“Жыццясны” Пятра Багданава

№ 2 (768) 13.01.2007 - 19.01.2007 г

“Жыццясны” — менавіта такую назву атрымала выстаўка беларускага жывапісца Пётры Багданава, якая праходзіць у адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі — Лагойску. Дарэчы, менавіта тут нарадзіўся і вырас мастак, упітаўшы ў сябе ўсю непаўторнасць і вобразнасць роднага краю.

/i/content/pi/cult/109/122/st9_1.jpgНа мой погляд, вельмі сімвалічна і правільна для любога творцы час ад часу вяртацца да родных мясцін, каб аддаць своеасаблівую даніну ці падзяку той зямлі, на якой ён нарадзіўся, тым людзям, якія былі побач з ім.

Назва “Жыццясны” вельмі ўдала адлюстроўвае лейтматыў выстаўкі. У беларускай мове ўвогуле шмат прыгожых словаўтварэнняў ад слова “жыццё”: жыццелюбівы, жыццядайны, жыццесцвярджальны, жыццядзейны. У дадзеным выпадку сэнс слова “жыццясны” — духоўная і фізічная дзейнасць жыцця, памножаная на мройнасць, летуценнасць сноў. І сапраўды, на палотнах П.Багданава мы бачым вобразы звычайных жанчын, але прасякнутых незямным эратызмам (ад чаго яны становяцца яшчэ прыгажэйшымі),ці знаёмыя лагойскія краявіды, у рысах якіх узгадваюцца мяккія ці пругкія жаночыя формы. І канешне, ні ў якім разе на яго палотнах нельга шукаць канкрэтнае імя жанчыны, бо ўсе яны проста вобраз той адзінай і непаўторнай, якая натхняла мастака ў той ці
іншы перыяд яго творчасці.

Цікава, як сам мастак расказвае пра свае працы: “Гэта нейкі вобраз, які жыве паза рэальнасцю. Твой пэндзаль вядуць не ўспаміны пра нешта канкрэтнае, а хутчэй жаданне чагосьці. Гэта ўвасабленне пачуццёвага на ўзроўні падсвядомасці. Жанчына—эта самае дасканалае, што стварыў Бог. На маёй роднай Лагойшчыне ўсё: пагоркі, лугі, узлескі, рачулкі — літаральна прасякнута пачуццёвасцю. Гэта сама жаноцкасць...”. І хаця ў шэрагу карцін П.Багданава выява жанчыны на палатне, як правіла, адна, але, дзякуючы варыяцыям колераў і ўнутранай энергетыцы твора, мы можам прасачыць за галоўнай тэмай — тэмай кахання. Ад нараджэння пачуцця да сталай усепаглынаючай жарсці.

Віталь ДУДАРЭНКА,
мастак, мастацтвазнаўца