Трыццаць тры гады. Мікалай Сацура: у ценю “Сяброў”, у дамашняй і харавой “капэлах” “сяброўства”

№ 13 (831) 29.03.2008 - 04.04.2008 г

Наша сустрэча плануецца, пераносіцца, зноў плануецца і зноў пераносіцца: у “Сяброў” — напружаны графік працы, пастаянныя гастролі, выступленні. А ў Мікалая САЦУРЫ, да ўсяго, і свой уласны расклад працы ў студыі, бо менавіта на ім ляжыць асноўны рэпертуарны цяжар ансамбля: ён і новыя песні стварае, і аранжыроўкі пастаянна робіць. Гэта яго праца была ацэнена найперш калегамі па цэху: ён стаў другім пасля Уладзіміра Мулявіна музыкантам, які быў прыняты ў Беларускі саюз кампазітараў, нягледзячы на адсутнасць у яго абавязковай паводле статута гэтай творчай арганізацыі спецыяльнай кампазітарскай адукацыі. А нядаўна М.Сацура атрымаў высокую дзяржаўную ўзнагароду — медаль Францыска Скарыны. На сцэне музыкант зазвычай выступае ў ролі гэткага “масавіка-забаўніка”, які сваёй апантанасцю быццам заклікае публіку спяваць разам з музыкантамі, “па-сяброўску”. Памятаючы пра гэта, настройваюся на святочна-прыўзнятую хвалю размовы. Нават рыхтую ўрачыста-віншавальную прамову, але так і не паспяваю яе “зачытаць”, здзіўленая філасофскім пачаткам гутаркі.

 /i/content/pi/cult/155/1219/Sacura.jpg
— Сапраўдная культура безабаронная, — кажа Мікалай, і я разумею: гэта зусім не пазёрства знакамітасці, не “праца на СМІ”, калі суразмоўца гаворыць акурат тое, што ад яго хацела б пачуць пэўнае выданне, а шчыра выпакутаваныя словы. — Культура — не музейны “карысны выкапень”, а жывая расліна, пра якую трэба клапаціцца: праполваць, паліваць, прышчэпліваць, абараняць ад шкоднікаў. Іначай яна спачатку зарасце пустазеллем, а потым увогуле знікне. Зло ўжо па прыродзе сваёй агрэсіўнае, дабрыня ж, калі яе не падтрымліваць, можа апынуцца на ўзбочыне. У кампазітараў рукі апускаюцца, калі вакол гучыць шмат дрэннай музыкі.

— І гэта гаворыце вы? Улюбёнец публікі, кампазітар, чыя творчасць запатрабавана болей, чым многіх іншых вашых калег?

— Ува мне гаворыць не крыўда. І я ўвогуле не за сябе перажываю: я прывык разлічваць на сябе самога, мая музыка гучыць. Але ж наша эстрада змяняецца не заўсёды ў лепшы бок.

— Мабыць, вы і над прычынамі задумваліся. Чаму ж так адбываецца?

— Як ні дзіўна, але гэта хвароба не ад нястачы, а, наадварот,— ад дастатку. Бо чым больш з’яўляецца магчымасцей, тым больш і спакусаў. І першая з іх — уяўная лёгкадаступнасць творчасці: маўляў, нічога не трэба прыдумваць, вышукваць, чакаць натхнення, мучыцца над кожнай нотай. У эпоху камп’ютэрызацыі можна “сачыняць”, збіраючы кампазіцыю з гатовых модуляў, бы ў дзіцячым канструктары. Хіба гэта творчасць? А другая спакуса — займацца музычным лакействам, прыслугоўваць слухачу ў якасці афіцыянта, які запытвае: “Чаго жадаеце?” — і хутчэй кідаецца выконваць замову, разлічваючы на чаявыя.

