Паляванне на ноты

№ 44 (1222) 31.10.2015 - 01.11.2015 г

Падмурак для брэндынгу Агінскага: ад “усяго нічога” да “пачаць і скончыць”
Святкаванне юбілею Міхала Клеафаса Агінскага калі не прагрымела, дык, прынамсі, прагучала на ўсю краіну. Няма сумневу: гэта імя трывала ўвайшло ў свядомасць мас. Вуліцы, установы, мастацкія імпрэзы, канцэрты, фестывалі, помнік, лаўка… А на паліцах крам нават з’явілася прысвечаная слыннаму роду… каўбаса. Так было не заўсёды. І хто б мог у свой час ведаць, што высілкі купкі энтузіястаў, якія ўзяліся за даследванне дасавецкай беларускай музыкі, спатрэбяцца вытворцам мясной прадукцыі! Пасля свята час згадаць пра гэтых энтузістаў ды праблемы іх будняў.

За свой кошт

— У звязку з угодкамі Агінскага заканамерна паўстае пытанне аб узнаўленні музычнай спадчыны Беларусі ў цэлым, — кажа доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Вольга Дадзіёмава. — Па вялікім рахунку, нам засталося “ўсяго нічога”— пачаць і скончыць. Безліч музычных помнікаў выяўлена і чакае асэнсавання, ды і адкрыццяў, пераканана, яшчэ вельмі шмат.

Даследчыца запэўнівае ў тым, што “ўводзіць” у грамадскую свядомасць у нас належыць багата імёнаў. Напрыклад, Андрэй Рагачэўскі (то бок, з Рагачова), Вацлаў з Шамотул, Цыпрыян Базілік, Крыштаф Клабан… Лік забытых і малавывучаных кампазітараў ды выбітных музыкантаў, чый лёс знітаваны з беларускімі землямі, ідзе ледзь не на сотні. Амаль пра кожную з гэтых постацяў спецыялісты могуць сёе-тое распавесці — балазе, цягам апошніх дзесяцігоддзяў імі было зроблена нямала.

— Наша пакаленне вучылася па падручніках, дзе сцвярджалася, быццам да 1917 года прафесійнай музыкі на Беларусі не існавала, — кажа Вольга Дадзіёмава. — Адпаведна, Беларусь — ці не адзіная краіна ў свеце, дзе пры жыцці аднаго пакалення здзейснена рэканструкцыя ўсіх музычных эпох — ад Рэнесансу да рамантызма, — выяўлены тысячы музычных помнікаў.

Прачытаўшы “падручнікавую” манаграфію даследчыцы “Гісторыя музычнай культуры Беларусі да ХХ стагоддзя”, можна скласці ў свядомасці даволі грунтоўнае ўяўленне пра гэтую частку нашай спадчыны. Праблема хіба ў тым, што наклад проста смешны: усяго 100 асобнікаў. Добра яшчэ, Акадэмія музыкі выклала кнігу ў Сеціва…

Кандыдат мастацтвазнаўства Святлена Немагай, якая зрабіла ці не найбольшы на Беларусі ўнёсак у “вяртанне” ды асэнсаванне спадчыны Агінскага, кажа літаральна тое самае: яе магнаграфія вышла сем гадоў таму накладам у 200 асобнікаў, прычым палову каштарысу давялося аплаціць самой аўтарцы. Грошай на перавыданне няма, і таму кніга стала бібліяграфічнай рэдкасцю.

А ўвогуле, выдавацца за свой кошт сярод знаўцаў беларускай музыкі стала ўжо ледзь не завядзёнкай. Таму і не дзіўна, што на міжнародных канферэнцыях айчынныя даследчыкі не могуць пахваліцца такімі шыкоўнымі кнігамі, якія дэманструюць калегі з суседніх краін.

— Разам з тым, — кажа Вольга Уладзіміраўна, — сёння мы маем вельмі шырокія магчымасці для працы, якія забяспечвае, у прыватнасці, Дзяржпраграма “Культура Беларусі”, а таксама акадэмічныя праекты.

