Сустрэча, што стала "Традыцыяй"

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Як светлагорская галерэя збірала мастакоў Акадэміі
У светлагорскіх аматараў выяўленчага мастацтва ёсць усе падставы павіншаваць галоўную навучальную ўстанову краіны ў сферы мастацтва з 70-годдзем. За 23 гады існавання нашай карціннай галерэі “Традыцыя” імя Германа Пранішнікава мы пабачылі каля 600 выставак. А ў фондзе з’явілася 526 твораў, якія маглі б скласці гонар любога мастацкага музея. Але найбольш памятнымі экспазіцыямі і найбольш каштоўнымі экспанатамі сталі тыя, што адбыліся і належаць выкладчыкам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

/i/content/pi/cult/558/12212/15-1.jpgПачалося ж наша сяброўства з… легенды аб тым, што жыў некалі ў Светлагорску хлапчук, які марыў стаць славутым мастаком. Наведваў гурток выяўленчага мастацтва, якім кіраваў Уладзімір Юшпрах, ужо тады вызначаўся дзёрзкай упэўненасцю ў тым, што яму шмат дадзена талентам. І здзейсніў сваю мару. Легенда аказалася явай. У 1996 годзе наш зямляк Уладзімір Зінкевіч — прафесар, загадчык кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Акадэміі (а цяпер заслужаны дзеяч мастацтваў краіны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, прафесар, ганаровы акадэмік Расійскай акадэміі мастацтваў, кавалер ордэна Францыска Скарыны) паказаў персанальную выстаўку сваіх твораў у галерэі “Традыцыя”. Мы ўпершыню пабачылі, што сувязь паміж імі і гледачом усталёўваецца не на ўзроўні візуальнага ўспрымання, а дзякуючы пэўным адчуванням, пазбаўленым канкрэтнасці. Мастак адлюстроўвае і тое, што непадуладна вымярэнню, што знаходзіцца ў сферы пачуцця, а не ў пэўнай рэчаіснасці. Ён нараджае сімвалы, выяўляе здольнасць да абагульнення з такой узнёсласцю, ад якой зыходзіць магічная сіла мастацтва. Зыходзіць з глыбінь падсвядомасці і робіцца пачуццёва нагляднай. Карціны нібыта ствараліся наноў на нашых вачах…

Выстаўка магла так і застацца толькі прыгожай, памятнай падзеяй. Але за ёй былі іншыя яго экспазіцыі ў нас — персанальныя і сумесныя з жонкай, цудоўнай мастачкай Валянцінай Сідаравай. Дарэчы, зараз і яна выкладае ў Акадэміі. І галоўнае: Уладзімір Леанідавіч здолеў паспрыяць нашаму сяброўству з выкладчыкамі, выпускнікамі і нават з лепшымі студэнтамі гэтай ВНУ. Тады ж, у лістападзе 1996-га, да нас з выстаўкай завіталі загадчык кафедры графікі Уладзімір Вішнеўскі і яго калега Валерый Славук. Адразу ж было бачна, што першы з іх — філосаф, які грунтуецца ў сваіх лепшых творах на беларускай спадчыне, на заглыбленасці ў народныя традыцыі. Другі ж — па-сапраўднаму казачна алегарычны, гратэскны. Мы пабачылі незвычайных, але дзіўна пазнавальных людзей на дрэвах, у гнёздах, на рыбах, а таксама тых, хто надзелены здольнасцю лётаць. І ўсё гэта не дзеля самой незвычайнасці, а дзеля пакутлівай думкі аб магчымасцях і немагчымасцях чалавека. За сумеснай неўзабаве адбыліся і персанальныя выстаўкі гэтых мастакоў.

А ў маі 1997-га пазнаёміліся з творамі яшчэ аднаго выкладчыка Акадэміі — Віктара Альшэўскага. Не памылюся, калі скажу, што многія светлагорцы прыходзілі тады ў карцінную галерэю з пачуццём, якое можна назваць чаканнем прароцтва. Менавіта гэтай якасцю здзіўлялі нас карціны “Пад Знакам Льва”, “У дзень нараджэння Вікторыі”, “Які ідзе з храмам” і іншыя. Прасветленасць амаль акварэльнага каларыту, узнёслая прыгажосць… Партрэтныя творы Альшэўскага захаплялі не толькі іх натуральнай маляўнічасцю, але і выразным выяўленнем характараў, нейкіх вельмі дакладных бытавых дэталей. Мастак нібыта запрашаў разважаць над таямнічым сэнсам жыцця. А як не прыгадаць яго наступную выстаўку ў нас пад назвай “Лісты часу”! Яркія, метафарычныя, фрагментарныя і аднак вельмі цэласныя не толькі па каларыце і пластычнай завершанасці карціны выклікалі такія асацыяцыі, якія можна зразумець менавіта ў кантэксце лепшых узораў сусветнага выяўленчага мастацтва, філасофіі і літаратуры. Творы Віктара Альшэўскага раз-пораз набывалі такую фрагментарную канкрэтнасць, якая ўжо зусім нечакана спалучае іх з традыцыямі класічнага рэалізму.