Сапраўдная ж музыка нараджаецца не штучна, не на канвееры — яна бярэ свой пачатак у душы. І набытыя веды, усё тэхнічнае абсталяванне, працэс самой тэхналогіі— гэта толькі дадатак, які здольны дапамагчы творчасці, а не замяніць яе сабой. Вядома, фонавая музыка таксама патрэбна, але і ў ёй павінна быць душа, іначай яна, мёртванароджаная, будзе ўносіць дысгармонію ў слухача. Тэхнагенная музыка падобна да кансерваў: у пэўнай сітуацыі скарыстаць можна, але ўвесь час ужываць адно кансерваваныя прадукты, пазбаўленыя вітамінаў,— шкодна для здароўя. У “перакладзе” на музыку — шкодна для духоўнага здароўя нацыі. Дый справа не толькі ў “закансерваванасці”! Сутнасць музыкі часта замяняецца прыгожай этыкеткай: на сцэне з’яўляюцца сімпатычныя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія ні спяваць не ўмеюць, ні адчуваць, ні думаць, ні, тым больш, даносіць свае меркаванні і пачуцці да слухача.

— Але ж у самой, як вы кажаце, “этыкетцы”, ва “ўпакаванасці” музыкі няма нічога дрэннага. Было б толькі што ўпакоўваць! Уласна кажучы, аранжыроўка таксама выступае ў ролі своеасаблівай этыкеткі.

— Вядома! І яна не можа арыентавацца выключна на танцавальнасць, павінны быць і іншыя варыянты — чым больш, тым лепш. На жаль, апошнім часам на эстрадзе ўсё меней музыкі канцэртнай, затое ўсё болей — ужытковай. І гэты дысбаланс узмацняецца яшчэ і тым, што ўжытковае мастацтва скіравана, у асноўным, на моладзь. А ёсць жа і іншыя пакаленні!

— Ансамбль “Сябры” якраз і запаўняе гэтую нішу. Вашы песні ведаюць і спяваюць усе, прыходзяць на канцэрты сем’ямі. Таму можна з упэўненасцю канстатаваць: тым самым вы, да ўсяго, садзейнічаеце ўмацаванню сям’і, услаўляеце сямейныя каштоўнасці, робячы свой важкі ўнёсак у фарміраванне здаровай нацыі. Дый у самім ансамблі вельмі проста вырашаецца праблема “бацькоў і дзяцей”: побач з Анатолем Ярмоленкам працуюць у складзе калектыву яго сын і дачка. Дарэчы, вашы дзеці таксама музыканты...

— У мяне ўся сям’я музычная, але кожны мае ўласны шлях. Жонка Святлана выкладае ігру на скрыпцы, арганізавала са сваіх навучэнцаў ансамбль скрыпачоў, я рабіў для яго аранжыроўкі. Дачцы Вользе 17 гадоў, яна вучыцца ў Мінскім музычным вучылішчы як піяністка. Любіць спяваць, летась удзельнічала ў тэлепраекце “Гукі школ”. Калі яна сама будзе прыкладаць намаганні, я, вядома, ёй дапамагу. Але спачатку яна павінна стаць самадастатковым музыкантам, а не разлічваць адно на бацькоўскую падтрымку. Больш вядомы мой старэйшы сын Станіслаў. Яму ўжо 25 гадоў, апошнім часам ён жыве і працуе ў Маскве. Шмат гастраляваў у складзе групы “Серёга”, зараз удзельнічаў разам з Максімам Сапацьковым, які выступае пад псеўданімам Макс Лорэнс, у адборачным туры на “Еўрабачанне” — ад Расіі. А ў свой час ён арганізаваў на Беларусі групу “Слэм-джэм”, у яе складзе выступаў на “Славянскім базары ў Віцебску”. Займаецца ён і аранжыроўкай, добра валодае камп’ютэрам. На маю думку, ёсць у Станіслава і патрэбная для эстрады энергетыка, і добры густ. А як там далей пойдзе, хто ж ведае?

— Вы лічыце, Масква для пачатку кар’еры — ледзь не абавязковая ўмова?