Але выданне манаграфіі — гэта толькі “вішанька на торце”, якая завяршае доўгі перыяд даследваннняў. Ён уключае несупыннае архіўнае “паляванне” на ноты і ўвогуле карысную інфармацыю, дзе кожны станоўчы вынік успрымаецца як цуд.

Пошукі навобмацак

На пачатку 1980-х маладая выпускніца кансерваторыі па класе фартэпіяна Вольга Дадзіёмава вырашыла “пайсці ў навуку”. Паводле яе ўласнага прызнання, на той момант для яе было не надта прынцыпова, якой тэмай заняцца. Прафесар Іна Назіна прапанавала ёй сканцэнтраваць увагу на тагачаснай terra incognita: музычнай культуры беларускіх земляў у XVIII стагоддзі. Адзіная ўмова паступлення ў аспірантуру — самастойна знайсці патрэбныя матэрыялы.

— Тады я нават і не думала, што сустрэну на сваім шляху такія цяжкасці, — прызнаецца музыколаг. — Хаця ўжо амаль адразу зразумела: беларускія архівы тут наўрад ці дапамогуць. Але маці дала мне грошай, і я з аптымізмам неафіта выправілася ў Ленінград, Вільнюс, Варшаву…

Першыя вынікі архіўных пошукаў не суцяшалі: часам даводзілася вяртацца і з пустымі рукамі. Але ў выніку метадам спроб і памылак, а таксама дзякуючы парадам старэйшых калег, Вользе Дадзіёмавай удалося выпрацаваць свайго кшталту метадалогію.

— Натуральна, няма сэнсу шукаць у замежным архіве раздзел з беларускімі нотамі, — распавядае даследчыца. — А дзе іх знойдзеш у цэлым моры з мільёнаў дакументаў? Неўзабаве я зразумела: сярод фінансавых папер, якія тычацца вядомых беларускіх маёнткаў. Як выявілася, спаміж усяго іншага, там трапляюцца і закупкі нот. А як рэчыўны доказ, часта прыкладаюцца і самі ноты.

Менавіта такім чынам атрымалася адшукаць і творы таго ж Агінскага, і нібы незваротна згубленую оперу “Агатка” — першую ў свеце, дзе імя сялянкі было вынесена ў загаловак… У фінансавых дакументах трапляюцца таксама і кантракты з музыкантамі. Прыкладам, удалося высветліць, што ў Нясвіжы давялося папрацаваць знакамітаму чэшскаму кампазітару і піяністу Яну Дзюсэку.

З той пары ўжо шмат вады ўцякло. “Неафітка” стала карыфеем, зрабіўшы мноства адкрыццяў. Знойдзеныя Вольгай Дадзіёмавай творы гучаць у выкананні лепшых калектываў краіны. У даследчыцы сёння ёсць магчымасці для далейшых пошукаў, для камандзіровак, якія запланаваны і ажыццяўляюцца ў Акадэміі музыкі. Аднак выпраўляцца на “паляванне" на ноты магчыма далёка не ўсім.

— Шмат дзе за мяжой ёсць сістэма фінансавання даследчыцкіх праектаў, — кажа Святлена Немагай. — Адпаведна, навуковец можа атрымаць сродкі пад канкрэтныя мэты. У нас жа пакуль усё і сапраўды застаецца збольшага на ўзроўні асабістай ініцыятывы: і самі даследванні, і публікацыя назапашаных матэрыялаў.

Геаграфія пошукаў надзвычай шырокая, і ўключае яна не толькі сталіцы тых колішніх дзяржаваў, куды некалі ўваходзілі беларускія землі, але таксама і тыя краіны, куды з нашага краю вывозіліся каштоўнасці. Перадусім гэта, вядома, Германія, але… Прыкладам, Нясвіжскі канцыянал XVI стагоддзя ўдалося знайсці ў шведскай Упсале. Гэта не дзівіць, калі згадаць, што шведы не раз прыходзілі ваяваць на беларускія землі.

