На мой погляд, вельмі сімвалічна і правільна для любога творцы час ад часу вяртацца да родных мясцін, каб аддаць своеасаблівую даніну ці падзяку той зямлі, на якой ён нарадзіўся, тым людзям, якія былі побач з ім.
Назва “Жыццясны” вельмі ўдала адлюстроўвае лейтматыў выстаўкі. У беларускай мове ўвогуле шмат прыгожых словаўтварэнняў ад слова “жыццё”: жыццелюбівы, жыццядайны, жыццесцвярджальны, жыццядзейны. У дадзеным выпадку сэнс слова “жыццясны” — духоўная і фізічная дзейнасць жыцця, памножаная на мройнасць, летуценнасць сноў. І сапраўды, на палотнах П.Багданава мы бачым вобразы звычайных жанчын, але прасякнутых незямным эратызмам (ад чаго яны становяцца яшчэ прыгажэйшымі),ці знаёмыя лагойскія краявіды, у рысах якіх узгадваюцца мяккія ці пругкія жаночыя формы. І канешне, ні ў якім разе на яго палотнах нельга шукаць канкрэтнае імя жанчыны, бо ўсе яны проста вобраз той адзінай і непаўторнай, якая натхняла мастака ў той ці
іншы перыяд яго творчасці.
Цікава, як сам мастак расказвае пра свае працы: “Гэта нейкі вобраз, які жыве паза рэальнасцю. Твой пэндзаль вядуць не ўспаміны пра нешта канкрэтнае, а хутчэй жаданне чагосьці. Гэта ўвасабленне пачуццёвага на ўзроўні падсвядомасці. Жанчына—эта самае дасканалае, што стварыў Бог. На маёй роднай Лагойшчыне ўсё: пагоркі, лугі, узлескі, рачулкі — літаральна прасякнута пачуццёвасцю. Гэта сама жаноцкасць...”. І хаця ў шэрагу карцін П.Багданава выява жанчыны на палатне, як правіла, адна, але, дзякуючы варыяцыям колераў і ўнутранай энергетыцы твора, мы можам прасачыць за галоўнай тэмай — тэмай кахання. Ад нараджэння пачуцця да сталай усепаглынаючай жарсці.
Віталь ДУДАРЭНКА,
мастак, мастацтвазнаўца