Гомельскія трактоўкі

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Жывапіс і дызайн са сваёй школай
У гомельскай Карціннай галерэі Гаўрылы Вашчанкі доўжыцца выстаўка “Дыпломнік-2015” выпускаў Гомельскага дзяржаўнага мастацкага каледжу. Прадстаўлены жывапіс і дызайн.

/i/content/pi/cult/558/12208/6-1.jpgКаледж існуе з 1989 года. Напачатку гэта быў філіял Мінскага мастацкага вучылішча. У 2001-м ён стаў самастойнай навучальнай установай. У 2011-м — каледжам. За час існавання навучальнай установы ў яе сценах падрыхтаваны больш як 750 спецыялістаў. З ліку тых, хто прадоўжыў прафесійнае навучанне, недзе 200 скончылі нашу Акадэмію мастацтваў альбо ў ёй вучацца.

Мяркуючы па прадстаўленых у экспазіцыі работах, у каледжы склалася ўласная, адрозная ад сталічнай, школа выкладаныя спецыяльных дысціплін. Навучальная праграма, як вядома, для ўсёй краіны адзіная, але эфектыўнасць яе рэалізацыі залежыць ад творчай інтэрпрэтацыі яе канкрэтнымі настаўнікамі.

У Гомелі, як мне падалося, у большай ступені, чым у сталіцы, трымаюцца класічнай трактоўкі рэалізму. У навучальным працэсе тут сыходзяць з той логікі, што перш чым дэманстраваць свае амбіцыі, вучню трэба засвоіць выяўленчую грамату. Ад яго патрабуюць не столькі арыгінальнасці, колькі рамяства, адпаведнасці крытэрыям прафесіяналізму. На практыцы гэта азначае, што на дыпломе навучэнец мусіць прадставіць не нейкае прыгожае спалучэнне фарбаў і ліній, якое жывапісам можна лічыць толькі ўмоўна, але традыцыйную станковую карціну, чыннікі якой — канкрэтны жанр, уцямны сюжэт і, пажадана, псіхалагізм. Можа, сёння на тле модных трэндаў, у варунках пошукаў і эксперыментаў, якія, здаецца, складаюць асноўны змест культурнага працэсу, такая прыземленасць падаецца праявай кансерватызму. Але і прагматызм тут відавочны. Праўда, другі бок гэтага медаля — засяроджанасць на звыклых, так бы мовіць, прахадных, сюжэтах. Асабіста мне хацелася б бачыць у дыпломных карцінах сённяшні дзень, а не перапевы рускай ці савецкай класікі. Разам з тым, не варта падыходзіць да вучнёўскіх работ з тымі ж крытэрыямі, што і да твораў майстра.

Большасць станковых карцін гэтай выстаўкі — пейзажы. Гэта “Тумановыя берагі” Алены Яцкай, “Калі гараць каштанавыя свечы” Марыі Шчэткінай, “Казачны лес” Вольгі Базуевай. Тут чалавек альбо прысутнічае ў якасці важнага, але не галоўнага чынніка прасторы, альбо ўяўляецца, што ён ёсць, але — за кадрам. З дадзенага шэрагу я вылучыў бы па эстэтычных якасцях апошнюю работу. У ёй вельмі ўдала спалучана рэальнае і фантазійнае. Падобныя краявіды ў снежную пару года трапляюць на вока не раз, і не два. Але ўспрыняць іх як цуд, як казку, як падарунак лёсу могуць толькі дзеці і мастакі.

“Ціхае жыццё старога дома” Дзяніса Волкава, “Дворык” Алены Агальцовай. У гарадской мітусні маладыя мастакі шукаюць выспы спакою і нібыта замаруджанага часу. Такі напрамак мне не надта зразумелы. Лічыцца, што маладосці ўласцівая не статыка, а дынаміка. У маладыя гады чалавек імкнецца за далягляд, а не азіраецца назад. А тут — старыя сцены, гарадская фактура, што знікае… Усё гэта як успамін з прысмакам настальгіі. Жывапіс, аднак, якасны. А здольнасць не проста намаляваць, але і перадаць настрой — адзнака прафесійнасці мастака.

“Праабражэнне” Ганны Туравец, “Юравіцкі манастыр” Аліны Сугак — зварот да рэлігійнай тэматыкі. Першая карціна — суцэльная канкрэтыка. Інтэр’ер вясковай хаты і жанчына ў інтэр’еры напісаны з натуры. Тут ёсць адчуванне спыненага часу, пра які я казаў вышэй, згадваючы гарадскія краявіды. Але ў дадзеным выпадку палатно ўспрымаецца не канцэптуальнай пабудовай, а дакументальным сведчаннем. Краявід з манастыром мае рысы індывідуальнага стылю, прынамсі — бачны вектар стылёвага пошуку.

Яшчэ згадаю карціну “Дзяцінства” Кацярыны Хабібулаевай. Сюжэт немудрагелісты: дзеці, лета, вёска… Мастак малюе тое, што ведае. І таму карціне верыш. Гэтаксама, як і сюжэтнаму палатну “Хованкі” Ганны Марозька.

