжнароднай школы кіно і тэлебачання з Кубы.

“Маладосць на маршы” — і яго бліскучы тузін фільмаў, якія ўжо склалі славу яго стваральнікам. Перш за ўсё хочацца вылучыць лепшы фільм у конкурсе “Асаблівы погляд” на Канскім кінафестывалі гэтага года — “Бараны” ісландца Грымюра Хауконарсана. Ганарыцца “Лістапад” і наяўнасцю ў сваёй праграме ўнікальнага праекта “Шалаш” казахстанскага рэжысёра Кенжабека Шайкакава. Ізраільскі рэжысёр (ураджэнец Мінска) Яўген Руман прадставіць у конкурсе сваю другую стужку — “Чалавек у сцене”, якая атрымала высокую ацэнку на міжнародных пляцоўках. І, вядома, нельга прапусціць фільм прадзюсара Акіры Курасавы і Насіры Асіма — Іціра Ямамоты “Анахіта”. У аснове яго — ананімный сцэнарый 1944-га, знодзейны у архівах легендарнай кінастудыі “Сёціку”. (На “Лістападзе”, адзначу, адбудзецца сусветная прэ’мера гэтай стужкі.) Як і паказ другой рэжысёрскай работы знакамітай французскай актрысы Фані Ардан — яна мае назву “Дакучлівыя рытмы”. “Лістапад” чакае прыезду уладальніцы прэміі “Сезар”, прыза Станіслаўскага, паплечніцы класіка французскага кіно Франсуа Труфо. “І тады ўсе зоркі сойдуцца”, — дадае Ігар Сукманаў. Бо менавіта кніга Франсуа Трюфо, які адкрыў талент Фанні Ардан, стала натхненнем для слогана сёлетняга фестывалю: “Асалода для вачэй”. Далучыце да гэтага 120-годдзе сусветнага кіно — і сапраўды, атрымліваецца прыгожая камбінацыя.

Фільмам адкрыцця “Лістападу-2015” стане карціна Гійома Ніклу “Даліна кахання” з Жэрарам Дэпардзье і Ізабель Юпэр у галоўных ролях. Закрые фестываль “Навейшы запавет” Жако ван Дармеля. Месца ўрачыстых цырымоній — сталічны кінатэатр “Масква”.

Падрабязны гід па конкурсе Нацыянальнага кіно — у наступным нумары “К”.

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"