Здараліся і сенсацыі. Сваю першую ў багатым падзеямі творчым жыцці акварэльную выстаўку народны мастак Беларусі, заснавальнік кафедры манументальна-дэкаратыўнага мастацтва Гаўрыла Вашчанка паказаў менавіта ў нас. І наогул да Светлагорска ў яго было асаблівае стаўленне. Яшчэ ў 1972 годзе ён рабіў тут роспіс Палаца культуры хімікаў. Той самы, тэмперны, які пад назвай “Зямля светлагорская” стаў хрэстаматыйным. Дарэчы, адзін з эскізаў гэтага роспісу Гаўрыла Харытонавіч ахвяраваў галерэі.

Што да нашай экспазіцыі, то Вашчанка цалкам захаваў у ёй свае цудоўныя асаблівасці, свой прасветлены талент. Кожны з 21 твора вызначаўся мяккасцю танальных пераходаў, патончаным адчуваннем прыгажосці, філасофскім абагульненнем убачанага і асэнсаванага. Асабіста мяне не пакідала ўражанне ад сустрэчы з высакароднасцю майстэрства магутнага таленту. Часам здавалася, што некаторыя пейзажныя карціны, захоўваючы ўсе акварэльныя асаблівасці, усё ж напісаны алеем ва ўласцівай мастаку, крыху пастэльнай, дымчатай бачнасці. Было відавочна, што ён умее спыніць імгненне, засяродзіць увагу на няўлоўным, заўважаным толькі ім. Потым былі ў нас і іншыя яго персанальныя выстаўкі: “17 зім”, “На скрыжаваннях”. І сумесная з сынам Канстанцінам, які да пастэльных твораў бацькі дадаў такую ж колькасць сваіх лірычных фотаздымкаў. Запомніліся словы Гаўрылы Харытонавіча: “Я ўжо не раз гаварыў аб касмічным уплыве на лёс кожнай сапраўднай карціны. Напэўна, ёсць такі ўплыў і на ўсё, што адбываецца з самім мастаком. У маім лёсе атрымалася тое, што павінна было атрымацца. Я перакананы: мастак не можа не быць нацыянальна свядомым чалавекам. Ён барометр свайго часу… Але перш за ўсё належыць свайму народу. Усёй мастакоўскай сутнасцю”.

Эстафету Вашчанкі пераняў народны мастак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Леанід Шчамялёў. Кожны з прадстаўленых на экспазіцыі твораў уносіў нешта вельмі адметнае ў агульны, прасветлены ўсімі фарбамі жыцця, па-сапраўднаму шчамялёўскі каларыт. Але фарбавая святочнасць — не самамэта. Гэта толькі адзін са сродкаў для таго, каб перадаць радасць, захапленне, трывогу, замілаванасць, збянтэжанасць…

Дзякуючы сяброўству з Акадэміяй, галерэя не зніжала свой экспазіцыйны ўзровень. Яго падтрымаў і Васіль Шаранговіч — прафесар, былы рэктар Тэатральна-мастацкага інстытута, які зрабіў беларускую літаратурную класіку класікай выяўленчага мастацтва. Дарэчы, не толькі беларускую, бо, скажам, за акварэльныя ілюстрацыі да паэмы Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” яму прысвоена званне заслужанага дзеяча культуры Польшчы. А потым была яшчэ адна магчымасць пабачыць яго ж ілюстрацыі да Коласавай “Новай зямлі”. Яны — сапраўдны партрэт паэмы, бо мастак ілюструе не толькі і не столькі тое, што знайшло літаратурнае ўвасабленне, а, канкрэтызуючы, стварае яшчэ адну, уласную мастацкую рэальнасць.

Своеасаблівым працягам стала выстаўка заслужанага дзеяча мастацтваў, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, прафесара, а цяпер і народнага мастака Анатоля Бараноўскага — выдатнага майстра жанравых карцін, партрэтаў, але часцей за ўсё пейзажыста. Васіль Шаранговіч неяк зазначыў, што Бараноўскі глыбока па-філасофску разумее каляровы настрой прыроды. Для яго колер — вобраз, колер як першаасноўнае памкненне выказаць свае думкі. І сапраўды, па такіх пейзажах можна меркаваць не толькі аб беларускай прыродзе, але і аб беларускім характары, беларускай душы. Яго карціны да захаплення здзіўлялі каляровымі суадносінамі. Між іншым, уся сям’я Анатоля Васільевіча — мастакоўская. Вось чаму неаднойчы мы бачылі іх сумесныя і персанальныя выстаўкі: дачкі Алены, яе мужа, загадчыка кафедры жывапісу Акадэміі Віталя Герасімава з сынам Глебам, выпускніком гэтай навучальнай установы.