Мне даводзілася бачыць абароны дыпломаў у розных ВНУ культурнай скіраванасці. З гэтага я магу зрабіць выснову, што з усіх дызайнерскіх намінацый, прадстаўленых у гэткім дыпломным “шоу”, найбольш відовішчна і выйгрышна глядзіцца графічны дызайн. Відаць, тая акалічнасць і вызначыла дамінаванне ў экспазіцыі выстаўкі менавіта гэтай спецыялізацыі. Ёсць яшчэ аб’ёмны дызайн і аздоба інтэр’ераў, але яны прадстаўлены сціпла. Мяркуючы па экспазіцыі, менавіта дызайн і графіка ў розных праявах найбольш запатрабаваныя ў сацыякультурнай сферы і найбольш прывабныя для навучэнцаў Гомельскага каледжа мастацтваў. Тут прадстаўлены культурна-асветніцкія плакаты, які прапагандуюць нацыянальныя традыцыі (“Нашы легенды” Дар’і Мычко і “Купалле” Ганны Марчанка), плакаты сацыяльнай скіраванасці (“Ад сэрца да сэрца” Кацярыны Пярэчынай), аздоба ўпакоўкі (“Шакаладныя традыцыі” Яніны Бандарчык), арыгінальная трактоўка экалагічнай тэматыкі (серыя выцінанак “Захаваем прыроду Палесся” Яўгеніі Лапуховай), распрацоўка настольнай дзіцячай гульні (Настасся Слепянкова), кніжныя ілюстрацыі (Ксенія Варанько, Юлія Сыцько, Аляксандра Кажамякіна).

Відаць, графічны дызайн у Гомельскім мастацкім каледжы трактуюць вельмі шырока. Тую ж кніжную аздобу можна называць дызайнам кнігі, але ўсё ж такі вучаць гэтай справе на мастацкім факультэце/ддзяленні, а не на адзяленні дызайна. Прынамсі, так заведзена ў нашай Акадэміі. Мне даспадобы тое, у гомельскім каледжы дызайнерам спачатку ставяць руку і вока, вучаць маляваць, а потым толькі дапускаюць да камп’ютара. Такім чынам навучэнец прывыкае спадзявацца на самога сябе, а не на высокатэхналагічнае абсталяванне, якое пры патрэбе з любой сітуацыі вывезе. Ва ўсіх графічных дыпломах адчуваецца найперш рука аўтара, ягоны стыль. А камп’ютар тут не асноўны інструмент, а дапаможны. Асабліва я адзначыў бы згаданую вышэй работу “Захаваем прыроду Палесся”. Яна цалкам рукачынная. А тэхніка вытанчанай выцінанкі надзвычай удала перадае крохкасць навакольнага свету, дзе пэўныя праявы жыцця і прыгажосці могуць знікнуць ад неасцярожнага руху чалавека і створанай ім цывілізацыі. У канцэптуальным сэнсе гэта работа — выдатны дызайн. Дакладней, гэта выдатны дызайнерскі ход, які патрабуе сістэмнай дапрацоўкі.

Амбіцыйныя творчыя натуры звычайна не спыняюцца на сярэдняй мастацкай адукацыі. Каледж, вучылішча, тэхнікум для іх — толькі адна з прыступак кар’ернай лесвіцы. Таму і не дзіва, што многія выхаванцы сярэдняга адукацыйнага звяна імкнуцца паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, нават не адпрацаваўшы па размеркаванні. Ды і ВНУ разглядаюць згаданае сярэдняе звяно як сваю базу. Гэта цалкам лагічна: лепей мець абітурыентамі тых, хто мае пэўны прафесійны (і творчы) досвед, чым набіраць людзей “з вуліцы”, хай сабе і не пазбаўленых таленту. Мяркую, што менавіта пад гэту сітуацыю і самарэгулюецца навучальны працэс у мастацкіх і іншых культурнай накіраванасці каледжах, незалежна ад таго, як той навучальны працэс бачаць у вышэйшых інстанцыях.

Праўда, у тым жа Гомелі я гутарыў з мастаком, які някепска адчувае сябя і без вышэйшай адукацыі. Вучыць маляванню дзетак у школе мастацтваў, праз Інтэрнэт прадае свае работы. Ён і працу сваю любіць, і на творчасць час мае. І ўвогуле выглядае задаволеным… За яго можна толькі парадавацца.

Зрэшты, за тых, хто сцвярджае гомельскую мастацкую школу ў сталічных ВНУ я таксама рады і бачу пэўную сімволіку ў тым, што дыпломы Гомельскага каледжа сёння экспануюцца ў галерэі, названай іменем палешука, які ўславіў Палессе і зрабіў выдатную кар’еру ў сталіцы.

Мінск — Гомель — Мінск

Аўтар: Пётра ВАСІЛЕЎСКІ
спецыяльны карэспандэнт газеты "Культура"