У мінулыя часы перад даследчыкамі паўставалі тыя праблемы, якія маладое пакаленне нават не можа сабе ўявіць. Прыкладам, як зрабіць копію. Ксераксаў тады не было, і даводзілася альбо здымаць на стужкавы фотаапарат, альбо… перапісваць ад рукі. Тым не менш, Вольга Дадзіёмава мяркуе, што моладзі ў гэтым сэнсе нават цяжэй. Проста з той прычыны, што бракуе азарту.

— Перашкода цяпер — у галовах, — пераканана яна. — У наш век — магчымасцей процьма. Прыкладам, раней мы нават і марыць не маглі паглядзець не выходзячы з дома прэм’еру ў Парыжы. Але… маладым часцяком бракуе жадання і імкнення, яны заклапочаныя і стомленыя сваімі жыццёвымі клопатамі.

Нашы ці не нашы?

У экспазіцыі музея Манюшкі, створанай яшчэ за савецкім часам, быў стэнд з красамоўнай фразай: беларускі народ ганарыцца тым, што на яго зямлі нарадзіўся выдатны польскі кампазітар. Вядома, сёння так ужо ніхто не напіша, але… вынесенае ў падзагалоўку пытанне па-ранейшаму застаецца актуальным для многіх. Хтосьці лічыць кампазітараў з тутэйшых земляў “сваімі ў дошку”, хтосьці — наадварот чужымі… Падаецца, толькі навукоўцы могуць дапамагчы грамадству знайсці абгрунтаваную і ўзважаную залатую сярэдзіну.

Вольга Дадзіёмава пераканана, што нацыянальная беларуская кампазітарская школа і сапраўды пачалася толькі ў мінулым стагоддзі. Адпаведна, савецкія падручнікі ў нечым, усё ж, мелі рацыю… Зрэшты, гэта цалкам вытлумачальна — асабліва калі згадаць, што і беларуская нацыянальная ідэя канчаткова сфарміравалася толькі ў пачатку ХХ стагоддзя.

— Атрымаўшы створаныя ў папярэднія эпохі ноты, мы былі моцна расчараваныя, — прызнаецца даследчыца. — Бо не знайшлі там ані разгорнутых цытат беларускага фальклору, ані выкарыстання беларускай мовы, ані іншых ферментаў нацыянальнага духу. Тлумачэнне простае: наша культура належыць да памежнага тыпу — як напрыклад, бельгійская альбо швейцарская. Іх функцыя — жывіць донарскай крывёю механізм еўрапейскай музыкі. Нацыянальныя кампазітарскія школы там склалаліся таксама даволі позна, але з гэтай нагоды там ніхто не камплексуе.

Таму даследчыкі выразна адрозніваюць два сінанімічныя, здавалася б, тэрміны: беларуская музыка і музыка Беларусі. Але лішне нават казаць, што і апошняя — таксама “наша”. Тым больш, многія кампазітары — як Манюшка альбо Мечыслаў Карловіч — актыўна выкарыстоўвалі ў сваіх творах мясцовы фальклор. Нават пры тым, што апошні правёў на беларускіх землях толькі першыя шэсць гадоў свайго жыцця. Альбо той жа Агінскі, які ведаў французскую мову ці не лепш, чым польскую…

— Гэта асоба вельмі супярэчлівая, але ва ўсіх перыпетыях ягонага жыцця пасочваецца жалезная логіка: ён заўсёды змагаўся за радзіму сваіх продкаў, за сваю зямлю, — кажа Вольга Дадзіёмава. — Ды і беларускую мову, напэўна, ведаў, бо апекаваўся сялянамі.

— Мяне вельмі цешыць, што сёння гэтая постаць не стала нагодай для канфрантацыі з іншымі народамі — дадае Святлена Немагай. — Агінскі ўспрымаецца кампазітарам, прыналежным адразу да некалькіх культур, і гэта сапраўды адпавядае рэчаіснасці.