Незабыўнай стала і сустрэча з творчасцю народнага мастака, былога выкладчыка Акадэміі Уладзіміра Стэльмашонка. Мы бачылі чарнобыльца з аплеценай калючым дротам зоны, жартаўлівага старшыню калгаса, знакамітага хірурга — бацьку мастака… Было б, аднак, несправядліва лічыць гэтыя творы чыста партрэтнымі, бо мастак не толькі дакладна ўвасобіў прыгаданых намі людзей, але і перадаў іх духоўную адметнасць, упісаў у атмасферу тых жыццёвых абставін, гістарычных рэалій, у якіх і якімі яны жылі. Асобна вылучаўся партрэт Якуба Коласа. Наўрад ці хто з мастакоў можа пахваліцца, што яму пазіраваў сам вялікі пясняр. А Уладзіміру Іванавічу пазіраваў. І калі б ён напісаў толькі гэты партрэт, то і тады ўвайшоў бы ў гісторыю беларускага выяўленчага мастацтва.

Сваімі здабыткамі кафедра графікі ў многім абавязана яе нядаўняму загадчыку Уладзіміру Савічу. Творчы лёс яго можна, безумоўна, лічыць шчаслівым. Ужо дыпломная работа — афармленне кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Пінская шляхта” — адзначана дыпломам Акадэміі мастацтваў СССР. І вядома ж, экспазіцыя ў Светлагорску ўзбагаціла наша звычайнае ўяўленне аб графіцы. Мастак таленавіта аб’яднаў магчымасці акварэлі, гуашы, тэмперы, акрылу, друкарскіх фарбаў, калажу. Ён шмат эксперыментуе. Талент свядома і падсвядома ўводзіць Савіча ў вольную стыхію каляровых спадучэнняў, да жывапісу. Але ўсё гэта і многае іншае — толькі выяўленчыя сродкі, каб перадаць тонкі псіхалагізм светаадчування, спрадвечную філасофію быцця. Перш за ўсё беларускага.

У 2007-м, калі адзначалі 15-годдзе карціннай галерэі “Традыцыя”, светлагорцы пабачылі экспазіцыю “Юбілейны вернісаж”. Складалася яна з твораў выкладчыкаў Акадэміі. Тады ж упершыню пазнаёміліся і з фотаграфікай прафесара гісторыі і тэорыі мастацтваў, сённяшняга рэктара гэтай навучальнай установы Міхаіла Баразны. Памятнымі былі сустрэчы з сусветна вядомым ілюстратарам кніг Паўлам Татарнікавым. Пейзажыстам, прыхільнікам класічнага рэалізму засведчыў сябе выстаўкай і загадчык кафедры малюнка Віктар Нямцоў.

Трэба адзначыць таленавітую прысутнасць у нашым горадзе Эдуарда Астаф’ева — аўтара знакавага помніка шляхцічу Шацілу, а таксама загадчыка кафедры скульптуры Уладзіміра Слабодчыкава. Гэта яго “Паранены звон” на набярэжнай Светлагорска стаў адным з самых натуральных па сваёй вернасці хрысціянскім традыцыям мемарыялаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне.

Не, немагчыма нават так, фрагментарна, расказваць аб экспазіцыях твораў выкладчыкаў Акадэміі ў нашай карціннай галерэі. Мы мелі магчымасць па вартасці ацаніць творчасць тых, хто працаваў у ёй — Аляксея Марачкіна, Уладзіміра Басалыгі, Расціслава Раманкі, Міколы Кірэева, народных мастакоў Аляксандра Кішчанкі, Віталя Цвіркі, Арлена Кашкурэвіча, Мая Данцыга, — а таксама слынных выпускнікоў Міколы Селешчука, Уладзіміра Сулкоўскага, Барыса Аракчэева, Мікалая Казакевіча, Валянціна Крылова, Рыгора Сітніцы, Валерыя Шкарубы, Віктара Ціханава, Фелікса Янушкевіча, Ларысы Журавовіч і многіх іншых. Вядома ж, тое былі не проста выстаўкі, а сустрэчы з творцамі, якія неяк вельмі натуральна сталі сябрамі галерэі і горада. Невыпадкова яшчэ ў 1998 годзе была падпісана афіцыйная дамова з Светлагорскім выканкамам аб шматгадовым супрацоўніцтве. А гэта і рэспубліканскія пленэры па жывапісе і скульптуры, майстар-класы, лекцыі па тэорыі і гісторыі выяўленчага мастацтва. Не ўсё адбылося так, як планавалася, але і тое, што было, што адбываецца зараз, дае нам сардэчнае права напярэдадні юбілею галоўнай мастацкай ВНУ краіны сказаць сваё ўдзячнае “Віват, Акадэмія!”

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ, мастацтвазнаўца

Светлагорск