"Золата" Культурнай сталіцы

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Ад Брэста да Маладзечна
Адзін з вынікаў чарговай калегіі Міністэрства культуры, якая адбылася 29 кастрычніка: статус Культурнай сталіцы Беларусі на наступны год атрымае горад Маладзечна Мінскай вобласці.

/i/content/pi/cult/558/12213/1-1.jpgУ спаборніцтве за іміджавы статус Культурнай сталіцы Беларусі прыняў удзел, акрамя Маладзечна, і старажытны Слуцк. Абодва гэтыя гарады, як адзначалася на Калегіі Мінкультуры, вылучаюцца сваёй цікавай гісторыяй і багатымі культурнымі традыцыямі. Але ж, натуральна, Слуцк больш вядомы ў гістарычных дакументах і летапісах: так, налета горад справіць 900-годдзе. Але ж адзінагалосным рашэннем членаў калегіі Міністэрства культуры ў гэтым “двубоі”-конкурсе перамагло Маладзечна — так бы мовіць, нефармальная культурная сталіца Мінскай вобласці. І перамога атрымана Маладзечнам, трэба сказаць, цалкам заслужана. Прывяду толькі некалькі лічбаў. Так, на сёння ў горадзе дзейнічаюць 16 устаноў культуры і мастацтва, працуюць 30 калектываў са званнямі “заслужаны”, “народны” ды “ўзорны”, штогод ладзяцца буйныя міжнародныя, рэспубліканскія і рэгіянальныя культурныя акцыі... А з 1993 года Маладзечна, як вядома, з’яўляецца месцам правядзення Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі.

Пераход да статусу Культурнай сталіцы Беларусі гэты горад зробіць з лёгкасцю. Тым больш, на наступны год у Маладзечне ўжо былі запланаваны прыкладна 50 разнастайных мерапремстваў. Натуральна, у сувязі з наданнем гораду знакавага статусу, колькасць фестываляў, канцэртаў, выставак і прэзентацый у ім значна пабольшае…

Але ўсё гэта адбывалася напрыканцы пасяджэння. А напачатку члены Калегіі разглядалі іншае актуальнае пытанне сённяшняга дня — ход выканання Дзяржаўнай праграмы “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гады. Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі нагадаў, што ў Дзяржпраграму ўключана 38 аб’ектаў, з якіх на 7 помніках архітэктуры прадугледжана правядзенне або завяршэнне рэстаўрацыйна-аднаўленчых работ, на іншых 7 аб’ектах — кансервацыя, на 19 помніках — добраўпарадкаванне тэрыторый, а яшчэ на пяці — работы па музеефікацыі.

Як адзначыў Ігар Чарняўскі, за перыяд з 2012 па 2015 гады мерапрыемствы выконваліся на 26 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны (запланавана было — на 33). У 7 замках работы не праводзіліся у асноўным з-за адсутнасці фінансавання.

На сённяшні дзень, па словах начальніка ўпраўлення, завершаны работы на 8 аб’ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Гэта, напрыклад, такія знакавыя архітэктурныя перліны краіны, як Камянецкая вежа, і, разам з тым, малавядомыя для айчыннага ды замежнага турыста рэшткі былых замкаў у вёсцы Геранёны Іўеўскага раёна, дзе была праведзена кансервацыя замкавых муроў, ды ў вёсцы Жабер Драгічынскага раёна (тут адбылося добраўпарадкаванне тэрыторыі), а таксама некаторыя іншыя аб’екты.

На 18 аб’ектах спадчыны выкананне запланаваных работ працягваецца і сёння. Найбольш маштабныя з іх адбываюцца ў палацавым комплесе роду Сапегаў у Ружанах, у комплексе Старога замка ў Гродне, у Лідскім замку (на гэтым аб’екце зроблена прыкладна 90 працэнтаў ад запланаванага) ды замку ў Крэве. Фінансаванне мерапрыемстваў ажыццяўлялася ды ажыццяўляецца за кошт бюджэтных грошай, а таксама за кошт уласных сродкаў арганізацый — выканаўцаў праграмы.

На жаль, неспрыяльныя эканамічныя ўмовы (у першую чаргу, як вядома, знешнія), не дазваляюць завяршыць усё запланаванае. У першую чаргу, у сувязі са скарачэннем бюджэтнага фінансавання. Таму, як адзначыў Ігар Чарняўскі, у далейшай працы варта засяродзіцца на тых аб’ектах спадчыны, дзе зроблены значны задзел, каб атрымаць рэальны вынік ад іх дзейнасці пасля рэстаўрацыі ды аднаўлення. Менавіта такі падыход і аптымізацыя сродкаў, атрыманых з дзяржбюджэту, як мяркуе начальнік упраўлення, дазволіць не распыляць сілы і грошы, а накіраваць іх туды, дзе гэта патрэбна найбольш.

Падчас пасяджэння прагучала і такая навіна. У сувязі з падрыхтоўкай праекта дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі 2016 — 2020” прадугледжана адмена Дзяржпраграмы “Замкі Беларусі” на 2012 — 2018 гады. Як адзначана ў дакументах калегіі, з улікам выкананага аб’ёму работ на помніках архітэктуры і археалогіі фартыфікацыйнага характару намечана іх уключэнне у пералік аб’ектаў падпраграмы “Спадчына” будучай Дзяржпраграмы “Культура Беларусі”. Усё гэта будзе зроблена дзеля забяспячэння фінансавання запланаваных мерапрыемстваў па захаванні належнага стану названых аб’ектаў, рэстаўрацыі і прыстасавання іх пад сучасныя функцыі ў адпаведнасці з палажэннямі заканадаўства ў сферы аховы спадчыны.

І апошняе. У адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь на сённяшні дзень вызначаны шэраг населеных пунктаў краіны з багатай спадчынай і традыцыямі для іх уключэння ў турыстычныя маршруты, выпрацоўцы стратэгіі развіцця і прыняцця мер па іх уладкаванні. Да такіх гарадоў аднесены Пінск, Полацк, Тураў, Мсціслаў і Навагрудак, на тэрыторыі якіх знаходзяцца аб’екты абарончага дойлідства або іх рэшткі.

Фота Аліны САЎЧАНКА

Аўтар: Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"