— Я патрыёт сваёй краіны, але нельга абмінаць такі моцны інфармацыйны цэнтр, як Масква. Папулярнасць “Сяброў” у свой час таксама пачыналася менавіта адтуль.

— Падзялюся цікавым назіраннем: песні “Сяброў” (а большасць з іх напісана якраз вамі) сталі для многіх нашых суайчыннікаў за мяжой своеасаблівым эталонам сучаснай беларускай эстрады. У прыватнасці, беларускі аматарскі ансамбль “Прымакі” з Беластока арыентуецца менавіта на ваш стыль, у тым ліку ў аранжыроўках.

— Але ж у нашым рэпертуары багата папулярных песень не толькі беларускіх аўтараў. Мабыць з-за гэтага расійская публіка часта ўспрымае наш ансамбль як канцэнтраваную выяву менавіта тамтэйшага эстраднага стылю. Бывалі нават выпадкі, асабліва на пачатку кар’еры, калі нас і там лічылі “сваім”калектывам, нават маскоўскім.

— “Сябры” як “сумесны” беларуска-расійскі стылёвы арыенцір? Тут ёсць над чым паразважаць. А што асабіста для вас было ў свой час прыкладам для пераймання?

— Ансамбль “Бітлз”, які, можна сказаць, “зламаў” маю кар’еру баяніста (а менавіта па гэтай спецыяльнасці я скончыў Гомельскае музычнае вучылішча імя Нестара Сакалоўскага). Я так зацікавіўся іх вакальным шматгалоссем, што сам пачаў працаваць у гэтым кірунку.

— Дык вось адкуль у вас імкненне да харавой музыкі! Апошнім часам вашы творы ў гэтым жанры паспяхова выконваюцца Дзяржаўным камерным хорам Беларусі на чале з Наталляй Міхайлавай. Спачатку некаторыя прызнаныя харавыя кампазітары ставіліся да з’яўлення вашага імя ў афішах такіх канцэртаў з недаверам: няўжо ён свае песні для хору перакладае? Аднак не: у вашых хорах, асабліва на народныя словы, ёсць адметнасць, нестандартнасць. Чаму ж тады адразу вы не пайшлі па харавым шляху?

— Мяне запрасілі ў толькі што створаны ансамбль — так і вырашыўся мой музычны “сяброўскі” лёс. Але ж і сваёй схільнасці да хору я не пакінуў: скончыў пазней Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры як харавы дырыжор. На выпускным іспыце дырыжыраваў, у тым ліку і сваімі ўласнымі харавымі творамі.

— Але ж гэтую спецыяльнасць вы скарыстоўваеце, зноў-такі, у “Сябрах”, дзе працуеце яшчэ і педагогам па вакале. Дый песні ў вас ёсць не проста шматгалосныя: “Сто гадоў” вы запісвалі з Нацыянальным акадэмічным народным хорам імя Цітовіча, “Дзеву Марыю” — з Дзяржаўным камерным хорам. Дык, можа, у вас і псіхалогія “ўдзельніка хору” склалася? Бо ў “Сябрах” вы ўвесь час знаходзіцеся быццам бы “ў ценю”. Тое, што большасць “сяброўскіх” песень напісалі вы, ведаюць нават не ўсе прыхільнікі ансамбля.

— Ну і што? Я ніколі не імкнуўся да публічнасці, славы, папулярнасці. У мяне, бывае, пытаюцца, чаго я столькі гадоў хаджу “ў падначаленых”, чаму не магу свой уласны калектыў арганізаваць. А навошта, калі я і тут магу рэалізаваць свае творчыя памкненні?

— У такім раскладзе ёсць і свой плюс: вам не трэба займацца арганізацыйнымі пытаннямі, адказваць за ўвесь калектыў, кіраваць ім, вырашаць іншыя праблемы. Вы можаце займацца адно творчасцю, не раскідваючыся на іншае.

— За мае 33 гады, праведзеныя ў “Сябрах”, мне не сорамна. І гэта галоўнае.

 

Гутарыла Надзея БУНЦЭВІЧ