Шансон Агінскага

Яшчэ нядаўна даследчыкаў старадаўняй музыкі Беларусі можна было пералічыць па пальцах. Але за апошнія дзесяцігоддзі сітуацыя змянілася, і цяпер выпадае казаць пра пераемнасць пакаленняў: колішнія аспіранты пераўтварыліся ў навукоўцаў і ўжо самі маюць вучняў.

Вольга Дадзіёмава спадязецца, што наступным важным крокам у гэтым працэсе стане хуткае адкрыццё ў Акадэміі музыкі спецыяльнасці (раней гэта была толькі спецыялізацыя) “музычная беларусістыка”. Прычым яна мае прызначацца не толькі для музыколагаў, але і для выканаўцаў — каб яны ад пачатку сваёй адукацыі спецыялізаваліся менавіта на музыцы старадаўняй Беларусі.

Гэта актуальна хаця б з той прычыны, што творы беларускай класікі ўваходзяць у рэпертуар лепшых айчынных калектываў. Згадайма хаця б тыя фестывалі, якія ўжо больш за 20 гадоў ладзіць Нацыянальны канцэртны аркестр Рэспублікі Беларусь. Там заўсёды “свежая” праграма, якая ўтрымлівае і бліскуча ўвасобленыя на сцэне нядаўнія адкрыцці. Ладзяцца яны, між іншым, пераважна ў малых гарадах, шторазу маючы нямала ўдзячнай публікі. Без сумневу, маэстра Міхаіл Фінберг вынайшаў выдатны спосаб вынесці плён архіўных даследванняў “на публіку”. А ў спалучэнні з выстаўкамі і навуковымі канферэнцыямі (матэрыялы якіх штогод выдаюцца ў спецыяльных зборніках), а таксама з канферансам Вольгі Дадзіёмавай, якая з’яўляецца навуковым кіраўніком такіх фэстаў, іх канцэрты становяцца сапраўднымі асветніцкімі мерапрыемствамі.

Гэтыя імпрэзы паставілі перад навукоўцамі новы выклік. Здавалася б, даследваць беларускую музыку ХХ стагоддзя куды прасцей, чым “сівую даўніну”, але…

— Калі Нацыянальны канцэртны аркестр запланаваў праграмы, прысвечаныя нашым класікам, я была амаль упэўнена ў тым, што знайсці іх ноты будзе вельмі лёгка, — распавядае Вольга Дадзіёмава. — Ці ў асабістых архівах аўтараў, ці ў музычным фондзе Саюза кампазітараў. Аднак, як выявілася, шукаць іх (а гэта робіць сам Міхаіл Якаўлевіч) даводзіцца па драбніцах. Рэканструяваць спадчыну ХХ стагоддзя не менш складана, чым ранейшых перыядаў.

Даследчыца марыць пра той час, калі гістарычныя разломы, што падзяляюць гэтыя перыяды, будуць навукова асэнсаваны і прааналізаваны, а ў краме можна будзе купіць грунтоўнае выданне па гісторыі, скажам, опернага мастацтва Беларусі альбо яе камерна-інструментальнай музыкі. Але ўсё адно яна цалкам пераканана, што “белыя плямы” застануцца, і працы на гэтай ніве ў даследчыкаў не паменее. Гэта пацвердзілі і нядаўнія адкрыцці, датычныя такой, здавалася б, вядомай постаці, як Агінскі.

— Як выявілася, яна ўсё яшчэ рыхтуе сюрпрызы даследчыкам, — кажа Святлена Немагай. — Не так даўно нам здавалася, што, прынамсі, музычны аспект дзейнасці Агінскага вывучаны ўжо цалкам, але нядаўнія архіўныя пошукі раптам выявілі мноства новых і нечаканых ягоных твораў. У іх ліку — нават песня ў жанры шансону і віланэлы! Пераканана, што адкрыццяў нас чакае яшчэ вельмі багата. І спадзяюся, што юбілейны год стане імпульсам для новых даследваняў. Бо кропку тут ставіць пакуль зарана.

І ўрэшце, рытарычнае пытанне? А чаму пра падобныя цікавыя знаходкі так рэдка можна даведацца ў СМІ?